У РАЁНЦЫ ЗАФІКСАВАНА Узлёт «Чайкі». Некалькі дзесяцігоддзяў прэстыж і папулярнасць аздараўленчага лагера «Чайка» трымаюцца на зайздросна высокім узроўні. Як было раней?

Вось ужо некалькі дзесяцігоддзяў прэстыж і папулярнасць аздараўленчага лагера «Чайка» трымаюцца на зайздросна высокім узроўні. Кожная змена ў летніку каля Галаўнінцаў запаўняецца,
што называецца, «пад завязку».

«Чайка» даўно стала сінонімам запамінальнага, цікавага, здаровага, бяспечнага адпачынку. У летніку створаны выдатныя ўмовы. Не менш важны і фінансавы аспект. Значную частку выдаткаў на аплату пуцёўкі бярэ на сябе дзяржава, дапамагаюць бацькам і прафсаюзы – выдзяляюць сродкі на частковую аплату пуцёўкі. І сёння цяжка паверыць у тое, што, напрыклад, тры дзесяцігоддзі назад гэты лагер адчуваў істотны недахоп адпачывальнікаў.
У «Ляхавіцкім весніку» за 10 чэрвеня 1994 года ў артыкуле «Нялёгкі ўзлёт «Чайкі» надрукавана: «За два дні да заезду было выкуплена толькі 45 пуцёвак са 100…». А гэта ўжо свежыя даныя: па інфармацыі цэнтра забеспячэння дзейнасці бюджэтных арганізацый за чэрвень –
жнівень 2024 года ўсе 395 пуцёвак у «Чайку» рэалізаваны.
Аналагічная сітуацыя па прынцыпе «было – ёсць» і з лагерамі дзённага знаходжання пры ўстановах адукацыі. У тым жа артыкуле «ЛВ»
за 10.06.1994 сказана: «…Адкрыццё лагераў, якія ствараліся пры школах, пераносіцца з дня на дзень усё па той жа прычыне ­­– адсутнасці грошай. На гэты раз – у раённага аддзела адукацыі».
За летнюю кампанію-2024 у 12 прышкольных лагерах аздаравіліся і набраліся сіл і эмоцый 340 хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце ад 6 да 14 гадоў. Што тычыцца аплаты за пуцёўку, то ў асноўным усе выдаткі на сябе бярэ дзяржава. Напрыклад, кошт пуцёўкі на 15 дзён у прышкольны лагер для дзяцей ва ўзросце ад 6 да 10 гадоў летам гэтага года склаў 124 рублі. Дзяржаўныя датацыі склалі 104 рублі, бацькі плацілі за пуцёўку ўсяго 20 рублёў.