Старшыня раённай ветэранскай арганізацыі: «Мая Ляхавіччына – клапатлівая, утульная для людзей розных узростаў»

Аляксандра МАТЧЭНЯ, старшыня раённай ветэранскай арганізацыі:
– Мая Ляхавіччына – клапатлівая, утульная для людзей розных узростаў, тут кожны – ад школьніка да пенсіянера – можа знайсці занятак па душы. Маё жыццё звязана з Ляхавіччынай больш за 40 гадоў. І магу сказаць, што апошнім часам і ўвогуле клопат, асабліва пра землякоў залатога ўзросту, становіцца ўсё больш актыўным. Ляхавічане, якія зараз на заслужаным адпачынку, адчуваюць, што іх вопыт, жыццёвыя здабыткі запатрабаваныя, іх з радасцю чакаюць не толькі ў калектывах, дзе яны працавалі, але і запрашаюць на сустрэчы з падлеткамі, моладдзю, на разнастайныя святы, што ладзяцца ў раёне. На Ляхавіччыне нямала магчымасцей для развіцця творчага патэнцыялу пажылых грамадзян. Запатрабаваныя ў землякоў шаноўнага ўзросту заняткі ў аддзяленні комплекснай падтрымкі ў крызіснай сітуацыі і дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН, у ДЮСШ. Больш за 30 гадоў дзейнічае народны вакальны ансамбль ветэранаў «Сівізна». Нямала прыхільнікаў і ў ветэранскага творчага калектыву «Неспакойныя сэрцы» з аграгарадка Востраў. Рады, што спонсары не пакідаюць без увагі мерапрыемствы для землякоў пажылога ўзросту, што ў чарговы раз пацвярджае: ляхавічане – неабыякавыя людзі.

Для тых, хто нарадзіўся ў прыгожым нашым краі, Ляхавіччына – малая радзіма. Нямала хто лічыць Ляхавіцкі раён сваёй другой радзімай. Сярод іх тыя, хто прыехаў вучыцца ці на першае працоўнае месца, знайшоў сваю другую палавінку і стварыў тут сям’ю, прыехаў пагасцяваць да знаёмых і застаўся… Усе мы – землякі, жыхары аднаго раёна, які адзначае 85-гадовы юбілей. Якой бачаць Ляхавіччыну яе жыхары – тэма чарговага апытання «ЛВ».