Трэнер-выкладчык ДЮСШ: «Мая Ляхавіччына – спартыўная»

Віктар БОГУШ, трэнер-выкладчык ДЮСШ:
– Мая Ляхавіччына – спартыўная. Калі вучыўся ў школе, то з задавальненнем наведваў секцыю па дзюдо і самба ў Ляхавіцкім саўгасе-тэхнікуме. Менавіта трэнеры прывілі любоў да заняткаў спортам і вызначылі маю будучую прафесію.
І вось амаль чвэрць стагоддзя трэнірую юных дзюдаістаў. Канешне, не ўсе становяцца чэмпіёнамі, але галоўнае, спорт робіць іх моцнымі, дужымі, актыўнымі і здаровымі. Прыемна, калі выхаванцы Ляхавіцкай ДЮСШ перамагаюць на розных спартыўных спаборніцтвах і ў іх гонар гучыць гімн Беларусі. З асаблівым гонарам адзначу сваіх выхаванцаў: неаднаразовага прызёра чэмпіянату Еўропы Уладзіслава Цярпіцкага, пераможцу адкрытага першынства Еўропы Кацярыну Рабцэвіч, бронзавага прызёра ІІ Гульняў краін СНД Эмілію Ксёнжык. І сёння займаецца нямала таленавітых рабят, пра якіх абавязкова яшчэ пачуем. У Ляхавіцкім раёне надаецца істотная ўвага стварэнню ўмоў для заняткаў дзіцячым спортам. Запатрабаваныя залы ДЮСШ, стадыён, варкаўт-пляцоўка, ФАК і ў дарослых жыхароў раёна. З кожным годам рэалізаваць свае спартыўныя магчымасці ў землякоў істотна больш, дзякуючы ў тым ліку і пастаяннаму дзяржаўнаму клопату.