На парадку дня – парадак і яго складнікі. Наколькі эфектыўна выкарыстоўваліся землі Ляхавіцкага раёна летась – адно з пытанняў пасяджэння райвыканкама

2025-ы аб’яўлены ў Беларусі Годам добраўпарадкавання. Як наводзіўся парадак і добраўпарадкавалася Ляхавіччына ў 2024-м, наколькі эфектыўна выкарыстоўваліся землі раёна летась – адно з пытанняў, што разглядалася на студзеньскім пасяджэнні райвыканкама.

Начальнік аддзела архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Марына Завадская нагадала, што кожны год для навядзення і падтрымання належнага санітарнага парадку ў раёне распрацоўваецца план мерапрыемстваў. Калі гаварыць пра 2024 год, то пастаўленыя задачы па навядзенні парадку, па словах дакладчыка, выкананы. А некаторыя з іх, напрык-лад, рэкультывацыя кар’ераў, прыцягненне земляў у абарот, знос пустуючых дамоў, выкананы нават з перавышэннем устаноўленых заданняў.
Марына Завадская падкрэс-ліла, што асаблівая ўвага звярталася на тое, як праводзіцца догляд аб’ектаў расліннага свету. У гэтым напрамку выкананы значны аб’ём работ па ліквідацыі драўнінна-хмызняковай расліннасці, асвятленні і фарміраванні крон зялёных насаджэнняў, навядзенні парадку ў парках, скверах.
Неаднойчы ўздымалася тэма навядзення парадку ў паласе адводу чыгуначнай дарогі на тэрыторыі нашага раёна. Работы былі пачаты яшчэ ў 2022 годзе, але за мінулыя тры гады істотных станоўчых вынікаў няма. Па-ранейшаму востра стаіць пытанне ўтрымання прыдарожных насаджэн-няў аўтамабільных дарог. Абслугоўваючыя арганізацыі (ДЭУ-24, ДЭУ-23, ДРБУ-200) недастаткова працуюць:
несвоечасова ачышчаюцца ад буралому, аварыйных,
сухастойных дрэў прыдарожныя палосы, не абразаюцца пашкоджаныя і сухія галіны дрэў, не ліквідуюцца драўнінна-хмызняковыя зараснікі.
Нямала на Ляхавіччыне робіцца для таго, каб раён быў сапраўды экалагічным і зялёным. У мінулым годзе пасаджана 780 дрэў і кустарнікаў, 15 тысяч кветак, выдалена 100 ава-
рыйных дрэў. Ляхавічане – дарослыя і дзеці – актыўна далучыліся да рэспубліканскіх акцый «Аднавім лясы разам» і «Тыдзень лесу». На жаль, і тут ёсць недапрацоўкі, канстатавала дакладчык. Яны маюць месца ў плане арганізацыі і належнага кантролю пры доглядзе пасадачнага матэрыялу, парушаюцца правілы санітарнай абрэзкі крон дрэў, што, у сваю чаргу, прыводзіць да іх высыхання і далейшага выдалення.
Важны этап навядзення парадку – добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый. У межах Дзяржаўнай праграмы «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе» на 2021–2025 гады
сярод найбольш значных аб’ектаў Марына Завадская назвала добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый дамоў № 7
і № 9 па вуліцы Чкалава, № 15 – па Інтэрнацыянальнай, № 12 – па Мінскай у райцэнтры. Работы па іншых адрасах будуць прадоўжаны сёлета. З нявырашаных канчаткова праб-лем – добраўпарадкаванне і абнаўленне дзіцячых пляцовак (пераважная большасць знаходзіцца на балансе КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ») двароў шматкватэрных дамоў. Эстэтычны і тэхнічны стан большасці гульнявых пляцовак не дазваляюць забяспечыць іх бяспечную эксплуатацыю. Гэты факт неаднаразова пацвярджаўся маніторынгам, што праводзіла аператыўная група райвыканкама, а таксама сумеснымі рэйдамі зацікаўленых службаў, у тым ліку з удзелам карэспандэнтаў «ЛВ». Марына Завадская адзначыла, што для стварэння належных умоў для бяспечнага адпачынку дзяцей на гульнявых пляцоўках кіраўніцтва камунгаса павінна распрацаваць план мерапрыемстваў па ўхіленні дэфектаў дзіцячага гульнявога абсталявання ў дварах дамоў.
Акрамя іншага, летась адрамантавана агароджа, гульнявыя вароты на футбольнай пляцоўцы, устаноўлены кольцы для гульні ў баскетбол – па вуліцы Інтэрнацыянальнай у Ляхавічах, зроблены бягучы рамонт трыбун гарадскога стадыёна «Колас».
Асветленасць гарадскіх і сельскіх вуліц – гэта не толькі ўтульнасць, камфорт, але і бяспека дарожнага руху.
У 2024 годзе падчас мадэрні-зацыі вулічнага асвятлення ў раёне заменена 880 свяцільняў і лямпаў на энергазберагальныя. На 2025 год запланавана замена 55 свяцільняў у аграгарадках і вёсках.
Утрыманне і аднаўленне вулічна-дарожнай сеткі – пытанне, якое на пастаянным кантролі раённай улады. За мінулы год сіламі Ляхавіцкага камунгаса і ДРБУ-200 праве-дзена рамонтная прафіліроўка дарог, вуліц агульнай працяг-ласцю 250 кіламетраў, нанесена больш за 20 кіламетраў дарожнай разметкі, устаноўлена 30
і адрамантавана 25 дарожных знакаў, пераабсталявана дарожнае пакрыццё на шэрагу гарадскіх вуліц і завулкаў, а таксама ў Малым Падлессі, зроб-лены бягучы рамонт участкаў аўтадарог, а таксама ямачны рамонт.
Марына Завадская нагадала, што рашэннем райвыканкама зацверджана раённая схема абыходжання з камунальнымі адходамі, якой вызначаны парадак збору і выдалення камунальных адходаў з кожнага населенага пункта, перыядычнасць вывазу другасных матэрыяльных рэсурсаў і замацаваны аб’екты іх захоўвання і пахавання. Як паказваюць маніторынгі санітарнага стану тэрыторый, аналіз зваротаў грамадзян, пытанняў, што задаюцца падчас работы інфармацыйна-прапагандысцкіх груп, сістэма збору, транспартавання і размяшчэння адходаў патрабуюць удасканалення. Грамадзяне самастойна ўтылізуюць і вывозяць ЦКА, раслінныя рэшткі, буйнагабарытнае смецце, што прыводзіць да ўтварэння
несанкцыянаваных сметнікаў. Для станоўчага вырашэння пытання неабходна прадоўжыць работу па будаўніцтве кантэйнерных пляцовак на тэрыторыі шматкватэрнай жылой забудовы і строга выконваць графік збору ЦКА ў насельніцтва.
Пераважная большасць прадпрыемстваў і арганізацый добрасумленна выконвае абавязкі па добраўпарадкаванні і навядзені чысціні на падведамасных тэрыторыях. Што тычыцца індывідуальнай жылой забудовы, то, як падкрэсліла Марына Завадская, не ва ўсіх землякоў сфарміравана правільнае ўяўленне аб парадку. Некаторыя ўласнікі індывідуальных жылых дамоў стварылі на сваіх участках антысанітарыю. Падчас маніто-рынгаў санітарнага стану тэрыторый спецыялістамі аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ выдадзена 53 прадпісанні аб навядзенні парадку, 12 рэкамендацый. З мэтай навядзення парадку ў 2024 годзе абследавана 200 пустуючых домаўладанняў, 41 домаўладанне знесена, у выніку чаго ўцягнута ў
гаспадарчы абарот 13 гектараў зямлі, прададзена 20 пустуючых дамоў.
Аб зробленым у плане добраўпарадкавання ў мінулым
годзе праінфармавалі кіраўнікі санітарнай, прыродаахоўнай, землеўпарадкавальнай службаў.
Старшыня райвыканкама Мікалай Мароз падкрэсліў, што па-ранейшаму недапрацоў-ваюць наглядныя службы, не павінна быць фармальнага падыходу да кантролю за ходам навядзення парадку.
Неабходна ставіць канкрэтныя задачы як перад кантра-люючымі службамі, так і перад прадпрыемствамі і арганізацыямі аб навядзенні парадку на падведамасных тэрыторыях. Больш актыўнасці патрабуецца і ад старшынь сельвыканкамаў, якія павінны ставіць задачы ў плане добраўпарадкавання перад кіраўнікамі прадпрыемстваў і арганізацый, што знаходзяцца на тэрыторыі сельсаветаў.

Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара.