Хрысціянскія традыцыі вучаць стваральнасці. На Ляхавіччыне прайшла Калядная алімпіяда
Пяты год падчас калядных святаў своеасаблівы экзамен трымаюць навучэнцы школ Ляхавіччыны, якія на працягу навучальнага года займаюцца ў раённым рэсурсным цэнтры па духоўна-маральным выхаванні, што працуе на базе Дараўскай сярэдняй школы.
У мінулую пятніцу тут чарговы раз прайшла Калядная алімпіяда.
У пазнавальна-святочным мерапрыемстве прынялі ўдзел больш за 40 навучэнцаў, а таксама педагогі Конькаўскай, Дараўскай, Начаўскай, Жарабковіцкай, Мала-гарадзішчанскай СШ, прадстаўнікі духавенства, госці. Адкрываючы алімпіяду, старшыня райвыканкама Мікалай Мароз падкрэсліў, што важна зберагаць хрысціянскія традыцыі, заснаваныя на павазе да сваіх блізкіх, яны вучаць ствараць, быць міралюбівымі людзьмі. Кіраўнік раёна пажадаў кожнаму ўдзельніку алімпіяды поспехаў і ўручыў кнігу «Храмы Брэстчыны» настаўніку рэсурснага цэнтра настаяцелю прыхода храма Мікалая Цудатворца ў Дараве іерэю Іаану Ніканчуку.
Рабяты і дарослыя ў пісьмовай форме дэманстравалі веды па гісторыі праваслаўя. Дарэчы, сёлета ўпершыню да каманд навучэнцаў, педагогаў, гасцей далучылася і каманда бацькоў выхаванцаў рэсурснага цэнтра, якія таксама наведвалі тутэйшыя заняткі.
– Кожны ўдзельнік алімпіяды праходзіць чатыры этапы. Адказвае на пытанні па тэме «Нараджэнне Хрыстова», рашае крыжаванку, прымае ўдзел у пісьмовым духоўна-патрыятычным бліц-апытанні, адказвае на блок пытанняў па тэме «Жыціе святых», – расказвае кіраўнік рэсурснага цэнтра намеснік дырэктара Дараўскай СШ Святлана Бірукова.
Не толькі інтэлектуальнымі іспытамі запомніцца алімпіяда. Чацвёртакласнікі Дараўскай СШ разам з настаўніцай Святланай Горка паказалі тэатралізаванае прадстаўленне «Марозка».
Пераможцам і прызёрам Каляднай алімпіяды былі ўручаны дыпломы і падарункі, а салодкія пачастункі атрымалі ўсе яе ўдзельнікі.
Мацвей СІТУН, навучэнец 9-га класа Конькаўскай СШ:
– Не першы раз удзельнічаю ў Каляднай алімпіядзе. Быў нават сярод пераможцаў, маё сачыненне прызнана адным з лепшых. Мне цікава займацца ў рэсурсным цэнтры. Лічу, што неабходна ведаць гісторыю праваслаўя, шанаваць традыцыі. Мая бабуля вельмі веруючы чалавек, наведвае храм, прытрымліваецца пастоў. Яшчэ мне падабаецца атмасфера на алімпіядзе, у рэсурсным цэнтры знайшоў нямала сяброў.
Дзіна ТРЫБУХ, жыхарка вёскі Лабузы:
– Мая дачка Марыя, якая вучыцца ў шостым класе Дараўскай сярэдняй школы, з мінулага года наведвае рэсурсны цэнтр. Яна сама выказала такое жаданне, а сям’я яго падтрымала. Сапраўды важна, каб дзеці ведалі вытокі, гісторыю, у тым ліку і рэлігійную. У Лабузах жывуць прадстаўнікі розных веравызнанняў – праваслаўныя, католікі, пратэстанты. Адносіны паміж людзьмі – шчырыя, добрыя, пазітыўныя, міралюбівыя. На занятках у рэсурсным цэнтры расказвюць пра біблейскія каноны, пра тое, што неабходна шанаваць Бога і з любоўю адносіцца да блізкіх. Згадзілася на ўдзел у алімпіядзе, каб падтрымаць дачку і праверыць свае веды.
Жанна ВАСІЛЕЎСКАЯ, настаўнік Малагарадзішчанскай СШ:
– Для мяне ў якасці ўдзельніка гэта Калядная алімпіяда другая. Пытанні няпростыя. Буду старацца адказаць правільна, каб не сорамна было перад рабятамі. Хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем займаюцца ў рэсурсным цэнтры, дзе не толькі выкладаюцца асновы праваслаўя, але і выхоўваюцца такія якасці, як дабрыня, міласэрнасць, суперажыванне, любоў.
Падрыхтавала Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.