Наш юбілей – нашы дасягненні! Ляхавіччына падводзіць мінулагоднія вынікі ў аздабленні прыгожай даты – 15 студзеня наш раён святкаваў 85-гадовы юбілей з дня ўтварэння

 Ляхавіччына падводзіць мінулагоднія вынікі ў аздабленні прыгожай даты – 15 студзеня наш раён святкаваў 85-гадовы юбілей з дня ўтварэння. У такіх прыгожых і важкіх акалічнасцях прайшло пасяджэнне гаспадарчага актыву Ляхавіцкага раёна. А пачалося ўсё з патрыятычнага флэшмобу ад агракаляджан на плошчы Леніна

Лакацыя сустрэчы – гарадскі Дом культуры – гэтым днём стала
выставачным комплексам, які аб’яднаў пад адным дахам прамысловыя, культурныя, адукацыйныя, спартыўныя, сельскагаспадарчыя вынікі раёна. Кожны элемент агульнай святочнай імпрэзы прысвечаны роднаму краю, яго здабыткам
і гісторыі, землякам, чые імёны гучаць брэндава, і суайчыннікам, якія штодня куюць сённяшні дзень Ляхавіччыны.

За вынікамі – праца ляхавічан!
Справаздачу перад гаспадарчым актывам раёна трымаў старшыня райвыканкама Мікалай Мароз. Ляхавічане адзначылі не адну знакавую падзею. У стужцы раённага жыцця – электаральная кампанія, 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, Дзень Перамогі. Загучалі па-іншаму Марынова, дзе з’явіўся помнік спаленым вёскам раёна ў гады вайны, Курган Славы, дзе і сёлета далей запланаваны работы па рэканструкцыі абеліска.
Год якасці нібы стаў рухавіком у рабоце прадпрыемстваў і арганізацый Ляхавіччыны.
– Вынікі 2024 года паказваюць, што эканоміка раёна спрацавала з апераджэннем устаноўленых прагнозных заданняў па большасці паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця. Па выніках 2024 года чакаецца выкананне 8 з 13 паказчыкаў, – адзначыў Мікалай Мароз.
2024 год стаў «сярэбраным» для нас падчас жніва – Ляхавіччына заняла другое месца ў абласным спаборніцтве. Рост дэманструюць вынікі жывёлагадоўлі, раслінаводства. Варта адзначыць, стратных і непла-цежаздольных сельскагаспадарчых арганізацый у раёне па выніках
работы за мінулы год няма. Фінансавы стан сельскагаспадарчых арганізацый палепшыўся.


Тое ж тычыцца і прадпрыемстваў прамысловага комплексу. З пачатку пяцігодкі раён планамерна павялічваўся ў аб’ёме інвестыцый у асноўны капітал. Калі па выніках
2020 года ў эканоміку накіравана каля 48,8 мільёна рублёў, то за 11 месяцаў бягучага года – амаль 83 мільёны.
У прыярытэце любой галіны дзейнасці – высокі ўзровень жыцця беларусаў. За гэтым стаіць павышэнне якасці і даступнасці жылля, транспартнай і камунальнай інфраструктуры. У мінулым годзе ў эксплуатацыю ўведзена 6 974 квадратныя метры жылля. Больш за 13 кіламетраў газаправода ўведзена ў эксплуатацыю.
Дзяржаўная ўвага накіравана на тое,
каб жыццё землякоў было максімальна камфортным, якасным, зручным.
Цікавы факт прагучаў падчас справаздачы: на Ляхавіччыне павялічваецца колькасць шматдзетных сем’яў. Сёння ў раёне пражывае 373 шматдзетныя сям’і.
Не падвяла сацыяльная сфера – у розных галінах вынікі адчувальныя. Адукацыя, спорт, культура, медыцына, сацыяльная абарона – Ляхавіччына на вышыні. У мінулым годзе была зроблена праектная дакументацыя па аб’екце «Будаўніцтва шматфункцыянальнага спартыўнага комплексу ў г. Ляхавічы». А значыць, чакаецца будаўніцтва басейна. У бягучым годзе запланавана набыццё перасовачнага медыцынскага комплексу (ФАПа), што дасць магчымасць значна палепшыць
медыцынскае абслугоўванне насельніцтва аддаленых населеных пунктаў.
Грандыёзныя планы ў 2025 годзе чакаюць будынак былой Тальмінавіцкай СШ: там чакаецца рэканструкцыя пад аддзяленне кругласутачнага знаходжання грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў. Таксама запланаваны пачатак будаўніцтва шматкватэрнага жылога дома з памяшканнем для цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.
– Сёння зацвярджаем праграму развіцця раёна па ўсіх галінах на 2025 год. З дакладным разуменнем, што і калі мы абавязаны зрабіць. Праца вертыкалі ўлады будзе сканцэнтравана на вырашэнні праблем жыццезабеспячэння ўсіх катэгорый насельніцтва, захаванні стабільнай сітуацыі ў грамадстве, падтрыманні бесперапыннага дыялогу «ўлада – людзі», фарміраванні і ўмацаванні пазітыўнага стаўлення да традыцыйных сямейных каштоўнасцей і здароўя. Прыярытэтнай задачай у Год добраўпарадкавання будзе навядзенне парадку на зямлі і добраўпарадкаванне населеных пунктаў. Работа па ўсіх аб’ектах, добраўпарадкаванні павінна быць сістэмнай, добра арганізаванай і спланаванай, каб не распыляць намаганні і рэсурсы, – падагульніў Мікалай Мароз.
Шмат цёплых слоў гучала ў адрас раёна і яго жыхараў ў прывітальным адрасе старшыні аблвыканкама
Пятра Пархомчыка, які агучыў першы намеснік старшыні аблвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі.

Узнагароды – працавітым землякам
У сельскагаспадарчым раскладзе раёна ЗАТ «Фораланд» зарэкамендаваў сябе перспектыўнай гаспадаркай з унушальнымі вынікамі. Дзмітрый Гарадзецкі ўручыў кіраўніку таварыс-
тва Андрэю Панчкоўскаму дыплом ІІІ ступені па выніках абласных спаборніцтваў за дасягненне высокіх паказчыкаў у вытворчасці цукровых буракоў у 2024 годзе.
Прыемным сюрпрызам для ўдзельнікаў пасяджэння гаспадарчага актыву раёна сталі відэавіншаванні землякоў, для якіх Ляхавіччына – малая радзіма. Родны куток – крыніца натхнення і сілы, традыцый і жыцця.
За кожным дасягненнем – лёс чалавека, за кожным рэкордам – нястомная праца ляхавічан. Традыцыйна на пасяджэнні віншаванні прымаюць землякі, якія за высокія дасягненні ў працы і вялікі асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё Ляхавіцкага раёна ўдастоены звання «Чалавек года».

Апладысменты ляхавічанам, якія ўслаўляюць зямлю сваёй працай, шчыруюць на дабрабыт землякоў, віншаванні людзям, якія сёлета ўпрыгожаць сваімі партрэтамі Галерэю славы раёна. Ляхавіччына вамі ганарыцца!
Свята заўжды шчырае на віншаванні і ўзнагароды. У гэты дзень таленавітыя, руплівыя, адказныя землякі – прадстаўнікі арганізацый і прадпрыемстваў атрымалі сваю хвіліну добрых і шчырых слоў.
Старшыня райсавета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч у святочнай атмасферы ўручыў заслужаныя ўзнагароды. Па выніках конкурсу сярод сельскіх Саветаў дэпутатаў пераможцам прызнаны Востраўскі сельскі Савет дэпутатаў (старшыня – Дзмітрый Гібеж).
Дыпломы атрымалі і лепшыя старасты. Першае месца ў Мікалая Піліневіча (вёска Вялікая Лотва), другое месца – у Сяргея Ваўчка (вёска Тухавічы), трэцяе месца – у Ларысы Глеб (аграгарадок Падлессе і вёска Улазавічы).
Святочны марафон працягнуў першы намеснік старшыні райвыканкама Васілій Пыжык.
Пераходныя Ганаровыя сцягі Ляхавіцкага раённага выканаўчага камітэта за дасягненне найвышэйшых паказчыкаў па вытворчасці бульбы і па рэалізацыі мяса ў 2024 годзе адпраўляюцца ў СВК «Ляхавіцкі»; па вытворчасці збожжа і цукровых буракоў – ЗАТ «Фораланд»; па вытворчасці рапсу – ААТ «Шлях новы»; за дасягненне
найвышэйшых паказчыкаў па рэалізацыі малака – ЗАТ «Белпрампрыбор».
ЗАТ «Фораланд» сёлета «залаты» прызёр спаборніцтваў за дасягненне высокіх паказчыкаў у вытворчасці цукровых буракоў.
Віталі на святочнай сцэне пераможцаў штогадовага агляду-конкурсу на лепшае добраўпарадкаванне і санітарны стан тэрыторый горада. Намеснік старшыні райвыканкама Аляксей Галяк уручыў дыпломы пераможцам у сваіх намінацыях Ляхавіцкаму раёну газазабеспячэння, Ляхавіцкаму ПМС, дзіцячаму садку № 4 г. Ляхавічы.
Зорная хвілінка чакала пераможцаў штогадовага раённага агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю ідэалагічнай работы. Сёлета імі сталі Ляхавіцкае ПМС, Сярэдняя школа № 2, ААТ «Шлях новы».
Узнагароды перапляталіся з творчасцю калектываў раёна – у песнях, танцавальных кампазіцыях, вершах, кадрах на экране – жыццё ляхавічан. 85 гадоў – адрэзак значны, гісторыя перамог і дасягненняў, пераадолення складанасцяў і выхад на вяршыні. Няхай і далей кожны юбілей раён сустракае творча, шчодра на вынікі і рэкорды, а, галоўнае, у коле шчаслівых землякоў!
Маргарыта Кухта-Маслоўская.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.