Будучыню будуем сёння. Пытанні дзяржаўнай важнасці – у цэнтры ўвагі на сустрэчах памочніка Прэзідэнта – інспектара па Брэсцкай вобласці

Пытанні дзяржаўнай важнасці – у цэнтры ўвагі на сустрэчах памочніка Прэзідэнта – інспектара па Брэсцкай вобласці Валерыя Вакульчыка.

У мінулы чацвер прайшоў адзіны дзень інфармавання насельніцтва. Памочнік Прэзідэнта – інспектар па Брэсцкай вобласці Валерый
Вакульчык у гэты дзень працаваў у Ляхавіцкім раёне.
Спачатку сустрэўся з працоўным калектывам СААТ «Ляхавіцкі малочны завод». Электаральная кампанія – адна з асноўных тэм сустрэчы.
Валерый Вакульчык правёў паралель з кампаніямі па
выбарах Прэзідэнта ў іншых дзяржавах. Размова ішла
і пра палітыку двайных стандартаў краін Захаду ў дачыненні Беларусі.
– Удзел у выбарах Прэзідэнта краіны – права і грамадзянскі абавязак кожнага беларуса. Ніхто не прыйдзе і не зробіць наша жыццё лепшым. Мы разам у адказе за будучыню нашай краіны. Вось чаму важна прыйсці на выбарчы ўчастак і аддаць голас за дастойнага кандыдата на пасаду Прэзідэнта. Гэта павінен быць чалавек, якому давярае народ, – падкрэсліў памочнік Прэзідэнта – інспектар па Брэсцкай вобласці.
Разважаючы, якімі былі апошнія 30 гадоў для Беларусі, Валерый Вакульчык прывёў цікавыя факты, лічбы статыстыкі на прыкладзе
Брэстчыны. Сапраўды, дасягненні ўнушальныя як у эканоміцы, так і ў сацыяльнай сферы. Галоўнае, краіна выбрала шлях стабільнасці і росквіту, людзі жывуць у суверэннай дзяржаве пад мірным небам. Нямала станоўчых змяненняў за апошнія тры дзесяцігоддзі адбылося і на Ляхавіччыне, асабліва яны адчувальныя ў сельскай гаспадарцы. Адкрываюцца новыя вытворчасці, больш даступнай, у тым ліку ў сельскай мясцовасці, становіцца медыцына. Канструктыўным атрымаўся і дыялог. Завадчане задавалі розныя пытанні.
Напрыклад, непакояць аптымізацыя ўстаноў аховы здароўя Ляхавіччыны, скарачэнне ложкаў у бальніцы. Валерый Вакульчык падкрэсліў, што пытанне аптымізацыі ўстаноў аховы здароўя па-ранейшаму актуальнае. Разам з тым Прэзідэнт Беларусі
Аляксандр Лукашэнка пастаянна накіроўвае на тое, каб у вёсках і райцэнтрах жыхары атрымлівалі неабходны комплекс медыцынскіх паслуг, не менш разнастайны, чым у абласных цэнтрах ці сталіцы. Яшчэ адна актуальная для завода тэма – адмена ці частковае зняцце санкцый супраць Беларусі.
Напрыканцы размовы Валерый Вакульчык падзякаваў завадчанам за плённую работу, выпуск якаснай прадукцыі і адзначыў, што Ляхавіччына робіцца ўсё больш добраўпарадкаванай і ўладкаванай.
У гэты ж дзень Валерый Вакульчык правёў сустрэчу з навучэнцамі і работнікамі Ляхавіцкага аграрнага каледжа.
– Вы атрымліваеце неабходную і запатрабаваную аграрную спецыяльнасць. Як дыпламаваных спецыялістаў вас чакае гарантаванае першае працоўнае месца. Вырашаецца жыллёвае пытанне, прадугледжаны і іншыя льготы маладому спецыялісту. Усё гэта – дзякуючы дзяржаўнай маладзёжнай палітыцы, – сказаў Валерый Вакульчык, звяртаючыся да навучэнцаў каледжа.


Што дала прэзідэнцкая ўлада Беларусі і беларусам, што зроблена апошнім часам у краіне і кожным рэгіёне, якія задачы стаяць на бліжэйшую перспектыву – тэмы, якія прагучалі ў выступленні. Агракаляджане скарысталіся магчымасцю і пацікавіліся ў Валерыя Вакульчыка пра яго захапленні, як праводзіць вольны час і многае іншае.
Таксама Валерый Вакульчык сустрэўся з агракаляджанамі, якія сёлета ўпершыню прымуць удзел у адказнай кампаніі ў якасці выбаршчыкаў.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.