З любой стыхіяй на «ты». Гэта пра ляхавіцкіх выратавальнікаў, якія 19 студзеня адзначаюць прафесійнае свята

Іх не спалохаеш ні агнём, ні вадой, ні нават гняздом вос ці клубком змей. Гэтыя людзі смелыя і мужныя, неабыякавыя і надзейныя, адказныя і гатовыя заўжды прыйсці на дапамогу кожнаму, хто трапіў у надзвычайную сітуацыю. Яны – супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, прафесіяналы, якіх не стрымаюць нават самыя неспрыяльныя ўмовы надвор’я ці высокая ступень рызыкі.

– Ляхавіцкі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях невялікі – тут працуе 62 чалавекі, – але зладжаны, надзейны, узаемазамяняльны і дружны калектыў. Адназначна, мы – згуртаваная каманда прафесіяналаў, дзе кожны на сваім месцы і адказна выконвае ўскладзеныя абавязкі. Нашы супрацоўнікі выконваюць шырокі спектр пажарных і аварыйна-выратавальных работ: лікві-дацыя пажараў, выратаванне пацярпелых, разбор завалаў, выратавальныя работы пры дарожна-транспартных здарэннях і на вадзе, ліквідацыя тарфяных і лясных пажараў і іншае. У адной звязцы мы не толькі на службе, разам стараемся адзначаць і святы, прафесійныя не выключэнне. Прыклад ва ўсім – шаноўныя ветэраны РАНС, у якіх вучыліся і прадаўжаюць пераймаць вопыт сённяшнія супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Мы ўдзячны ім за школу мужнасці, вытрымкі і майстэрства, – адзначае начальнік РАНС Юрый Буйкевіч.
Сярод лепшых падраздзяленняў РАНС Юрый Буйкевіч называе пажарны аварыйна- выратавальны пост № 14 у Шчэрбаве.

Напярэдадні прафесійнага свята – Дня выратавальніка, які ў Беларусі традыцыйна адзначаецца 19 студзеня, – карэспандэнты «ЛВ» завіталі на ПАВП № 14. Выратавальную вахту ў гэты дзень неслі старшы інструктар-выратавальнік старшына пажар-най службы Павел Дыдышка і вадзіцель прапаршчык пажарнай службы Віктар Янушкевіч
(на здымку). Акрамя іх у тутэй-шым падраздзяленні служаць Аляксандр Кісляк, Дзмітрый Ліхач, Аляксандр Заплёцін, Уладзіслаў Касюк, Васілій Шчарбіцкі. Узначальвае падраздзяленне Іван
Негарожын.
Самы вопытны з гэтай каманды Віктар Янушкевіч, які мае 26-гадовы стаж пажарнай службы.
– Уладкаваўся ў РАНС у 1998 годзе адразу пасля службы ў арміі. Чаму выбраў менавіта такую прафесію? Мой брат таксама пажарны-выратавальнік, вырашыў прадоўжыць дынастыю. Увогуле, лічу прафесію ганаровай і прэстыжнай. Доўгі час нёс службу камандзірам аддзялення ў Ляхавічах, потым перайшоў сюды ў Шчэрбава, бліжэй да дома – з сям’ёй жыву ў Ліпску, на сваёй малой радзіме. Думаю, што на мне дынастыя Янушкевічаў-пажарных не спыніцца. 14-гадовы сын Дзмітрый рыхтуецца стаць выратавальнікам. Выбар сына падтрымліваю, – адзначае Віктар Янушкевіч.
Як і многія прадстаўнікі гэтай мужнай прафесіі, ён не любіць шмат расказваць пра сябе. Толькі вось падкрэслівае, што асабліва цяжка ехаць на выклік, калі ведаеш, што ў доме ці кватэры, дзе пажар, ёсць людзі, тады думкі толькі пра тое, як паспець іх выратаваць.
– У сотні надзвычайных сітуацый, на ліквідацыю якіх выязджаў Віктар Янушкевіч, ён заўжды дэманструе вытрымку, спрыт, прафесійныя ўменні і навыкі. У яго вучацца больш маладыя калегі, – расказвае інспектар РАНС Таццяна Калгушкіна.
Віктар Янушкевіч гаворыць, што ў маладых калег яму таксама ёсць чаму павучыцца, яны больш мабільныя, камунікабельныя, хутка адаптуюцца ў прафесіі, несці службу з імі спакойна. Павел Дыдышка (дарэчы, таксама з аграгарадка Ліпск) менавіта з такіх супрацоўнікаў РАНС. У прафесіі малады чалавек амаль пяць гадоў.
– Падчас тэрміновай службы ва Узброеных Сілах служыў у танкавых войсках. Так што пэўная паралель са службай у РАНС ёсць: у абодвух выпадках на ўзбраенні магутная тэхніка. Добра памятаю свой першы выезд на ліквідацыю надзвычайнай сітуацыі. Гэта было маё трэцяе дзяжурства ў РАНС. Званок аб пажары ў жылым доме ў Падбароччы паступіў ноччу. Выехала адразу чатыры пажарныя машыны. Агонь тады ліквідавалі, а вось выратаваць чалавека, на жаль, не ўдалося. І гэта самае цяжкае ў нашай прафесіі, – адзначае Павел Дыдышка. Пра старэйшага калегу Віктара Янушкевіча гаворыць з выключ-най павагай: «Нам камфортна служыць разам. У нашай службе галоўнае – узаемадзеянне. Кожная змена, каравул – адна каманда. Стараемся як мага часцей адпрацоўваць розныя сітуацыі падчас трэніровак,
бо, як вядома, цяжка ў вучэнні – лёгка ў баі».
Сучасны выратавальнік – чалавек, які павінен мець выключную фізічную падрыхтоўку, валодаць сумежнымі спецыяльнасцямі (быць адначасова і пажарным, і альпіністам, і вадалазам), умець карыстацца рознымі інструментамі і абсталяваннем, граматна аказваць першую медыцынскую дапамогу. Ляхавіцкія выратавальнікі ўсімі гэтымі навыкамі валодаюць. А падтрымліваць добрую фізічную форму дапамагаюць пастаян-ныя заняткі ў спортгарадках, якія ўладкаваны ў кожным падраздзяленні РАНС.
«ЛВ» віншуе калектыў РАНС, ветэранаў пажарнай службы з прафесійным святам!

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.