Як добраўпарадкавалася ў Ляхавічах зона адпачынку? У новым выпуску спецрубрыкі «У РАЁНЦЫ ЗАФІКСАВАНА «

Напэўна, многія ляхавічане старэйшага ўзросту памятаюць, якой калісьці была прыбярэжная паласа ракі Ведзьмы ў нашым райцэнтры. Гэты ўчастак гарадской тэрыторыі зарос дрэвамі і кустоўем, нагадваў невялікі лясок, дзе да чысціні далёка. Ды і сама рэчка абмяльчэла, зарасла водарасцямі, купацца было небяспечна для здароўя.

Напрыканцы мінулага стагоддзя раённай уладай было прынята рашэнне ўладкаваць на беразе Ведзьмы гарадскую зону адпачынку. Ляхавічане ўзяліся за работу зноў жа талакой. Раёнка ўважліва сачыла за пераўтварэннямі на зоне адпачынку. Так, у № 50 за 30.06.1999 у артыкуле «Будзе ў Ляхавічах зона адпачынку» размова ішла
пра тое, што пачалі рабіць, і як важна дапамога неабыякавых землякоў.
Прайшла чвэрць стагоддзя з моманту той публікацыі ў «ЛВ». Зону адпачынку ў Ляхавічах не пазнаць. Выдаткаваны
значныя фінансавыя сродкі, істотны ўклад уносяць і прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, школьнікі,
навучэнцы агракаледжа, якія з году ў год наводзяць парадак на прыбярэжнай тэрыторыі ракі Ведзьмы падчас суботнікаў і экалагічных акцый. Цяпер гэта адно з самых любімых і запатрабаваных месцаў, і не толькі ў жыхароў райцэнтра.
Дарэчы, на парадку дня не толькі добраўпарадкаванне і эстэтыка, важна і бяспека. Таму каля дзесяцігоддзя назад тут уладкаваны выратавальны пост, які ўваходзіць у склад Брэсцкай абласной структуры Асвода. Пастаянна падчас купальнага сезона праводзяцца рэйды, маніторынгі з удзелам супрацоўнікаў РАУС і РАНС.
І яшчэ адна вызначальная акалічнасць. Яшчэ гадоў
8–10 назад па некалькі разоў за купальны сезон санітарная
служба пасля ўзяцца пробаў вады забараняла купацца ў
Ведзьме па прычыне наяўнасці кішэчнай палачкі. За апошнія некалькі гадоў забарона выносілася ўсяго некалькі разоў. А гэта сведчанне таго, што ачыстка вадаёма дае свой плён.
– З году ў год стараемся дадаць чарговыя штрыхі ў добраўпарадкаванне зоны адпачынку, каб адпачывальнікі заставаліся задаволены пераўтварэннямі, якія адбываюцца на пляжы і падыходзе-пад’ездзе да яго. Ачышчаем раку, добраўпарадкуем пешаходныя дарожкі, аўтастаянку для транспарту. І непасрэдна на пляжы – усё для зручнасці адпачывальнікаў: лавачкі, раздзявальні, пляцоўкі для гульнявых відаў спорту і дзіцячыя, навесы падрамантаваны, падфарбаваны, абноўлены. Рамантуюцца, па неабходнасці
мяняюцца лавачкі і «грыбкі», дарожкі, знакі, іншыя аб’екты, падсыпаецца чысты пясок. Абкошванне травы – яшчэ адзін важны крок да парадку, гэту «працэдуру» праводзім па меры неабходнасці. Як жа без абновак. Летась да сезона ўладкавалі валейбольную, пляцоўку для міні-футбола. Не абышлі ўвагай і падрастаючае пакаленне – даспадобы хлопчыкам і дзяўчынкам дзіцячая пляцоўка з арэлямі, турнікамі, пясочніцай. Не забываем і пра чысціню, – адзначае дырэктар КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Андрэй Чайкоўскі.