Традыцыя дапамагаць і грамадзянская ініцыятыва. Чарговы сход па вырашэнні пытанняў мясцовага значэння прымаў Галаўнінскі сельскі клуб

Студзеньскія сельскія сходы на Ляхавіччыне сталі традыцыяй. Для насельніцтва гэта яшчэ адзін даступны і зручны спосаб падзяліцца прапановамі, расказаць пра свае праблемы, звярнуцца за дапамогай да прадстаўнікоў улады ці атрымаць кампетэнтнае растлумачэнне па надзённым пытанні. Для кіраўніцтва раёна, прадпрыемстваў і арганізацый – магчымасць, што называецца, з першых вуснаў даведацца пра абставіны, якія сёння хвалююць вяскоўцаў, выявіць вострыя пытанні, ацаніць агульную атмасферу і настрой у тым ці іншым населеным пункце.

Чарговы сход па вырашэнні пытанняў мясцовага значэння прымаў Галаўнінскі сельскі клуб. Установа культуры ў прамым сэнсе атрымала другое жыццё да раённых «Дажынак» 2023 года, і гэта, дарэчы, – адно з абяцанняў раённай улады, дадзенае на падобным сходзе два гады назад.
Наогул, за апошнія гады Галаўнінцы істотна абнавіліся. У тым ліку пра гэта ў сваім выступленні расказаў старшыня Крывошынскага сельвыканкама Сяргей Баргамон:
– Уведзена ў эксплуатацыю станцыя абязжалезвання, праведзены бягучы рамонт кацельні, пракладзены новы водаправод і цеплатраса па вуліцах Мала-дзёжнай, Інтэрнацыянальнай і Лугавой, што дазволіла падключыцца да цэнтралізаванага ацяплення 20 домаўладанням і мясцоваму клубу. На мінулым сходзе ўздымалася пытанне пра асфальтаванне ўчастка ад майстэрняў да аўтадарогі Ляхавічы – Свяціца. Гэтая просьба вяскоўцаў таксама выканана.
Не засталіся без увагі просьбы і патрэбы жыхароў іншых вёсак сельсавета (а іх у складзе Крывошынскага – 13). Ямачны рамонт з укладкай новага асфальтнага пакрыцця праведзены на вуліцы Маладзёжнай у Свяціцы, асфальтаваны пад’езды да новых прыпыначных пунктаў, Пакладзена 1,7 кіламетра асфальту на пад’ездзе да вёскі Навасёлкі. Яшчэ – падсыпка, грэйдзіраванне і ямачны рамонт у шэрагу населеных
пунктаў, рамонт агароджы на могілках і выдаленне на некаторых з іх аварыйных дрэваў, работа са старым трухлявым пустуючым жыллём, абкошванне месцаў агульнага карыстання.
199 вулічных свяцільняў заменены на новыя – энергазберагальныя (сёлета, як паабяцаў кіраўнік сельвыканкама, гэтыя
работы працягнуцца). І спіс далёка
не вычарпальны.
Сапраўды, зроблена многае, і гэта адчуваецца па агульным канструктыўным настроі на сходзе.
Але і пытанні ў жыхароў Галаўнінцаў знайшліся. Кагосьці не задавальняе аўтобусны прыпынак без павільёна, а кагосьці – месца, дзе дарожнікі абсталявалі прыпынак грамадскага транспарту. Да абмеркавання падключыліся прадстаўнікі ДРСУ-200 і баранавіцкага аўтапарка. На просьбы пра прыпынак па патрабаванні – растлумачэнні, што сённяшнія нарматывы жорсткія ў плане бяспекі, аўтобус можа спыніцца толькі там, дзе абсталяваны спецыяльная пляцоўка, карман, захоўваюцца правілы бяспекі. Прапановы пра месца прыпынку адказныя службы будуць вывучаць. Прагучала, што пабудаваць новы прыпыначны пункт каштуе каля 10 тысяч
рублёў. Але пытанне можна паспрабаваць істотна патанніць:
– Сёння грамадзянскія ініцыятывы дазваляюць вырашаць шмат пытанняў. Ёсць вопыт і ў плане будаўніцтва прыпыначных павільёнаў, – адзначыў старшыня райсавета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч.
Кіраўнік дэпутацкага корпуса мясцовых людзей і іх праблемы ведае вельмі добра – яшчэ некалькі гадоў назад узначальваў тутэйшы сельвыканкам, ды і свой, вясковы, жыве побач. Таму да яго словаў –
асаблівыя ўвага і давер. На прапанову Юрыя Чаранкевіча далучыцца да вырашэння яшчэ адной праблемнай сітуацыі талакой – разуменне і згода паўдзельнічаць фінансава і не толькі. Так можна разабрацца са старымі дрэвамі на могілках у Галаўнінцах – за сабраныя грошы заказаць паслугі па спілоўванні, а прыбраць за пільшчыкамі ўласнымі сіламі. Каардынаваць вырашэнне гэтага пытання таксама будзе сельвыканкам.
Мары многіх вяскоўцаў звязаны з магчымасцю газіфікацыі жылля,
правядзення водаправода ці падключэння электраацяплення. У кожным канкрэтным выпадку – свой алгарытм дзеянняў. Пра магчымасці і перспектывы расказалі прадстаўнікі райвыканкама і адказных службаў.
Дарэчы, пасля сходу можна было задаць пытанні індывідуальна –
кіраўнікі і спецыялісты гатовы былі затрымацца, каб растлумачыць, падказаць, узяць сітуацыю «на аловак».
– Безумоўна, дзяржава робіць многае, дапамагае тым, хто мае ў гэтым патрэбу, падтрымлівае фінансава. Але трэба разумець, што і самі мы можам многае змяніць да лепшага. І ў пытаннях добраўпарадкавання, стварэння камфорту, і ў многіх вытворчых пытаннях. Толькі варта пачынаць з сябе, а не чакаць, што за нас зробіць нехта іншы, –
падкрэсліў старшыня райвыканкама Мікалай Мароз.
Так, адзін з важнейшых грамадзянскіх абавязкаў – прыняць удзел у галасаванні па выбарах Прэзідэнта Беларусі, унесці свой уклад у вызначэнне шляху далейшага развіцця нашай дзяржавы.
Тэму важнасці ўдзелу ў электаральнай кампаніі падтрымаў і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Георгій Хлябовіч, які таксама прысутнічаў на вясковым сходзе. Аргументы, якія гучалі, прымушаюць сур’ёзна задумацца над многімі пытаннямі: ад важкасці аб’ёмаў дзяржаўнай падтрымкі пенсіянераў, бюджэтных сфер (адукацыі, культуры, аховы здароўя) да сітуацыі за межамі краіны.
А яшчэ вельмі хочацца спадзявацца, што ўдзельнікі сходу ўсвядомілі важнасць тэм, узнятых у выступленнях прадстаўнікамі райаддзела ўнутраных спраў і РАНС. Супрацьдзеянне кіберзла-
чынствам, дарожная бяспека, прафілактыка пажараў і бяспеч-
ныя паводзіны на вадзе – з усяго гэтага, у тым ліку, складаецца агульная карціна бяспекі жыццядзейнасці. І гэта таксама тое, у чым уклад кожнага важны.

Святлана СТЫКУЦЬ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.