У антуражы вайсковага камуфляжу. У Ляхавічах прайшла акцыя Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь «Гатовы Радзіме служыць»
Пасля «рэйдаў» у шэраг іншых куткоў краіны ваенна-патрыятычная акцыя Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь «Гатовы Радзіме служыць» зрабіла «прывал» у нашым раённым цэнтры.
Не дзеля таго, каб перавесці дух, папоўніць сілы на працяглым маршруце. Наадварот, ляхавіцкі, як і ўсе іншыя этапы акцыі, прайшоў актыўна, з элементамі крэатыву, паказамі, калі дазвалялася ўсё «паглядзець рукамі», і тлумачэннямі знаўцаў вайсковай справы. Дыялогі вылучаліся простай мовай, жывым характарам. З аднаго боку – кіраўніцтва, афіцэры-выкладчыкі, курсанты Ваеннай акадэміі і ваенных факультэтаў вышэйшых навучальных устаноў Рэспублікі Беларусь, з другога – старшакласнікі школ Ляхавіцкага раёна. Некаторыя з ліку асабліва мэтанакіраваных атрымаць у будучым прафесію «Радзіму абараняць» – разам са сваімі бацькамі. Так што ў мінулы чацвер зала гарадскога Дома культуры працавала з аншлагам, сабрала больш за тры сотні чалавек.
Адна з мэт акцыі Мінабароны Рэспублікі Беларусь носіць прафарыентацыйны характар і чытаецца ў самой назве – «Гатовы Радзіме служыць». Тыя з маладых людзей і дзяўчат, хто ўжо канчаткова вызначыўся ў сваёй будучай прафесіі, атрымалі магчымасць яшчэ раз і на канкрэтных прыкладах упэўніцца ў цвёрдасці ўласнай пазіцыі стаць афіцэрам. Тыя, для каго ваенная сцежка пакуль успрымаецца як адзін з будучых варыянтаў жыццёвага шляху, мелі магчымасць паглядзець і параўнаць. Для ўсіх іншых акцыя «Гатовы Радзіме служыць» з’яўляецца цікавым патрыятычна-выхаваўчым, відовішчным мерапрыемствам.
З яго ўсё і пачалося. У ГДК былі арганізаваны экспазіцыйныя рады некаторых відаў узбраення сілавых структур Беларусі. Найчасцей дэманстраваліся ўзоры стралковай зброі – аўтаматы і кулямёты сістэмы Калашнікава, з якіх калі не «пастраляць», то папракты-кавацца ў разборцы-зборцы імкнуўся ці не кожны наведвальнік. Акрамя аўтаматаў-кулямётаў на стэндах кожнай з прадстаўленых у рамках акцыі навучальных устаноў дэманстраваліся спецыяльны вайсковы рыштунак, абсталяванне, узоры сродкаў прыёму-перадачы інфармацыі, прыборы для вышуку выбуховых рэчываў і многа чаго іншага.
Кожная навучальная ўстанова «хвалілася» сваім. Напрыклад, ваенны факультэт Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі прадэманстраваў, у тым ліку, узор беспілотнага лятальнага апарата. Гэтыя прыборы набываюць усё большае і большае выкарыстанне. У тым ліку і ў ваеннай справе выходзяць на рашэнне новых задач і значэнняў. Для чаго, канешне ж, патрабуюцца граматныя апе-ратары-пілоты па іх кіраванні, работнікі інжынерна-тэхнічнага профілю па абслугоўванні БПЛА. Падрыхтоўка такіх спецыялістаў і з’яўляецца адной з задач акадэміі авіяцыі.
А вось авіяцыйны факультэт вядучай ваеннай навучальнай установы краіны – Ваеннай акадэміі рыхтуе авіятараў рэальных – пілотаў самалётаў і верталётаў.
– Гэта штучны тавар, – адзначыў у адрас курсанта-трэццякурсніка, які прэзентаваў сваю службу ляхавіцкай аўдыторыі, адзін з юных наведвальнікаў ваенна-патрыятычнай акцыі. І накі-раваўся для гутаркі з курсантам і прымеркі да сябе прадстаўленых тут элементаў высотнай экіпіроўкі – спецыяльных шлема і камбінезона.
Асабліва маштабнае прадстаў-ніцтва ў Ляхавіцкім ГДК меў ваенна-тэхнічны факультэт Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта – вядучай тэхнічнай ВНУ краіны. На гэтым факультэце БНТУ ажыццяўляюць падрыхтоўку ваенных не толькі па некалькіх спецыяльнасцях тэхніка-будаўнічага профілю, рыхтуюць таксама і ваенных фінансістаў.
Акрамя ўжо названых ВНУ, у ляхавіцкім этапе акцыі «Гатовы Радзіме служыць» прынялі ўдзел ваенныя факультэты Белдзяржуніверсітэта, дзяржаўных медыцынскага, інфарматыкі і радыёэлектронікі і Гродзенскага ўніверсітэтаў. Усе – са сваімі праграмамі-прэзентацыямі, спісам прафесій, па якіх ажыццяўляюць падрыхтоўку маладых людзей і ў меншай колькасці прадстаўніц прыгожай паловы.
– Было пазнавальна, пра многае даведаўся і на многае паглядзеў па-іншаму. Ці звяжу сваё жыццё з арміяй? Як варыянт, але буду думаць. Пакуль у дзясятым класе. Часу дастаткова, – на пытанне аб уражаннях ад наведвання акцыі «ў камуфляжы» адказаў адзін з яе «мэтавых» наведвальнікаў.
З інфармацыяй аб факультэтах і спецыяльнасцях, алгарытме дзеянняў для жадаючых стаць абітурыентамі перад аўдыторыяй выступіў начальнік аддзела ўпраўлення ваеннай адукацыі Узброеных Сіл палкоўнік Андрэй Паўлюшчык. Сіламі аркестра 61-й знішчальнай авіябазы (г. Баранавічы), курсантаў на-вучальных устаноў Мінска з удзелам артыстаў мясцовага ГДК быў дадзены канцэрт тэматычна-патрыятычнага напрамку. Цёплыя апладысменты у адрас выканаўцаў, пераважна ў вайсковых пагонах, могуць сведчыць аб глядацкай цікавасці і выканальніцкім майстэрстве.
Акцыю «Гатовы Радзіме служыць» на яе ляхавіцкім этапе наведаў памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектар па Брэсцкай вобласці Валерый Вакульчык.
Заключным акордам мера-прыемства стала падпісанне дамоўленасці аб сумеснай рабоце па развіцці дзеючага на базе гімназіі цэнтра дапрызыўнай падрыхтоўкі паміж установай і ваенна-тэхнічным факультэтам БНТУ. Дакумент замацавалі подпісамі дырэктар установы і начальнік факультэта.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.