І дрэвы чакаюць аднаўлення. Ляхавіцкія камунальнікі займаюцца абрэзкай дрэваў. Землякоў турбуе пытанне, чаму гэта абрэзка адбываецца зараз, і ці не паўплывае на агульную карціну прыгажосці летам?

Апошнімі днямі ляхавічане могуць назіраць, як супрацоўнікі камунгаса актыўна займаюцца добраўпарадкаваннем райцэнтра. Увага, у прыватнасці, сканцэнтравана на абрэзку дрэваў. Аднак многіх землякоў турбуе пытанне, чаму гэта абрэзка адбываецца зараз, і ці не паўплывае на агульную карціну прыгажосці летам? За каментарыем «ЛВ» звярнуўся ў камунгас.

– У гэтай справе аспектаў шмат. Якраз зараз надвор’е і тэмпературны рэжым дазваляюць зрабіць такую важную працэдуру, як абрэзка дрэваў, ёсць магчымасць сфарміраваць здаровую крону расліны. Дарэчы, ужо не першы год прырода прачынаецца істотна раней. Камунальнікі хочуць выканаць увесь аб’ём работ, пакуль
не пачаўся рух соку ў дрэвах. Час самы падыходзячы і ў тым плане, што ў птушак яшчэ не пачаўся сезон гнездавання.

Што датычыць дрэваў вярбы, напрыклад, якіх у райцэнтры досыць, то іх абрэзка звязана і з тым, што яны часта знаходзяцца каля пешаходнай зоны, дзіцячых пляцовак, над гарадскімі лавачкамі. Тут пытанне камфорту, зручнасці, і, што самае галоўнае, бяспекі.
Не сакрэт, дзеці любяць ухапіцца за галінку і з размахам пракаціцца. Могуць прывесці і да траўматызму такія забавы. Быў выпадак, калі летні моцны вецер прынёс на машыну каля аднаго з дамоў знешне зялёную ветку, а вось унутры – трухлявую. Таму перш за ўсё бяспека!

Справа ў тым, што калі супрацоўнікі камунгаса займаюцца
абрэзкай дрэваў, паралельна і абследуюць іх. Частка дрэваў уздоўж вуліцы Леніна і не толькі будзе выдалена, паколькі абследаванне паказала наяўнасць хваробы. Ёсць дрэвы, якія з-за гушчыні кроны перашкаджаюць і аўтамабілістам, і пешаходам убачыць дарожны знак.

Часта ў дыспетчарскую камунгаса звяртаюцца жыльцы шматкватэрнікаў, каб нашы супрацоўнікі абрэзалі дрэва з-за таго, што расліна перашкаджае свету трапіць у вокны, многім грамадзянам перашкаджаюць «спевы» птушак, якія вясной займаюць свае пазіцыі на дрэве насупраць вокнаў.

Канешне, ёсць яшчэ і пытанне эстэтыкі. Кожны жыхар райцэнтра, упэўнена, жадае бачыць свой горад утульным, прыгожым, з незвычайнымі расліннымі элементамі. Таму да абрэзкі многіх дрэваў падыходзім творча і крэатыўна. Тым больш у Год добраўпарадкавання хочацца яшчэ больш прыкласці намаганняў, каб нашы Ляхавічы заззялі! – адзначыла майстар участка «Добраўпарадкаванне» камунгаса Святлана Саласцеева.

#АНАТОМІЯПРАБЛЕМЫ