Кожная тэма заслугоўвае ўвагі. Эстафету сходаў грамадзян па вырашэнні пытанняў мясцовага значэння прыняў Начаўскі сельсавет
У мінулы аўторак эстафету сёлетніх сходаў грамадзян
па вырашэнні пытанняў мясцовага значэння прыняў Начаўскі сельсавет. У Русінавіцкім СДК сабраліся жыхары розных населеных пунктаў сельсавета, каб ад кіраўніцтва раёна, арганізацый і службаў пачуць адказы на свае пытанні, даведацца, як вырашаюцца праблемы, узнятыя землякамі.

Тое, што кожнае ўзнятае пытанне трымаецца на кантролі і многія вырашаюцца станоўча, было зразумела падчас выступлення старшыні Начаўскага сельвыканкама Вячаслава Новіка. Ён акцэнтаваў увагу не толькі на тым, што зроблена летась, але і на сёлетніх задачах, тым больш, што 2025-ы ў Беларусі – Год добраўпарадкавання. Эстафету сталіцы раённага фестывалю-кірмашу «Дажынкі» добраўпарадкаваны аграгарадок Нача перадаў аграгарадку Русінавічы. Як падкрэсліў старшыня райвыканкама Мікалай Мароз, у бліжэйшы час збярэцца раённы штаб па правядзенні «Дажынак» з удзелам прадстаўнікоў усіх службаў, каб на месцы вызначыцца з асноўнымі аб’ектамі, якія неабходна падрыхтаваць да хлебаробскага свята.
Разам з тым Мікалай Мароз адзначыў, што і самі аграгараджане павінны пастарацца, навесці і падтрымліваць парадак як на сваіх падворках, так і ў грамадскіх месцах населеных пунктаў.
На сходзе жыхары сельсавета выказвалі свае прапановы, уздымалі пытанні, агучвалі праблемы. Асноўная частка тычылася добраўпарадкавання населеных пунктаў. У прыватнасці, размова ішла пра ўстаноўку дадатковага пешаходнага перахода, абнаўленне асфальту па вуліцы Сонечнай, якасць рамонтных дарожных работ на вуліцы Палявой – у Русінавічах. Прагучала просьба ўладкавання ўчастка дарогі з вуліцы Маладзёжнай на вуліцу Ураджайную ў Гаслаўшчыне, таксама ў гэтай вёсцы не першы год востра стаіць праблема падтаплення двароў жылых дамоў. Перабоі з падачай вады ў дамы і кватэры назіраюцца ў Русінавічах. Старшыня райвыканкама даў даручэнне дырэктару КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» устанавіць сучасную аўтаматычную сістэму на свідравіне. На парадку дня –
стварэнне кааператыва па пракладцы каналізацыі ў аграгарадку Русінавічы. Прыемная навіна: у 2026 годзе тут будзе пабудавана новая вышка сотавай сувязі МТС, што істотна палепшыць якасць сувязі.
Шэраг пытанняў тычыўся аховы здароўя. Грамадзяне звярнуліся з просьбай, каб у Русінавіцкі ФАП накіравалі пастаяннага фельчара. Загадчык паліклінікі УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ» Анатолій Панько расказаў, што цяпер на ФАП двойчы на тыдзень прыязджае фельчар, а раз на тыдзень – урач. Як толькі сёлета ў жніўні прыйдзе кадравае папаўненне, адзін з маладых спецыялістаў будзе накіраваны ў Русінавічы. Для больш якаснага медыцынскага абслугоўвання за паліклінікай (менавіта да яе прыпісаны жыхары Русінавічаў) замацаваны новы аўтамабіль. А вось тэма атрымання талончыкаў
да вузкіх спецыялістаў патрабуе больш дэталёвага разгляду.
Расклад работы сельскай бібліятэкі, фізкультурна-аздараўленчага комплексу, адкрыццё сталовай, аднаўленне работы гурткоў для дзяцей – вось што яшчэ цікавіць людзей.
Між іншым адказы на некаторыя хвалюючыя пытанні былі атрыманы адразу. Грамадзяне пацікавіліся, ці праўда плануецца адмяніць папулярны ў аграгараджан рэйс аўтобуса «Ляхавічы – Русінавічы». Інжынер-тэхнолаг аўтаатрада прыгарадных, міжгародных і міжнародных пасажыраперавозак ААТ «Аўтапарк г. Баранавічы» Андрэй Масцілоўскі развеяў чуткі і падкрэсліў: адназначна адмены рэйса не будзе. Наадварот, разглядаецца магчымасць увядзення новых рэйсаў па маршруце «Ляхавічы – Русінавічы» ў іншыя дні.
Шэраг пытанняў, узнятых на сходзе, узяты на кантроль.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.
Юрый ЧАРАНКЕВІЧ, старшыня раённага Савета дэпутатаў:
– На Ляхавіччыне такія сходы праходзяць пяты год, і цяжка пераацаніць іх значнасць, неабходнасць і запатрабаванасць. Не адзін дзясятак пытанняў, узнятых вяскоўцамі, давялося вырашыць. Акрамя таго, кіраўніцтва раёна менавіта праз дыялог «улада – народ» ставіць задачы для далейшага развіцця населеных пунктаў. Вось і сёння ў Русінавічах адбылася канструктыўная размова. Мясцовыя жыхары неабыякавыя да таго, як жыве іх сельсавет, пытанні – канкрэтныя і сапраўды патрабуюць вырашэння. Кіраўнікі службаў і арганізацый усе пытанні бяруць на кантроль, акрэсліваюць шляхі і тэрміны іх вырашэння. Сувязным звяном паміж прадстаўнікамі ўлады, арганізацый і народам выступае сельвыканкам. Старшыня сельвыканкама часцей сустракаецца з людзьмі і добра ведае праблемы кожнага населенага пункта. Галоўнае, робім усё разам, бо гэта наш дом, наша Ляхавіччына, наша Радзіма.
Георгій ХЛЯБОВІЧ, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь:
– У дэпутацкай дзейнасці кожная сустрэча з выбаршчыкамі важная. Гэта выдатная магчымасць з першых вуснаў даведацца пра хвалюючыя людзей праблемы, каб паспрыяць іх вырашэнню. Акрамя таго, такія сходы вызначальныя для абмеркавання актуальных тэм для нашага грамадства. Зараз на завяршальным этапе электаральная
кампанія – выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Азірніцеся, які стваральны шлях прайшла наша краіна за апошнія тры дзесяцігоддзі, і, самае галоўнае, адчуць і зразумець, як гэта цудоўна жыць у свабоднай краіне пад мірным небам. Заклікаю кожнага прыйсці
на выбарчы ўчастак і сказаць сваё слова за квітнеючую Беларусь.
Наталля РАКАШЭВІЧ, жыхарка аграгарадка Русінавічы:
– Адназначна, такія сустрэчы патрэбныя. Няма неабходнасці для вырашэння тых ці іншых пытанняў запісвацца на прыёмы, званіць на гарачую лінію. Можна задаць канкрэтнае пытанне прадстаўніку канкрэтнай арганізацыі і тут жа даведацца, як плануецца яго вырашыць. Слухала з цікавасцю выступленні гасцей сходу: усё канкрэтна і зразумела. Мае землякі рыхтаваліся да сходу, таму агучылі многія праблемы, важныя для кожнага мясцовага жыхара. Будзем чакаць, як яны вырашацца, ды і самі не застанёмся ўбаку ад добраўпарадкавання Русінавічаў.
Уладзіслаў ЗУБІК, оперупаўнаважаны аддзела крымінальнага вышуку Ляхавіцкага РАУС:
– Сустрэчы з насельніцтвам для супрацоўнікаў міліцыі важныя і ў плане прафілактыкі правапарушэнняў і злачынстваў. Калі канкрэтна па Начаўскім сельсавеце, то ў мінулым годзе тут было ўчынена адно злачынства – крадзеж з жылога памяшкання. Злодзей устаноўлены і па рашэнні суда адбывае пакаранне. Апошнім часам актывізаваліся кіберзлачынцы. У 2024 годзе жыхары Ляхавіччыны не аднойчы трапілі на вудачку махляроў. Агульная страта склала каля 79 тысяч рублёў, прычым 50 тысяч рублёў перадаў махлярам адзін чалавек. Нагадаю, будзьце ўважлівымі і асцярожнымі, нікому не перадавайце свае асабістыя даныя, калі бачыце незнаёмы нумар, асабліва калі ён замежны, то лепш не адказвайце. Любую інфармацыю ад незнаёмцаў пераправерце, перш чым выконваць іх просьбу. Так вы зберажаце свае фінансы і здароўе.