За мір! За стабільнасць! За Беларусь! Жыхары Ляхавіцкага раёна актыўна прынялі ўдзел у лёсавызначальнай для краіны падзеі – выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Пакуль мы адзіныя – нас не перамагчы. Сваё адзінства ў жаданні жыць у свабоднай суверэннай краіне з моцнай прэзідэнцкай уладай, з верай і надзеяй у яшчэ лепшую будучыню для дзяцей, унукаў і праўнукаў беларусы прадэманстравалі ў чарговы раз. Разам мы далі адказ на тое, якога вектара развіцця будзе і далей прытрымлівацца наша дзяржава. Вось чаму голас кожнага важны.
Жыхары Ляхавіцкага раёна актыўна прынялі ўдзел у лёсавызначальнай для краіны падзеі – выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. З першага дня датэрміновага галасавання стала зразумелым – землякі не проста актыўна выбіраюць Кіраўніка дзяржавы, але і
робяць гэта з настроем, пачуццём патрыятызму і адказнасці за будучыню. Актыўнасць жыхароў раёна падчас пяцідзёнкі датэрміновага галасавання, як, дарэчы, і непасрэдна ў асноўны дзень, 26 студзеня, была высокай. Прычым свой голас за кандыдата на галоўны дзяржаўны пост імкнулася аддаць як моладзь (каля
200 маладых ляхавічан упершыню атрымалі права прыняць
удзел у электаральнай кампаніі ў якасці выбаршчыкаў), так і землякі шаноўнага ўзросту, якія даўно на заслужаным адпачынку, але па-ранейшаму стараюцца быць у гушчыні падзей, і ім неабыякава, што адбываецца ў Беларусі і якім будзе заўтрашні дзень Радзімы. «ЛВ» у сваіх інтэрнэт-рэсурсах расказваў пра ўсе этапы выбар-
чай кампаніі, у тым ліку галасаванне. Былі адчувальнымі пазітыўны настрой і разуменне важнасці справы, жаданне зрабіць асэнсаваны выбар, захаваць тое, дзеля чаго жылі, працавалі, стваралі беларусы на працягу дзесяцігоддзяў. Нямала выбаршчыкаў прыходзіла на ўчасткі для галасавання сем’ямі, з дзецьмі.
26 студзеня, у асноўны дзень галасавання, у 8 гадзін раніцы, як толькі адкрыліся ўчасткі для галасавання, на кожным з іх прагучаў Гімн Рэспублікі Беларусь у выкананні членаў участковых камісій.
Тым выбаршчыкам, якія галасуюць упершыню, уручылі падарункі, у прыватнасці выданне «Сімвалы суверэннай Беларусі» і сувеніры. На
працягу датэрміновага і ў асноўны дзень галасавання праходзіла рэспубліканская акцыя для грамадзян, якія ўпершыню галасуюць, «Твой голас першы».
Моладзь у электаральнай кампаніі ўдзельнічала не толькі ў якасці выбаршчыкаў, але і ў ролі добраахвотных памочнікаў. Маладыя валанцёры на выбарчых участках аказвалі дапамогу грамадзянам, якім цяжка падняцца па прыступках, прайсці да ўчастка і г. д.
У мінулую нядзелю карэспандэнты «Ляхавіцкага весніка» раздзялілі разам з землякамі імгненні свята. Тое, што
выбары Прэзідэнта краіны сталі сапраўдным святам, было відавочна па ўрачыстай, добразычлівай і камфортнай атмасферы, якая панавала і на сельскіх, у тым ліку самых аддаленых, і на гарадскіх выбарчых участках Ляхавіччыны. Кожны з 27 участкаў для галасавання
ў раёне забяспечаны ўсім неабходным, аформлены па ўсіх патрабаваннях. Члены ўчастковых камісій ветліва, спакойна, прафесійна тлумачылі алгарытм галасавання, адказвалі
на пытанні. Ведаюць сваю справу і назіральнікі – сочаць за тым, каб выбары праходзілі строга па правілах. Дарэчы, сваіх прадстаўнікоў назіраць за ходам прэзідэнцкіх выбараў вылучылі Камуністычная партыя Беларусі і Беларуская партыя «Белая Русь», галіновыя прафсаюзы, раённыя арганізацыі грамадскіх аб’яднанняў «БРСМ», «Беларускі саюз жанчын»,
«Белая Русь», «Беларускі фонд міру», «Беларускі саюз афіцэраў», ветэранскай арганізацыі. У сваім меркаванні назіральнікі адзіныя: выбары праходзілі спакойна, без парушэнняў, у штатным
рэжыме.
Важна дайсці да кожнага выбаршчыка – гэта яшчэ адзін нязменны прынцып электаральнай кампаніі ў Беларусі. Зладжана на Ляхавіччыне праходзіла і галасаванне на даму. Такім правам скарысталіся землякі, якія па стане здароўя ці іншых прычынах не змаглі самастойна прыйсці на выбарчы ўчастак. 26 студзеня члены выбарчых камісій з перасоўнымі скрынямі адправіліся па заяўленых адрасах і правялі працэдуру галасавання па ўсіх правілах Выбарчага кодэкса.
А яшчэ землякі галасавалі з песняй. На выбарчых участках і не толькі самадзейныя артысты і калектывы раёна радавалі сваёй творчасцю і талентамі – ладзілі канцэртныя праграмы. Пасля выканання грамадзянскага абавязку людзі спявалі, танцавалі, весяліліся
разам з артыстамі. Для выязнога гандлю пастаралася і Ляхавіцкае райпо. Прылаўкі з разнастайнымі прысмакамі разгарнуліся на ўчастках, ішоў гандаль і з аўталавак. Прычым на некаторыя ўчасткі прыйшлося нават прывозіць дабаўку – тавар разыходзіўся на ўра.
Супрацоўнікі РАУС забяспечвалі грамадскі парадак і бяспеку на выбарчых участках – з 20 студзеня асабовы склад органаў унутраных спраў быў пераведзены на ўзмоцнены варыянт нясення службы. Супрацоўнікі ДАІ кантралявалі дарожную бяспеку каля
выбарчых участкаў. Працавалі тут медыкі і выратавальнікі.
Відавочна, што для многіх землякоў дата 26 студзеня
2025 года стала чарговым агульным святам, магчымасцю адчуць сваё непасрэднае дачыненне да падзей, што адбываюцца ў роднай Беларусі, стаць суаўтарам шчаслівай будучыні для сваіх дзяцей, унукаў, краіны.
У 20 гадзін па ўсёй краіне ўчасткі для галасавання зачыніліся,
а камісіі пачалі падлік галасоў. Выбары Прэзідэнта Беларусі адбыліся.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.