Сярод навабранцаў партыі – камунальнікі і агракаляджане. Сёння 173 жыхары Ляхавіцкага раёна з’яўляюцца членамі партыі «Белая Русь»

«Белая Русь» – самая маладая палітычная партыя ў нашай краіне, але яна імкліва набірае папулярнасць, аб’ядноўвае ў сваіх радах людзей розных узростаў, працаўнікоў многіх сфер.

Расце колькасць членаў «Белай Русі» і сярод жыхароў Ляхавіччыны. Чарговае папаўненне ў партыйных радах адбылося на мінулым тыдні. Намеснік старшыні райвыканкама, старшыня раённага аддзялення Беларускай партыі «Белая Русь» Алег Траццяк ва ўрачыстай абстаноўцы ўручыў партыйныя білеты работнікам КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» і аграрнага каледжа.
– Уручэнне членскіх білетаў ва ўрачыстай абстаноўцы – гэта важны момант, які падкрэслівае значнасць кожнага новага члена партыі для нашай агульнай справы. Разам мы ідзём да адной мэты – каб наша Беларусь заўжды заставалася мірнай і суверэннай, – адзначае намеснік старшыні РА Беларускай партыі «Белая Русь» Ларыса Юшкевіч.
Алег Траццяк падкрэсліў, што партыя «Белая Русь» не проста маладое аб’яднанне ініцыятыўных людзей, а саюз сапраўдных патрыётаў, якія зацікаўлены ў развіцці сваёй краіны. Ідэалогія, мэты, задачы партыі блізкія многім беларусам. Не дзіўна, што ляхавічане актыўна ўступаюць у партыю і ганарацца тым, што маюць дачыненне да «Белай Русі».


Сёння 173 жыхары Ляхавіцкага раёна з’яўляюцца членамі партыі «Белая Русь». У працэнтных суадносінах да колькасці працуючых найбольшае прадстаўніцтва партыі – у КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ», УАЗ «Ляхавіцкая цэнтральная раённая бальніца», ва ўстановах адукацыі раёна, аграрным каледжы, ДЮСШ, цэнтры банкаўскіх паслуг № 117 ААТ «ААБ Беларусбанк», «Ляхавіцкім весніку».
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.