Юбілейны аншлаг. Ляхавічанін Сяргей Купчынскі сустрэў свой 65-гадовы юбілей і 45-годдзе творчай дзейнасці вялікім гала-канцэртам

Юбілейны гала-канцэрт таленавітага земляка – кампазітара і выканаўцы, акампаніятара і аранжыроўшчыка, пераможца і лаўрэата разнастайных творчых конкурсаў Сяргея Купчынскага «З сябрамі весялей» сабраў прыхільнікаў яго творчасці, сяброў, калег, родных і блізкіх. У сяброўскім коле гукарэжысёр ГДК Сяргей Купчынскі сустрэў свой 65-гадовы юбілей і 45-годдзе творчай дзейнасці.

Энергія і непаўторныя эмоцыі фантанавалі, абыякавых у запоўненай зале ГДК дакладна не было. А вось несціханых апладысментаў – праз край. Кожны канцэртны нумар – танцавальны эцюд ці сольнае выкананне, выступленне калектыву ці нумар галоўнага віноўніка шоу – сустракаўся гледачамі цёпла. Колькі гасцей было на свяце музыкі! І кожны сказаў шчырыя словы ў адрас Сяргея Купчынскага.
На сцэне – артысты з Баранавічаў і Баранавіцкага раёна, Клецка, Бабруйска, Мінска, Ляхавічаў і далёка не поўны пералік адрасоў. Асаблівым сюрпрызам для гледачоў стаў удзел у канцэрце лідара групы «Дразды» Віталія Карпанава, які таксама прыехаў павіншаваць
сябра з юбілеем.


У творчай скарбонцы музыканта Купчынскага каля сотні твораў, якія розныя выканаўцы спяваюць на шматлікіх канцэртных пляцоўках краіны. І кожны, па словах аўтара, для яго лепшы, блізкі і любімы. Але ёсць напоўненыя асаблівай пяшчотай, пранікнёнасцю, напрыклад, песня «Апошні палёт», што Сяргей Купчынскі напісаў на словы сваёй аднакласніцы Ларысы Заслаўскай, прысвечана лётчыкам-героям, якія здзейснілі подзвіг у небе над Баранавічамі. Выкананне гэтага твора народнай арт-групай «ВІНС-акорд» заўжды кранае душу і сэрца. А песню «Мой горад», прысвечаную Ляхавічам Сяргей Купчынскі напісаў на словы старэйшай дачкі Аксаны, аўтар музычнай ідэі яшчэ адна дачка – Дар’я. Такое вось сямейнае творчае трыа.
Дарэчы, сваім першым самастойным выступленнем у якасці артыста Сяргей Купчынскі лічыць сольны нумар на канцэрце
ў Пермскай вобласці. Тады ён, вучань чацвёртага класа, акампаніраваў аднакласніку, які выконваў песню «Вялікае неба».
А як кампазітар самастойны твор – песню «Альпіністы» – напісаў у дзясятым класе.
А яшчэ Сяргей Купчынскі дапамагае адкрываць новыя таленты. Менавіта дзякуючы яму не толькі Ляхавіччына пачула ціка-
вую маладую спявачку Лізавету Купрыш. А на юбілейным канцэрце адбыўся творчы дэбют і жонкі Сяргея Купчынскага Ніны ў якасці спявачкі.

– Як і ў любога кампазітара, у мяне ёсць музы. Гэта мае самыя любімыя і непаўторныя – жонка Ніна і ўнучка Яна. Менавіта ад іх атрымліваю небывалы прыліў энергіі, новых творчых ідэй. Дзякуючы маім дзяўчынкам кожны твор набывае непаўторны шчыры штрых. Хочацца яшчэ больш ствараць прыгожага і душэўнага, – сцвярджае Сяргей Купчынскі.
На пытанне пра планы на бліжэйшы час Сяргей Купчынскі, не раздумваючы, адказвае: – Радаваць сваімі новымі творамі, якія абавязкова будуць, бо ідэй у мяне шмат. З нецярпеннем
буду чакаць новых сустрэч з гледачамі, якіх я вельмі люблю.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.