Жалезны аргумент паспяховасці. Тэхнічныя агляды на Ляхавіччыне пачнуцца 11 лютага
У мінулы аўторак на адным з палеткаў паблізу вёскі Набярэжнай быў заўважаны «Беларус» з раскідвальнікам мінеральных удабрэнняў. Першая «ластаўка» сельскагаспадарчай вясны?
Міжсезоннае зацішша на сельскагаспадарчых палетках хутка зменіцца арганізаваным руплівым шумам. Падкормкі азімых, фінішная падрыхтоўка плошчаў і яравая сяўба запатрабуюць ад аграрыяў максімальнай канцэнтрацыі намаганняў, сіл і сродкаў, іх аптымальна-граматнага размеркавання па ўчастках, аб’ектах, вытворчых падрадах. У тым ліку і ў гэтым карані паспяховасці сельгасдзейнасці, якая даўным-даўно не ўяўляецца без выкарыстання тэхнікі.
Сучасная, высокапрадукцыйная і складаная, яна патрабуе да сябе паважлівага стаўлення: граматнай эксплуатацыі, належнага
сэрвіснага абслугоўвання, перыядычных рамонтаў.
А калі, як не ў міжпалявы сезон, у аграрыяў знойдзецца для гэтага «часавая фортка», ад якой, па стане на першую палову лютага,
засталася толькі невялікая шчыліна, каб завяршыць, давесці да канчатковага ладу, дафарбаваць, дакруціць балты, гайкі, шпількі. З мэтай ва ўсёй прыгажосці і функцыянальнай гатоўнасці падрыхтаваць караваны самаходных машын, трактароў і прычэпаў да дзяржаўнага тэхнічнага агляду. Іншымі словамі, пацвердзіць іх гатоўнасць выйсці ў поле пры першай неабходнасці.
Тэхнічныя агляды на Ляхавіччыне пачнуцца 11 лютага з СУП «Ліпнянка». А планавай фінішнай датай правядзення
ТА ў сельскагаспадарчых арганізацыях раёна павінен стаць апошні дзень каляндарнай зімы – 28 лютага.
– На працягу гэтага часу камісія наведаецца на машынныя двары ўсіх нашых гаспадарак. 221 трактар розных класаў, марак і мадыфікацый трапляе пад працэдуру тэхагляду. Яшчэ – больш за паўсотню пагрузчыкаў, 85 адзінак трактарных прычэпаў, некаторыя пазіцыі іншых самаходных машын, – заўважае адносна аб’ёмаў работы камісіі галоўны дзяржаўны інспектар райсельгасхарчу Дзяніс Глобаж.
У ААТ «Жарабковічы» дзяржтэхнагляд наведаецца не аднойчы. У самай вялікай гаспадарцы раёна толькі трактароў налічваецца ледзь ці не сем дзясяткаў. Размеркаваны яны на тэрыторыях машынных двароў кожнага з чатырох вытворчых участкаў: у Сваятычах, Падлессі Тальмінавічах і Жарабковічах.
Машынны двор «Жарабковічы» аднайменнага ААТ вылучаецца ўпарадкаванасцю. Нездарма ж знаходзіцца ў статусе аднаго з лепшых у раёне па выніках чарговага штогадовага агляду-конкурсу.
– Парадак на тэрыторыях, у гаражных боксах, памяшканнях РММ імкнёмся падтрымліваць. Вось гэтыя, што справа ад нас, трактары замацаваны за механізатарамі, якія зараз знаходзяцца ў водпуску. Некаторыя з гэтых машын ужо адрамантаваны, падфарбаваны і поўнасцю падрыхтаваны для дзяржаўнага тэхнічнага агляду. У большасці нашых механізатараў, тэхнічных спецыялістаў, слесараў, зваршчыкаў, станочнікаў чарговы водпуск ужо закончыўся, прыступілі да працы. Пачынаючы з 3 лютага, гаспадарка перайшла з «урэзанага» зімовага графіка работы на паўнацэнны. Цяпер завяршаем працоўны дзень у 17 гадзін. Для работнікаў, якія зараз заняты ў рамонтных майстэрнях, лічу, створаны ўсе неабходныя бытавыя і санітарныя ўмовы. Прадугледжаны душавыя кабіны, абсталявана месца для абедаў і іншае. Гарачае харчаванне работнікам ААТ «Жарабковічы» прадастаўляецца штодзённа і круглагадова. І за вельмі і вельмі нязначную капейку, – сустрэў нас на сваёй тэрыторыі галоўны інжынер прадпрыемства Міхаіл Пятроўскі.

Не зважаючы на тое, што, па словах галоўнага спецыяліста, план
па рамонце гаспадарка ўжо выканала, яе майстэрні не сказаць што бяздзейнічаюць. Некаторыя з механізатараў працягваюць
удзяляць увагу сваім машынам. Напрыклад, узброіўшыся спецыяль-
ным пнеўматычным прыстасаваннем, «задуваюць» свежай фарбай асобныя агрэгаты, вузлы, дэталі, праводзяць іншыя сэрвісныя і работы ў рэгламенце бягучых рамонтаў. Міхаіл Пятроўскі называе гэта «дашліфоўкай» падрыхтаванасці машын да
працэдуры хуткага ўжо тэхагляду.

За выключэннем некаторых трактарных рухавікоў, рамантаваць
якія «Жарабковічы» даручылі фірменным сэрвісам, напрыклад –
прадстаўнікам Мінскага маторнага завода, большасць работ выконвалася на ўласнай базе сваімі ж спецыялістамі. Яшчэ да наступлення 2025 года завяршылі з плугамі, раскідвальнікамі арганікі, шэрагам машын для падрыхтоўкі палёў і іншым.
– Найбольшую рамонтаскладанасць уяўляе тэхніка замежнай вытворчасці. Напрыклад, каб адрамантаваць-адладзіць пасяўныя глебаапрацоўчыя агрэгаты, паступленне некаторых неабходных запасных частак давялося чакаць больш за месяц. У нас такіх агрэгатаў чатыры. І мінімум тры з іх будуць працаваць на яравым палетку. Чацвёрты – на выпадак, калі ўзнікне неабходнасць паскорыцца на яравой пасяўной ніве. У нас хоць і не самы
сучасны, але зусім нядрэнны парк металаапрацоўчых станкоў, ёсць свае спецыялісты-станочнікі. Так што з мэтай эканоміі грошай на рамонце асобныя дэталі вырабляем сваімі сіламі на ўласным абсталяванні. Той жа Юрый Станчык валодае не толькі такарна-шрубарэзным, але і фрэзерным станком. Зваршчыка Аляксандра Проньку, які працуе на ўчастку «Сваятычы», нярэдка прыцягваем для работы ў «цэнтры». З механізатараў адзначу Івана Палуэктава з «Беларус-3522», Аляксандра Навумчыка з К-742 («Кіравец») і дзясятак, а то і больш іншых жарабковіцкіх працаўнікоў, – адзначае галоўны інжынер гаспадаркі.
А на гадзінніку без некалькіх хвілін поўдзень. І ў гэты час на тэрыторыю машыннага двара ўчастка № 1 ААТ «Жарабковічы» прыязджае абед.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.