На вудзе ў аферыстаў. Ляхавічанка падчас перапіскі ў месанджары з «добразычліўцам» перай- шла па спасылцы ад яго на фішынгавы сайт. У выніку з яе карт-рахунка спісана каля 400 рублёў

Нягледзячы на шматлікія рэкамендацыі праваахоўных органаў як не стаць ахвярамі зламыснікаў і кіберзлачынцаў, на жаль, жыхары раёна яшчэ вядуцца на сумніўныя «прапановы».

Ляхавічанка 2004 г. н. падчас перапіскі ў месанджары з «добразычліўцам» перайшла па спасылцы ад яго на фішынгавы сайт. У выніку з яе карт-рахунка спісана каля 400 рублёў. 17 студзеня РАСК па факце крадзяжу маёмасці шляхам мадыфікацыі камп’ю-
тарнай інфармацыі ўзбудзіў крымінальную справу па падзеі, якая здарылася яшчэ ў кастрычніку мінулага года.
Жыхарка раёна 1987 г. н.
палічыла, што з ёй размаўляюць прадстаўнікі аднаго з аператараў тэлефоннай сувязі. Таму на прапанову невядомай асобы пра падаўжэнне дагавора на аказанне паслуг мабільнай сувязі МТС і захавання грошай адрэагавала станоўча. Для гэтага паведаміла суразмоўцу пашпартныя даныя і перавяла на абазначаныя рэквізіты 459 рублёў. Райаддзел СК па факце махлярства напрыканцы студзеня ўзбудзіў крымінальную справу.
Напачатку лютага жыхарка раёна 1975 г. н. страціла
5 000 рублёў. Сцэнарый «разводу» знаёмы – перапіска ці тэлефанаванне ў месанджары з прапановай забяспечыць бяспеку зберажэнняў.
Злачынцы дзеля завалодання чужымі сродкамі выкарыстоўваюць мноства спосабаў і інструментаў, у тым ліку прадстаўляюцца супрацоўнікамі праваахоўных органаў, банкаўскімі работнікамі ці прадстаўнікамі аператараў сувязі.
Каб не стаць ахвярай кіберзлачынцаў і махляроў, варта выконваць некаторыя правілы: да сваёй асноўнай банкаўскай карты лепш мець і дадатковую для разлікаў у інтэрнэце. Туды можна класці невялікія сумы грошай, і ў выпадку чаго дастаткова картку заблакаваць.
Не пералічвайце грошы на электронныя кашалькі і рахункі мабільных тэлефонаў пры аплаце пакупак, калі вы не пераканаліся ў надзейнасці асобы ці арганізацыі, якім прызначаюцца вашы сродкі. Не трэба пераводзіць грашовыя сродкі на рахункі незнаёмых асоб, а таксама перазваньваць ці накіроўваць SMS у адказ, калі вам паступіла паведамленне пра блакаванне банкаўскай карты. У такім выпадку варта звязацца з банкам, які абслугоўвае вашу карту.
Не пераходзьце па незнаёмых спасылках, не запаўняйце атрыманыя па электроннай пошце формы і анкеты. Асабістыя даныя бяспечна ўводзіць толькі на абароненых сайтах.
Трэба насцярожыцца, калі ад вас патрабуюць неадкладных дзеянняў або калі палохаюць надзвычайнай сітуацыяй. Гэта таксама можа быць махлярства. Злачынцы, каб прымусіць дзейнічаць хутка і неабачліва, як правіла, выклікаюць адчуванне трывогі і небяспекі.
Летась РАСК узбудзіў 30 крымінальных спраў па фактах крадзяжу з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій.

Аляксандр ТРАЯНОЎСКІ,
начальнік РАСК.