Афганскае рэха трывожна гучала на Ляхавіччыне
Землякоў Віктара Мажэйку, Валерыя Собаля і Пятра Бурбіцкага аб’ядноўвае не толькі агульнае месца цяперашняй працы – Ляхавіцкі лясгас. Юнацтва кожнага з іх апалена вайной у Афганістане, за тысячы кіламетраў ад роднай Ляхавіччыны. Амаль 40 гадоў назад сярод тысяч іншых савецкіх юнакоў час і лёс выбралі і іх стаць воінамі-інтэрнацыяналістамі. Як і тысячы іншых юнакоў з розных рэспублік Савецкага Саюза, пад кулямі душманаў, пад спякотным сонцам яны годна выконвалі свой воінскі абавязак і засталіся вернымі прысязе. І праз 36 гадоў пасля вываду савецкіх войскаў з Афганістана, яны, ужо сталыя мужчыны, часам успамінаюць юнацтва, апаленае чужой вайной.

Віктар МАЖЭЙКА, станочнік Крывошынскага цэха перапрацоўкі драўніны лясгаса, жыхар вёскі Крывошын:
– Вайна ёсць вайна. З восені 1987 года, пасля шасці месяцаў вучэбкі ў Туркменскай ССР, выконваў інтэрнацыянальны абавязак у Афганістане. Служыў механікам-вадзіцелем БМП у роце супра-
ваджэння калоны пяхоты. У маёй памяці вайна – гэта абстрэлы з боку душманаў і пастаянная прысутнасць яшчэ аднаго, нябачнага, але вельмі адчувальнага ворага – страшнай спякоты, калі слупок тэрмометра падымаўся за адзнаку 50 градусаў… Такое перажыць цяжка, а забыць немагчыма, нават калі вельмі хочацца.
Памяць раз-пораз нагадвае пра тыя баі і кароткія адпачынкі паміж імі ў снах. Не дзіўна, што, прачнуўшыся, хочацца перагарнуць чарговы раз армейскі альбом і вярнуцца ў юнацтва, няхай і з водбліскам вайны. Там, у Афганістане, па-сапраўднаму адчуў жаданне жыць, страшна было загінуць у чужой краіне. Мае родныя
ў Крывошыне доўга не ведалі, дзе я служу, на паштоўцы быў толькі
нумар палявой пошты, потым у пісьме расказаў старэйшаму брату, а той, у сваю чаргу, бацькам. Даводзіцца сустракацца са школьнікамі. Напрыклад, як былы воін-інтэрнацыяналіст летась у Крывошынскай СШ імя Г. С. Здановіча прымаў удзел ва ўроку памяці, расказваў юным землякам пра вайну ў Афганістане, воінскае братэрства.
Маё самае галоўнае пажаданне: каб ніхто і ніколі не зведаў на сабе ваенныя боль і пакуты. Трэба разам берагчы мір і захаваць яго для
наступных пакаленняў.
Пётр БУРБІЦКІ, вартаўнік лясгаса, жыхар г. Ляхавічы:
– Радаваўся, калі вясной 1982 года атрымаў павестку аб прызыве ў армію. Радасць павялічылася, калі даведаўся, што буду служыць у паветрана-дэсантных войсках. Паўгода армейскай вучэбкі ў Прыбалтыцы праляцелі непрыкметна. А далей была вайна
ў Афганістане… Як вядома, загады ў арміі не абмяркоўваюцца. Значыць, тады ў гэтым была неабходнасць. Так атрымалася, што ў розных гарачых кропках Афганістана ваявалі яшчэ чацвёра маіх аднакласнікаў – выпускнікоў Ліпскай СШ 1981 года. Асабіста для мяне афганская вайна пачалася 26 кастрычніка 1982 года ва ўзводзе, які дыслацыраваўся недалёка ад сталіцы Афганістана – Кабула. Узрывы снарадаў, свіст куль, параненыя салдаты, гібель тых, хто ваяваў побач, – што можа быць страшней за пекла вайны. Мне сапраўды пашчасціла. А, можа, малітвы мамы дапамаглі і тое, як дома мяне чакалі бацькі, браты, сястра. 7 ліпеня 1984 года – асаблівая дата ў маім жыцці. Разам з іншымі аднапалчанамі, якія былі на борце самалёта, што ляцеў у СССР, пачулі доўгачаканыя словы штурмана: «Усё, мяжу з Афганістанам праляцелі, праз 2 гадзіны будзем у Ташкенце». І адразу накрыла хваля спакою і пачуццё, што нарэшце ўсё завяршылася. Заўжды буду помніць тыя шчымлівыя эмоцыі, калі, у рэшце рэшт, вярнуўся дамоў у Ліпск, як сустракалі мяне родныя. Цяпер жыву ў Ляхавічах. Разам з жонкай выгадавалі траіх сыноў. Дарэчы, старэйшы Яўгеній – ваенна-служачы.
Валерый СОБАЛЬ, станочнік Крывошынскага цэха перапрацоўкі драўніны, жыхар вёскі Галаўнінцы:
— Дваццаць месяцаў з 1983 па 1985 год – такі мой воінскі шлях на афганскай вайне. Службу нёс на афгана-савецкай граніцы. У армію мяне прызвалі літаральна праз месяц пасля таго, як споўнілася 18 гадоў. Служыць, канешне ж, хацеў – гэта было вельмі ганарова. Адправілі ў Кіргізскую ССР служыць на граніцы. Нават і не думаў, што апынуся ў Афганістане. Было нялёгка, вельмі нялёгка. Аказалася, трэба заўжды быць гатовым да правакацый, да атак душманаў або трапіць у засаду. Не ведаю, як так атрымалася, але за час майго знаходжання ў Афганістане на нашай заставе не загінуў ні адзін савецкі воін. А вось на суседняй заставе з 25 байцоў загінулі 19… Мае блізкія даведаліся, што я выконваў інтэрнацыянальны абавязак у Афганістане толькі тады, калі вярнуўся дамоў у Галаўнінцы пасля армейскай службы. Колькі было слёз… Жыву з жонкай у родных Галаўнінцах, сыны дарослыя. Дарэчы, старэйшы сын – кадравы ваенны, як і я – пагранічнік…
На сённяшні дзень у Беларусі пражывае 21 тысяча ветэранаў
баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў. Службу
ў Афганістане і іншых гарачых кропках неслі 53 сённяшнія жыхары Ляхавіччыны.

Сёлета 15 лютага і ў Ляхавічах адбудзецца традыцыйны збор сяброў-аднапалчан. Ім, у чыім жыцці быў Афганістан, ёсць каго і што ўспомніць, пагаварыць, хвілінай маўчання ўшанаваць памяць тых, каго няма ў жывых, але яны назаўсёды застануцца ва ўспамінах, расказах і фотаздымках. Збор у 10.00 каля памятнага знака воінам-інтэрнацыяналістам.
