Старшыня Ляхавіцкага райсавета дэтутатаў: «Ініцыятыва – гэта людзі! Сёння нашы старасты, дэпутаты маюць аўтарытэт і давер у сваіх вёсках і акругах, таму могуць аб’яднаць на добрую справу людзей»
На мінулым тыдні адбылося пашыранае пасяджэнне Прэзідыума Савета Рэспублікі. У цэнтры ўвагі – роля дэпутацкага корпуса ў рэалізацыі задач, пастаўленых Кіраўніком дзяржавы па навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні тэрыторый.
Бясспрэчна, наша краіна – эталон гаспадарскіх адносін да зямлі, і гэтаму маленькіх беларусаў прывучаюць з дзяцінства. Гэта як неад’емная частка нашага культурнага кода – жыць у прыгажосці, трымаць у парадку месца, што стала домам.
– Як неаднаразова падкрэсліваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, на зямлі павінен быць ідэальны парадак. Чысціня, эстэтыка – гэта не проста наш брэнд, гэта стыль жыцця і, урэшце,
гэта ж здароўе людзей. Менавіта таму Кіраўнік дзяржавы ўдзяляе такую пільную ўвагу гэтай тэме, ставіць перад намі канкрэтныя задачы і патрабуе іх няўхільнага выканання, – адзначыла падчас пасяджэння старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава.
Чысціня і парадак – паняцці зборныя, і гучаць больш абагульняюча. І кожны грамадзянін у падтрыманні прыгажосці – не старонні назіральнік, а ўдзельнік агульнага сюжэту. І ў адзінстве такога погляду, як адзначыла спікер верхняй палаты Парламента, ключавая роля адводзіцца менавіта дэпутацкаму корпусу.
![](https://www.lves.by/wp-content/uploads/2025/02/image-55-1024x768.png)
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч таксама прымаў удзел у пасяджэнні:
– Сапраўды, чысціня беларускіх гарадоў і вёсак – гэта ўжо складзены дзесяцігоддзямі брэнд. І тое, што так будзе і далей, сведчыць дзяржаўны клопат у гэтай сферы. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 3 студзеня 2025 года № 1 бягучы год аб’яўлены
Годам добраўпарадкавання. Гэта яшчэ раз падкрэслівае, што парадак у нашым доме будзе ладзіцца нашымі сіламі і па нашых правілах. Безумоўна, роля дэпутатаў розных узроўняў, асабліва ў сельскай мясцовасці – важкая, лічы, першачарговая. Сёння народныя абраннікі павінны не толькі чуць выбаршчыкаў і быць каталізатарам вырашэння надзённых пытанняў, важна ўлаўліваць загадзя гэтыя сітуацыі і акумуляваць людзей вакол іх вырашэння.
Прыемна, што на Ляхавіччыне механізм узаемадзеяння, лічы, адладжаны, а, галоўнае, дае плён. Грамадзянскія ініцыятывы даказалі сваю дзейнасць у справе. Напрыклад, сітуацыю з добраўпарадкаваннем могілак, якіх у раёне налічваецца 65 (знаходзяцца на балансе камунгаса), жыхары многіх населеных пунктаў вырашылі не пакідаць толькі на камунальнікаў. У любой
справе важны чалавек з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. Калі такі чалавек ёсць – стараста, напрыклад, – ён хутка дае старт для вырашэння праблемы. Менавіта грамадзянская ініцыятыва дапамагла, каб на могілках у Гуце і Куліках з’явілася жалезабетонная агароджа. Частку сродкаў сабралі неабыякавыя землякі, частку выдзеліў камунгас, які і займаўся ўстаноўкай. Акрамя таго, на такіх месцах за парадкам заўжды сочыць не толькі служба ЖКГ, але і самі жыхары становяцца арганізатарамі суботнікаў. Прыклад пайшоў у масы – цяпер такі праект рэалізуецца ў Рагачах. А ў Галаўнінцах выдаляць сухую расліннасць і кустоўе на могілках камунгасу дапамагаюць вяскоўцы. Хутка пачнуцца работы на могілках у Альхоўцах. Жыхары на чале са старастай і ініцыятыўнымі людзьмі пачалі збор сродкаў, каб укласціся ў агульную справу. На чарзе Ліпск, спадзяюся, і там падтрымаюць такую ж ідэю.
Як бы банальна ні гучала, але павінна быць ініцыятыва – а гэта людзі! Сёння нашы старасты, дэпутаты маюць аўтарытэт і давер у сваіх вёсках і акругах, таму могуць аб’яднаць на добрую справу людзей. Суботнікі і спантанныя добрыя справы для іх – не выпадковыя сюжэты! Людзі гатовы працаваць побач са сваімі акруговымі дэпутатамі і старшынямі сельвыканкамаў, давяраць ім праблемы, калі будуць бачыць вынік. Сёння ў нас досыць прыкладаў, калі рознага роду вясковыя нязручнасці ў плане добраўпарадкавання ператвараліся ў станоўчыя прыклады. З’явіўся прыпыначны пункт у Малым Гарадзішчы, добраўпарадкаваны прыпынкі па патрабаванні ў Галаўнінцах і Тухавічах, вырашаны незразумеласці па пракладцы водаправода ў Малым Гарадзішчы і г. д. І гэта дзякуючы супраўніцтву зацікаўленых службаў і дэпутатаў розных узроўняў. Дарэчы, падчас сходаў па вырашэнні пытанняў мясцовага значэння людзі не аднойчы дзякавалі за працу сваім народным абраннікам.
![](https://www.lves.by/wp-content/uploads/2025/02/image-56-1024x768.png)
І, канешне, немагчыма не сказаць пра грамадзянскую ініцыятыву, якая ўжо знайшла рэалізацыю ў вёсцы Марынова. Уздоўж дарогі Р-43
з’явіўся памятны знак спаленым у гады Вялікай Айчыннай вайны вёскам. І за ім стаяць нашы неабыякавыя землякі: і матэрыяльна ўклаліся, а колькі суботнікаў і працоўных дэсантаў ініцыявалі там дэпутаты, старшыні сельвыканкамаў. І, што самае галоўнае, прыцягнулі да справы моладзь.
Таму ў Год добраўпарадкавання нашы справы і памкненні павінны загучаць яшчэ мацней! І ініцыятывы ў нашых землякоў ужо ёсць.
Маргарыта
КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.