Дапаможа ўніверсальны ўрач. На сходах грамадзян па вырашэнні пытанняў мясцовага значэння неаднойчы ўздымаліся пытанні наконт магчымасці атрымання талончыка на прыём да медыкаў – вузкіх спецыялістаў.

Сёлета на сходах грамадзян па вырашэнні пытанняў мясцовага значэння неаднойчы ўздымаліся пытанні наконт магчымасці атрымання талончыка на прыём да медыкаў – вузкіх спецыялістаў. У пералік так званых «дэфіцытных» спецыяльнасцей апошнім часам трапляюць неўролаг, зубны фельчар, афтальмолаг. 

За каментарыямі «ЛВ» звярнуўся ў Ляхавіцкую ЦРБ. Сітуацыю тлумачыць загадчык аддзялення ўрача агульнай практыкі паліклінікі Святлана ЮНІК:

– Ва ўстановах аховы здароўя Ляхавіцкай ЦРБ працуюць 13 урачоў агульнай практыкі. Сама назва гэтай спецыяльнасці сведчыць, што такія ўрачы аказваюць кваліфікаваную медыцынскую дапамогу не толькі па тэрапеўтычным профілі, але і як урач неўролаг, оталарынголаг, дэрматавенеролаг і іншае: прызначаюць лячэнне, даюць накіраванне на здачу аналізаў ці на атрыманне фізіяпрацэдур, праходжанне дадатковага абследавання. Калі ж лячэнне не дае станоўчых вынікаў ці выяўляюцца ўскладненні, урач агульнай практыкі праз спецыялізаваную электронную сістэму накіроўвае пацыента да вузкага спецыяліста.
Жыхарам сельскай мясцовасці, якія замацаваны за амбулаторыямі ўрача агульнай практыкі, у першую чаргу неабходна звярнуцца да ўрача ў сваю АУАП. Алгарытм аналагічны таму, што і ў горадзе.
Што тычыцца, напрыклад, урача-афтальмолага, то праверыць зрок можна непасрэдна ў кабінеце афтальмолага паліклінікі, неабходныя працэдуры зробіць вопытная медсястра кабінета. Пры неабходнасці атрымання пацыентам афтальмалагічнага ўрачэбнага агляду і прызначэння лячэння, выдаюцца талончыкі да афтальмолагаў, якія вядуць прыём у Баранавіцкіх паліклініках.

Штотыднёва ў Ляхавіцкай ЦРБ выдаецца да 30 такіх талончыкаў. А вось праблема атрымання талона да медыкаў стаматалагічнага аддзялення паліклінікі пакуль застаецца актуальнай. Прычына – кадравая. Магчыма, яна будзе мець станоўчае вырашэнне ў жніўні гэтага года, калі прыйдуць на сваё першае працоўнае месца маладыя медыкі.