Аптэкі працуюць без ажыятажу. «ЛВ» пацікавіўся, як сезонныя справы ў ляхавіцкіх аптэках Брэсцкага РУП «Фармацыя»

У сезон прастуд і рэспіраторных інфекцый аптэкі становяцца месцам асаблівага інтарэсу землякоў. «ЛВ» пацікавіўся, як сезонныя справы ў ляхавіцкіх аптэках Брэсцкага РУП «Фармацыя»
– Сітуацыя ў аптэках спакойная. Няма ніякага ажыятажу, аптэкі поўнасцю забяспечаны сродкамі для лячэння розных захворванняў. Пастаянна аналізуем пакупніцкі попыт. Найбольшай папулярнасцю ў ляхавічан зараз карыстаюцца безрэцэптурныя прэпараты: сасудазвужальныя сродкі для носа, пасцілкі і таблеткі пры болях у горле ці кашлі. Што тычыцца папаўнення аптэчных прэпаратаў, то цэнтральная раённая аптэка абнаўляе свой «арсенал» двойчы на тыдзень, іншыя аптэкі атрымліваюць тавар штотыднёва. Супрацьвірусныя прэпараты, ад кашлю, гарачкапаніжальныя, насмарку як айчыннай, так і замежнай вытворчасці можна без праблемы купіць у любой аптэцы. Дарэчы, рэжым работы нашых аптэк зручны для людзей. Графік залежыць ад месца знаходжання аб’екта, ад пары года і іншых складнікаў. У Ляхавіцкім раёне шэсць аптэк «Фармацыі»: пяць у райцэнтры, адна ў Крывошыне. Гарадскія аптэкі, акрамя размешчанай у паліклініцы, працуюць штодзённа.
Самая «позняя» аптэка – у магазіне «Санта», яна прымае пакупнікоў да 22 гадзін. Як паказаў час, такі графік даволі запатрабаваны ў насельніцтва, – расказвае загадчык Ляхавіцкай цэнтральнай раённай аптэкі № 56 Таццяна Салодкая.
А нам, пакупнікам, застаецца быць узаемаветлівымі: мець цярпенне і захоўваць дыстанцыю – такая перасцярога ў перыяд уздыму захворвання ВРВІ лішняй дакладна не будзе.
Галіна КАНЬКО.

