Наша родная! 21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы

21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Нават нягледзячы на тое, што ў Беларусі дзве дзяржаўныя мовы і ў многіх з нас дома часцей за ўсё гучыць руская, большасць жыхароў краіны назвала роднай беларускую мову.

Па выніках апошняга перапісу насельніцтва 61,2 працэнта апытаных беларусаў менавіта беларускую мову лічаць роднай. А Ляхавіцкі раён і наогул увайшоў у пяцёрку рэгіёнаў краіны, дзе жыхары найчасцей выказвалі такое меркаванне. На адпаведнае пытанне анкеты беларускую мову выбралі больш за 87 працэнтаў рэспандэнтаў з нашага раёна! Сярод іх – і ляхавічанка Людміла Курловіч (на здымку з вучнямі СШ № 1).

Больш за 17 гадоў Людміла Уладзіміраўна працуе настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў СШ № 1 г. Ляхавічы. Яна вучыць школьнікаў не толькі граматна размаўляць і пісаць па-беларуску, але і бачыць прыгожае ў звычайным слове, разважаць,  суперажываць, даходліва даносіць сваю думку. Акрамя звычайных класаў Людміла Курловіч працуе і ў профільных групах, дзе паглыблена вывучаюцца родная мова і літаратура.
Выключнае валоданне мовай і майстэрства зацікавіць сваім прадметам даюць педагагічны плён. Яе вучні – сярод пераможцаў навукова-практычнай канферэнцыі, абласных і рэспубліканскіх конкурсаў. Але галоўнае – яны ўмеюць размаўляць па-беларуску і з задавальненнем і гонарам робяць гэта.