Памяць і боль афганскай вайны. У суботу 15 лютага па традыцыі агульны збор быў аб’яўлены каля памятнага знака воінам-інтэрнацыяналістам у Ляхавічах
Штогод да Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў і напярэдадні чарговай даты вываду савецкіх войскаў з Афганістана па ўсёй краіне праходзяць разнастайныя мерапрыемствы-ўшанаванні, мітынгі, урокі мужнасці.

Напярэдадні памятнай даты старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пётр Пархомчык сустрэўся з ветэранамі вайны ў Афганістане. Сярод запрошаных на прыём да губернатара і старшыня Ляхавіцкай раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» Генадзій Лойка.
– Сустрэча з Кіраўніком Брэстчыны Пятром Пархомчыкам прайшла ў цёплай атмасферы. Былыя воіны-інтэрнацыяналісты задавалі хвалюючыя пытанні, уздымалі тэмы льгот, медабслугоўвання. Таксама размова ішла аб прысваенні прозвішчаў воінаў-інтэрнацыяналістаў установам адукацыі, аб доглядзе помнікаў загінулых воінаў, – расказвае Генадзій Лойка.
Напярэдадні Дня памяці на Ляхавіччыне ўшаноўвалі землякоў-воінаў-інтэрнацыяналістаў. У кожнай школе прайшлі мерапрыемствы, прымеркаваныя да гэтай даты, сустрэчы з воінамі-інтэрнацыяналістамі.
Школьнікі, прадстаўнікі БРСМ, Маладзёжнага парламента пры райсавеце дэпутатаў, ваенкамата, сельвыканкамаў добраўпарадкавалі магілы загінулых і памерлых воінаў-інтэрнацыяналістаў, усклалі кветкі.
У суботу 15 лютага па традыцыі агульны збор быў аб’яўлены каля памятнага знака ў райцэнтры. І праз дзесяцігоддзі афганскае братэрства па-ранейшаму моцнае, шчырае, назаўжды. І гэта відавочна па тым, як радаваліся сустрэчы ветэраны-«афганцы». Пад гукі духавога аркестра ляглі вянкі і кветкі да памятнага знака, хвілінай маўчання ўшанавалі памяць загінулых. Потым урачыстасці перамясціліся ў гарадскі Дом культуры. Тыя, хто прайшоў нялёгкі шлях вайны ў чужой краіне, прадстаўнікі органаў улады, грамадскіх арганізацый, моладзь, школьнікі сабраліся разам, каб успомніць тых, на чый лёс выпала вайна далёка ад Радзімы. Колькі шчырых, пранікнёных слоў у адрас
былых салдатаў сказалі начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Вольга Бурак і старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» Генадзій Лойка. Падзякаваў салдатам афганскай вайны за мужнасць, адвагу і вернасць прысязе начальнік адасобленай групы Ляхавіцкага раёна ваеннага камісарыята г. Баранавічы, Баранавіцкага і Ляхавіцкага раёнаў Арцём Кірута. І ў знак прызнання і пашаны прагучалі канцэртныя нумары ў выкананні артыстаў і калектываў
раёна.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.