Выявіць, а лепш – прадухіліць. У мінулым годзе на Ляхавіччыне выяўлены тры злачынствы, звязаныя з унясеннем службовымі асобамі сельгаспрадпрыемстваў заведама непраўдзівых звестак і запісаў у афіцыйныя дакументы

Прэзідэнт Беларусі паставіў задачу – забяспечыць самую рашучую барацьбу з карупцыяй, асаблівы акцэнт – на ўхіленне прычын, што садзейнічаюць карупцыі, і папярэджанне карупцыйных праяўленняў.
Карупцыя – грамадска-палітычная праблема, якая зніжае тэмпы эканамічнага росту. Злачынствы карупцыйнай накіраванасці наносяць істотную шкоду аўтарытэту дзяржаўнай улады, падрываюць давер грамадзян да ўлады.
Па выніках 2024 года на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна адзначаецца зніжэнне колькасці зарэгістраваных карупцыйных злачынстваў у параўнанні з 2023 годам. У мінулым годзе выяўлены тры злачынствы, звязаныя з унясеннем службовымі асобамі сельгаспрадпрыемстваў заведама непраўдзівых звестак і запісаў у афіцыйныя дакументы. Акрамя таго, работнікамі ТЦСАН, СААТ «Ляхавіцкі малочны завод», Ляхавіцкай ЦРБ учынены злачынствы, звязаныя з крадзяжом паліва са службовых аўтамабіляў. Найбольшая колькасць
карупцыйных праяўленняў і злачынстваў у раёне – у прамысловасці і сельскай гаспадарцы. Напрыклад, службовая асоба аднаго з перапрацоўчых прадпрыемстваў раёна атрымала хабар ад прадстаўніка прыватнай арганізацыі за правядзенне закупкі.
Адзначу, што супрацоўнікам праваахоўных органаў неабходна праводзіць больш прынцыповую
работу па выяўленні фактаў карупцыйных праяўленняў і злачынстваў, актывізавацца ў гэтым напрамку.
У 2024 годзе на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна праведзена пэўная работа па прафілактыцы і супрацьдзеянні карупцыі. У антыкарупцыйных мерапрыемствах удзельнічаюць не толькі праваахоўныя органы, але і органы мясцовага кіравання, прадпрыемствы розных формаў уласнасці. Летась
пракуратурай Ляхавіцкага раёна праведзена пяць праверак па наглядзе за выкананнем заканадаўства аб барацьбе з карупцыяй, унесена тры прадстаўленні аб ухіленні парушэнняў заканадаўства аб барацьбе з карупцыяй і чатыры прадпісанні, пяць асоб прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці, адна – да матэрыяльнай.
З мэтай спынення фактаў карупцыі пракуратурай раёна праведзены праверкі выканання заканадаўства аб барацьбе з карупцыяй у ААТ «Жарабковічы», ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод», упраўленні па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, цэнтры забеспячэння дзейнасці бюджэтных арганізацый. Неналежная арганізацыя работы па прафілактыцы карупцыйных праяўленняў як у рабоце кадравых службаў, так і ў дзейнасці камісій па барацьбе з карупцыяй – асноўныя прычыны выяўленых парушэнняў. Даводзіцца канстатаваць, што на некаторых прадпрыемствах і ў арганізацыях камісіі па супрацьдзеянні карупцыі працуюць фармальна.
Падчас праверкі, што праводзіла пракуратура, устаноўлены факты ўчынення карупцыйных правапарушэнняў службовымі асобамі дзяржаўных прадпрыемстваў. Устаноўлена, што намеснік дырэктара аднаго з прадпрыемстваў раёна выкарыстоўваў службовы аўтамабіль у асабістых інтарэсах, ігнараваў ускладзеныя на яго абавязкі па ўнясенні ў дарожныя лісты звестак аб эксплуатацыі службовага аўтатранспарту. Акрамя таго, на службовым аўтамабілі неаднойчы парушаў Правілы дарожнага руху, за што прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці. Неправамернае выкарыстанне аўтамабіля пацягнула дадатковыя транспартныя выдаткі для прадпрыемства, якія службовая асоба кампенсавала.
Падчас нагляднай дзейнасці пракуратурай раёна ўстаноўлены парушэнні заканадаўства аб закупках і барацьбе з карупцыяй ў цэнтры забеспячэння дзейнасці бюджэтных арганізацый. Выяўлены факты заключэння дагавораў пасля правядзення працэдуры закупак па кошце, што перавышае найбольшую цану прадмета дзяржаўнай закупкі; неабгрунтаванага змянення аб’ёму і колькасці прадмета дзяржзакупкі.
У даведках аб правядзенні закупак з адной крыніцы не адлюстроўваліся звесткі аб выніках вывучэння кан’юнктуры рынку,
а таксама ўстаноўлены парушэнні пры вывучэнні кан’юнктуры рынку з мэтай вызначэння найбольшай цаны прадмета дзяржзакупкі.
Выяўлены і парушэнні патрабаванняў заканадаўства аб барацьбе з карупцыяй пры назначэнні на кіруючыя пасады асоб, звольненых па дыскрэдытуючых падставах. Такога кшталту прыклад быў у СУП «Ліпнянка».
У дзейнасці дзяржаўных органаў і арганізацый сістэматычна выяўляюцца асобныя недахопы і істотныя недагляды
пры запаўненні і прадастаўленні дэкларацый аб даходах і маёмасці. Напрыклад, у 2024 годзе такія парушэнні мелі месца ў райсельгасхарчы.
Аддзелу ўнутраных спраў райвыканкама неабходна актывізаваць работу па ўзаемадзеянні з кантралюючымі органамі па выяўленні парушэнняў антыкарупцыйнага заканадаўства. Асноўныя намаганні неабходна сканцэнтраваць на выяўленні фактаў хабарніцтва, злоўжывання ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі пры правядзенні закупак, заключэнні дагавораў у прамысловым сектары і ў сельгаспрадпрыемствах раёна.
Райвыканкаму трэба прыняць практычныя меры па павышэнні эфектыўнасці арганізацыі падведамаснага кантролю за выкананнем службовымі асобамі антыкарупцыйнага заканадаўства.
Ігар ПАЛЫКА,
пракурор Ляхавіцкага раёна.