Рэсурс павышанай важнасці. 21 лютага — Дзень работнікаў землеўпарадкавальнай і картографа-геадэзічнай службы

●Пытанні землеўпарадкавання актуальны ва ўсе часы.
І ўчора, і сёння прыродны рэсурс – зямля – не страчвае сваёй каштоўнасці і патрабуе гаспадарскага падыходу

Дзяржаўны кантроль за выкарыстаннем і аховай земляў, правядзеннем і якасцю землеўпарадкавальных і зямельна-
кадастравых работ на тэрыторыі раёна ажыццяўляе аддзел землеўпарадкавання райвыканкама. Яго начальнік Наталля
Крымская пераканана, што кожная палоска зямлі павінна ўтрымлівацца ў належным стане і мець свайго гаспадара.
Парадак на зямлі – аснова асноў, і гэта вызначальна ў Год добраўпарадкавання для спецыялістаў аддзела. Напярэдадні прафесійнага свята, якое зямельная служба адзначае 21 лютага, «ЛВ» пацікавіўся вынікамі прафесійнай дзейнасці «зямельнікаў».
Калектыў аддзела землеўпарадкавання – невялікі, але высокапрафесійны, справу ведае дасканала, дзейнічае ў адпаведнасці з літарай закону. За кожным са спецыялістаў замацавана пэўная тэрыторыя раёна, дзе яны не толькі ўпаўнаважаны сачыць за эфектыўным выкарыстаннем земляў, але, у тым ліку, і разглядаць матэрыялы па прадастаўленні і адабранні зямельных участкаў, падаўжэнні тэрмінаў іх выкарыстання і г. д.
Так, сярод службовых абавязкаў намесніка начальніка аддзела Леаніда Колбіна і пытанні, якія датычаць садаводчых таварыстваў. За галоўным спецыялістам Уладзімірам Стыкуцем замацаваны зямельныя справы на тэрыторыі Ляхавічаў і Навасёлкаўскага сельсавета, за Ірынай Садоўскай – Конькаўскі, Крывошынскі і Востраўскі сельсаветы, за Андрэем Плескацэвічам – Жарабковіцкі, Альхоўскі і Ганчароўскі сельсаветы. Інспектар Марыя Доўгая вядзе Начаўскі сельсавет, а таксама справаводства аддзела. У адрас кожнага з калег Наталля Крымская не шкадуе слоў удзячнасці за добрасумленную працу.
За 2024 год аддзел землеўпарадкавання разгледзеў па зямельных пытаннях 296 заяў ад насельніцтва і 342 ад юрыдычных асоб. Разгледжана 412 матэрыялаў аб прадастаўленні зямельных участкаў, падрыхтавана 234 праекты рашэнняў для сельвыканкамаў.
Летась на тэрыторыі раёна, дзякуючы таксама і намаганням
спецыялістаў аддзела землеўпарадкавання, у сельгасабарот уцягнута амаль 133 гектары зямлі, у тым ліку пасля зносу пустуючых і старых дамоў, асваення сельгасарганізацыямі несельскагаспадарчых земляў і г. д. У склад ляснога фонду перададзена 213 гектараў земляў, занятых драўнінна-хмызняковай расліннасцю.
За мінулы год для пашырэння прыватнай падсобнай гаспадаркі прадастаўлена ў арэнду насельніцтву 15 зямельных участкаў агульнай плошчай больш за 26 гектараў.
Інфармацыя для тых, хто жадае мець дом ці ўчастак сваёй мары – на Ляхавіччыне ў спісе для будаўніцтва і абслугоўвання аднакватэрных жылых дамоў маецца 37 участкаў, 44 – для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі, яшчэ восем – для іншага прызначэння, шэсць – для скошвання сена і выпасу сельскагаспадарчай жывёлы. Спіс незанятых участкаў для будаўніцтва папоўнілі і сем з Нетчына, якія з’явіліся пасля пераразмеркавання і навядзення парадку. Пасля такой працэдуры з’явіліся новыя адрасы для продажу з аўкцыёну ў Літве.
Дарэчы, на Ляхавіччыне назіраецца попыт на ўзвядзенне жылля як ў межах райцэнтра, так і ў сельскай мясцовасці: у 2024 годзе
прадастаўлены два ўчасткі без правядзення аўкцыёну для будаўніцтва дамоў у Заліпенні і ў Грушаўцы, пададзены дзве заявы для ўзвядзення жылля ў горадзе.
Задач і клопатаў у спецыялістаў аддзела нямала. У цэнтры ўвагі і інвентарызацыя земляў, зямельных участкаў. На тэрыторыі раёна
выяўлены 854 зямельныя ўчасткі (у тым ліку 288 у Ляхавічах), што маюць прыкметы самавольнага захопу ці нямэтавага выкарыс-
тання або парушэння межаў. Ад гаспадароў патрабуецца іх вызваліць ці легалізаваць. Часцей за ўсё лічаць «сваімі» ўчасткі пад агароды, гаражы і гаспабудовы. Дарэчы, летась прыняты  32 рашэнні па легалізацыі зямельных участкаў, адно – рашэнне аблвыканкама. У выніку ў бюджэт паступіла больш за 46 600 рублёў. Накіравана 78 даручэнняў па падрыхтоўцы матэрыялаў па легалізацыі, у раёне
вызвалены 91 участак зямлі.
Важна ведаць, што ў Беларусі землекарыстальнікам далі шанц легалізаваць самавольна занятыя ўчасткі – нядаўна тэрмін «зямельнай амністыі» падоўжаны да 1 студзеня 2028 года. Але не трэба адкладваць на заўтра афармленне зямлі, бо працэс вырабу адпаведных матэрыялаў патрабуе пэўнага часу.
А гэта навіна абяцае палепшыць якасць сувязі ў сельскай мясцовасці: дадзена згода на ўстаноўку пяці вышак сотавай сувязі ў Тальмінавічах, Русінавічах, Альхоўцах, Гайнінцы і Куршынавічах.
– Шчыра віншую ўсіх калег з прафесійным святам. Калектыў наш працаздольны, і нам па плячы любыя задачы. Хачу пажадаць здароўя, шчасця і невычэрпнай энергіі, – адрасуе словы віншавання начальнік
аддзела Наталля Крымская.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.