Не толькі выслухаць, але і вырашыць. Сход па вырашэнні пытанняў мясцовага значэння ў Конькаўскім СДК Ляхавіцкага раёна стаў ужо восьмым, што прайшоў з пачатку года

Пералік пытанняў, узнятых жыхарамі Конькаўскага сельсавета і вяскоўцамі традыцыйны для такога кшталту мерапрыемстваў. У асноўным дыялог ішоў па камунальных, дарожных тэмах, таксама гаварылі пра асвятленне, зямельную амністыю, медыцынскае і транспартнае абслугоўванне, бяспеку дарожнага руху.
Што тычыцца наказаў, якія жыхары сельсавета давалі на леташнім сходзе, то, па словах старшыні Конькаўскага сельвыканкама Мікалая Прыхача, амаль усе яны выкананы. Сказанае пацвердзіла і прадстаўнік грамадскасці вёскі Літвы, якая падзякавала раённай уладзе, розным службам і арганізацыям за тое, што большасць пытанняў, узнятых жыхарамі Літвы, паспяхова вырашана. Разам
з тым па-ранейшаму на парадку дня падсыпка ўчасткаў дарогі па вуліцах Леніна і Палявой у гэтым населеным пункце.
Галоўны інжынер ДРБУ-200 Яўгеній Занько паабяцаў: як толькі дазволяць умовы надвор’я, рамонт азначаных участкаў пачнецца.
Дарожная тэматыка закранула і вёску Туркі, дарогу Ляхавічы – Конькі. Даўно чакае рамонту ўчастак дарогі на развязцы на вуліцы Садовай
у Федзюках. Дадзена даручэнне ДРБУ-200 своечасова праводзіць прафіляванне і ямачны дарожны рамонт.
Жыхарка Конек абуралася, што яшчэ два гады назад абяцалі адрамантаваць асфальтавае пакрыццё на вуліцы Кастрычніцкай у Коньках, але абяцанні так і не выканалі.
Яшчэ адно пытанне ад жыхароў Літвы – ці магчыма
падключыць дамы вяскоўцаў да цэнтральнай каналізацыі. Дырэктар КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Андрэй Чайкоўскі адзначыў, што алгарытм тут даволі просты: ствараецца кааператыў з долевым удзелам: 70 працэнтаў выдаткоўвае дзяржава, 30 працэнтаў – грамадзяне.

Асвятленне і ўладкаванне пешаходнай дарожкі да чыгуначнага прыпыначнага пункта «Шчара» – праблема, узнятая жыхаркай Федзюкоў. Вяскоўка пацікавілася, наколькі рэальна змяніць рух гарадскога аўтобуса ў Ляхавічах, каб пасажыры, якія прыязджаюць на чыгуначны вакзал у райцэнтры, паспявалі на рэйс аўтобуса, што адпраўляецца ад чыгуначнай станцыі пасля 13 гадзін. Інжынер-тэхнолаг аўтаатрада прыгарадных, міжгародніх і міжнародных пасажыраперавозак ААТ «Аўтапарк г. Баранавічы» Андрэй Масцілоўскі паабяцаў разабрацца ў сітуацыі, як і ў магчымасці рэарганізацыі маршруту аўтобуса Баранавічы – Ляхавічы з заездам у Конькі. Таксама неабыякавая жыхарка Федзюкоў звярнулася з просьбай да старшыні Конькаўскага сельвыканкама пра-
водзіць больш разнапланавую інфармацыйна-растлумачальную работу з жыхарамі сельсавета, якія гатовы, у тым ліку, і да ўдзелу ў суботніках і іншых карысных справах.
Просьба ад жыхароў сельсавета да раёна электрасетак – паляпшэнне асвятлення на вуліцы Школьнай у Коньках, па вуліцы Першамайскай у Федзюках – у бок прыпыначнага пункта «Шчара». Жыхароў Конек непакоіць і якасць інтэрнэту, цікавіліся, калі будзе праведзена оптавалакно. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч расказаў, што гэта пытанне будзе адрасавана ва ўчастак электрасувязі і будзе трымацца на кантролі.
І для жыхароў Конькаўскага сельсавета актуальна пытанне атрымання талончыка да ўрачоў вузкіх спецыяльнасцей у рэгістратуры паліклінкі, па тэлефоне ці праз сістэму «талон.бай». Запатрабавана ў тутэйшых жыхароў і медпаслуга перасоўнага рэнтгенапарата «Пульмаскан». Аднак, па словах загадчыка паліклінікі Анатолія Панько, пакуль перасоўны рэнтгенапарат для жыхароў Ляхавіччыны недаступны – задзейнічаны ў суседнім Ганцавіцкім раёне.
Уладкаванне дарог, як і дарожная бяспека, сярод
папулярных тэм, што абмяркоўваліся на сходзе.Чаму не першы год пры ўездзе ў аграгарадок Конькі з боку Туркоў адсутнічае шыльда з назвай населенага пункта. І калі, у рэшце рэшт, установяць
«спячага паліцэйскага»
напачатку Конек, дзе вельмі небяспечны дарожны рух. Намеснік старшыні райвыканкама Аляксей Галяк, які сярод іншых курыруе і дарожныя пытанні, паабяцаў, што тэмы будуць разгледжаны на бліжэйшым пасяджэнні раённай камісіі па бяспецы дарожнага руху.
З прыемнай навіной на сход прыехаў дырэктар камунгаса Андрэй Чайкоўскі. Рэалізацыя праграмы паляпшэння якасці вады прадаўжаецца. Да пабудаванай станцыі абязжалезвання ў Коньках на 2026 год запланавана замена водаправодных труб. Потым водаправоднае абнаўленне чакаецца і ў Дараве. Краўнік камунальнай службы паабяцаў станоўча вырашыць запыт жыхара вёскі Літвы, які падзяліўся праблемай, што вельмі цяжка купіць дровы ў лясгасе. У якасці альтэрнатывы Андрэй Чайкоўскі прапанаваў вяскоўцу скарыстацца паслугамі і купіць такога кшталту мясцовыя віды паліва ў камунгасе.
Амаль адсутнічалі пытанні ў дачыненні гандлю райпо. Акрамя жыхароў Федзюкоў, якія скардзіліся, што ў магазіне зараз не працуе прадавец, які задавальняў пакупнікоў. Наступная праблема – нізкі тэмпературны рэжым у краме, што яўна не на карысць ні прадаўцу, ні таварам. Намеснік старшыні праўлення райпо Уладзімір Шырэй патлумачыў, што прадавец магазіна часова пераведзены на работу ў аўталаўку, але абавязкова вернецца на сваё асноўнае месца працы ў Федзюках. Адносна тэмпературнага рэжыму – сітуацыя вырашыцца.
– Бясспрэчна, раённая ўлада будзе і далей практыкаваць такія сустрэчы.  Кожнае пытанне ўважліва выслухоўваецца, кожная тэма аналізуецца, выпрацоўваецца алгарытм яе вырашэння. Абавязковы і далейшы кантроль. Стараюцца кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, каб давесці ўзнятыя жыхарамі раёна праблемы да вырашэння, якое задаволіць людзей. Разам з тым і самі аграгараджане і вяскоўцы павінны клапаціцца, каб іх агульны дом – населены пункт быў чыстым, добраўпарадкаваным, утульным. Неабходна не толькі навесці парадак, але і падтрымліваць яго. У Год добраўпарадкавання, аб’яўлены ў Беларусі сёлета, гэта вельмі
актуальна, –
падводзячы вынікі сходу, адзначыў Юрый Чаранкевіч.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.