Устойлівы эканамічны рост і сацыяльная стабільнасць. На Ляхавіччыне ў трэці чацвер месяца на прадпрыемствах і ў арганізацыях працуюць інфармацыйна-прапагандысцкія групы
Традыцыйна ў трэці чацвер месяца на прадпрыемствах і ў арганізацыях працуюць інфармацыйна-прапагандысцкія групы.
У лютым на Ляхавіччыне такія сустрэчы прайшлі з калектывамі ПМК-13, ААТ «Ляхавіцкі льнозавод», ААТ «Шлях новы», гімназіі, СШ № 1 і СШ № 2.

«Вынікі завяршальнай пяцігодкі як аснова стратэгіі паспяховага развіцця краіны» – асноўная тэма дыялогу.
ІПГ пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Мікалая Мароза сустракалася з працоўным калектывам СШ № 2. Галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Ларыса Юшкевіч расказала, з якімі вынікамі
Беларусь уступіла ў апошні год бягучай пяцігодкі. Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка на сёмым Усебеларускім народным сходзе 24 красавіка 2024 года адзначыў: «Мы ніколі яшчэ так не жылі добра,
як цяпер!» Бясспрэчным аргументам на карысць гэтага выказвання з’яўляецца тое, што ва ўмовах санкцый беларуская эканоміка дэманструе ўстойлівы рост і стабільнасць. Назіраецца прырост валавога ўнутранага прадукту, пад кантролем знаходзіцца інфляцыя, растуць грашовыя даходы насельніцтва, беспрацоўе – на мінімальных значэннях.
Як паказваюць сацыяльныя апытанні, большасць грамадзян краіны – 86,6 працэнта – задаволена сваім жыццём. І гэта пацвярджэнне
правільнасці дзяржаўнай сацыяльнай палітыкі, адзін з прыярытэтаў якой – дабрабыт пажылых беларусаў. За 2021–2024 гады пенсія па ўзросце непрацуючага пенсіянера вырасла ў 1,7 раза.

Яшчэ адзін нацыянальны прыярытэт гэтай пяцігодкі – падтрымка сем’яў з дзецьмі. Асаблівае месца займае праграма сямейнага капіталу, якая рэалізуецца з 2015 года пры нараджэнні трэцяга ці наступнага дзіцяці. Пастаянную ўвагу дзяржава надае і сістэме аховы здароўя. Адпаведна, беларуская медыцына інтэнсіўна развіваецца, а грамадзяне атрымліваюць своечасовую і неабходную кваліфікаваную медыцынскую дапамогу. Асаблівая ўвага ў 2021–2024 гадах акцэнтавалася на мадэрнізацыі матэрыяльна-тэхнічнай базы паліклінік і бальніц. У якасці прыкладу Ларыса Юшкевіч прывяла работу, што праводзілася на Ляхавіччыне. За апошнія некалькі гадоў у належны санітарны стан прыведзены ўсе сельскія медыцынскія ўстановы раёна. Выраблена праектна-каштарысная дакументацыя на правядзенне капітальнага рамонту аб’ектаў райбальніцы: кіслародна-размеркавальнай станцыі, галоўнага корпуса райбальніцы з заменай ліфтаў (работы запланаваны на 2025–2027 гады). За кошт сродкаў абласнога і раённага бюджэтаў набыты аўтамабілі для аказання
хуткай медыцынскай дапамогі і медабслугоўвання насельніцтва.
Сёлета Міністэрствам аховы здароўя плануецца закупка перасоўнага медыцынскага комплексу (ФАПа) для Ляхавіцкага раёна, што дазволіць палепшыць медыцынскае абслугоўванне насельніцтва аддаленых вёсак Ляхавіччыны.
Таксама размова ішла пра дасягнутыя поспехі ў павышэнні якасці адукацыі, пра дзяржаўную палітыку па падтрымцы таленавітай і адоранай моладзі, пра раскрыццё культурнага патэнцыялу, павелічэнне даступнасці і павышэнне якасці паслуг культуры, у тым ліку, аказваемых у сельскай мясцовасці, пра больш плённае развіццё турыстычнай індустрыі. Поспехі ў сацыяльнай сферы немагчымы без эканамічнага складніка. Таму першачарговая ўвага – на ўмацаванне эканамічнага патэнцыялу і эфектыўнае развіццё сельскай гаспадаркі.
Кіраўнік раёна Мікалай Мароз падкрэсліў, што менавіта ў школах пачынаецца выхаванне кадраў для розных сфер і галін народнай гаспадаркі. А сённяшнія навучэнцы будуць у адказе і за эканоміку краіны, і за развіццё сацыяльнай сферы. Педагогам трэба вучыць і выхоўваць падрастаючае пакаленне, каб яны ў будучым былі гатовымі жыць, працаваць у сучасных рэаліях.
Яшчэ адна тэма для абмеркавання на сустрэчы – «Прафілактыка сексуальнага насілля ў адносінах да непаўналетніх, распаўсюджвання дзіцячай парнаграфіі, крымінальная адказнасць за ўчыненне згаданай катэгорыі злачынстваў».
Разважаючы на гэту тэму, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Наталля Мацкевіч адзначыла, што неабходна аб’яднаць сілы і намаганні ўсіх зацікаўленых службаў – педагогаў, міліцыі, медыкаў, грамадскіх арганізацый, каб выяўляць неўладкаваныя сем’і, дзе могуць узнікаць факты жорсткіх адносін бацькоў, родных ці блізкіх да дзяцей, папярэджваць сексуальнае, эмацыянальнае ці фізічнае насілле над непаўналетнімі. Бо толькі сумеснымі намаганнямі можна вырашыць праблему насілля ў сям’і.
Старшыня райвыканкама акцэнтаваў увагу на важнасці гэтай тэмы і той ролі, якую павінны выконваць педагогі, каб папярэдзіць такія негатыўныя з’явы ў грамадстве. Не павінна быць абыякавасці ў адносінах да кожнага дзіцяці, прыярытэт – уважлівым і аб’ектыўным адносінам.
З калектывам гімназіі гэтыя актуальныя тэмы абмеркавала ІПГ пад кіраўніцтвам старшыні райсавета дэпутатаў Юрыя Чаранкевіча.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.