Спартыўна-аздараўленчая актыўнасць. Дзеля прыцягнення сельскага насельніцтва да актыўнага адпачынку прайшлі сустрэчы кіраўніцтва спартыўнай галіны Ляхавіччыны з мясцовымі жыхарамі
Дзеля прыцягнення сельскага насельніцтва да актыўнага адпачынку, пашырэння спектра паслуг на фізкультурна-аздараўленчых комплексах 13 і 14 лютага на базах Русінавіцкага, Свяціцкага, Навасёлкаўскага і Тухавіцкага ФАКаў прайшлі сустрэчы кіраўніцтва спартыўнай галіны Ляхавіччыны з мясцовымі жыхарамі.

Так, у Свяціцы на сустрэчу прыйшлі 36 жыхароў. Паступіла прапанова сфарміраваць групу агульнай фізічнай падрыхтоўкі для жанчын. Дарэчы, для работы гэтай групы ДЮСШ Ляхавіцкага раёна ўжо закуплены неабходны спартыўны інвентар (фітмячы). А ў хуткім часе будзе яшчэ адна абноўка – тэнісны стол.
Таксама было разгледжана асноўнае пытанне пра ацэнку дзейнасці ФАКа па звароце жыхара вёскі Свяціца на прамую тэлефонную лінію ў Ляхавіцкі райвыканкам. Мясцовыя жыхары ахарактарызавалі працу інструктара-метадыста са станоўчага боку.
Уздымалася пытанне і па бягучым рамонце ФАКа. Пра запланаваныя віды работ на 2025 год свяцічанам расказала дырэктар ДЮСШ Ляхавіцкага раёна Валяціна Русакевіч.
Старшыня Крывошынскага сельвыканкама Сяргей Баргамон нагадаў, што мясцовая ўлада гатова дапамагаць у вырашэнні пытанняў, у тым ліку ўдасканалення работы фізкультурна-аздараўленчага комплексу.
На сустрэчы ў Тухавіцкім ФАКу мясцовыя жыхары паднялі пытанне пра правядзенне бягучага рамонту, у прыватнасці тут патрабуецца афарбоўка спартыўнай залы і рамонт падсобнага памяшкання. Як запэўніла старшыня Ляхавіцкага раённага ФСК Кацярына Максімчук, на згаданыя віды работ сродкі ў раённым бюджэце ў
2025 годзе прадугледжаны. Што датычыць дзейнасці фізкультурна-аздараўленчага комплексу, то ўдзельнікі сустрэчы таксама выказаліся ў станоўчым рэчышчы.
На трэніроўкі, размінкі і таварыскія матчы ў Русінавіцкім ФАКу прыходзяць і школьнікі, і дарослыя. Нярэдка тут можна сустрэць гасцей з іншых рэгіёнаў, што прыехалі да сваякоў на выхадныя. Асноўнае пытанне, якое хвалюе жыхароў аграгарадка, – рамонт даху комплексу. Сродкі на гэты від работ таксама выдзелены. Рамонт запланаваны сёлета ў трэцім квартале.
На сустрэчы ў Навасёлкаўскім ФАКу прагучала прапанова арганізоўваць спаборніцтвы з прыцягненнем жыхароў іншых населеных пунктаў.
З улікам такога пажадання ўнесены дапаўненні ў каляндарны план спартыўна-масавых мерапрыемстваў, і ўжо 22 лютага адбудзецца турнір па міні-футболе на базе Свяціцкага ФАКа паміж камандамі ўсіх фізкультурна-аздараўленчых комплексаў раёна.
Нагадаю, што ўсе заняткі ў Ляхавіцкім фізкультурна-спартыўным клубе, а таксама ў фізкультурна-аздараўленчых комплексах раёна бясплатныя. І гэта таксама дзяржаўны клопат пра зручнасці, камфорт і магчымасці для развіцця для вясковага насельніцтва.
Таццяна ШЧУКА,
галоўны спецыяліст райвыканкама.