Турнір пяці прайшоў на пяцёрку. На Ляхавіччыне прайшло першынство ДЮСШ Ляхавіцкага раёна па лёгкай атлетыцы на кубак заслужанага трэнера БССР Андрэя Куркача
Адкрытае першынство ДЮСШ Ляхавіцкага раёна па лёгкай атлетыцы на кубак заслужанага трэнера БССР Андрэя Куркача, які на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў стаяў на чале фізкультурна-спартыўнага руху нашага раёна, доўжылася два дні. Юнакі і дзяўчаты 2012 года нараджэння і малодшыя «запалілі» ў памяшканнях спартшколы сапраўдны агонь пачуццяў. Бегалі, спаборнічалі ў скачках і спартыўнай хадзьбе, дэманстравалі камандную згуртаванасць у лёгкаатлетычнай эстафеце. Канкурэнцыю гаспадарам-ляхавічанам складаў квартэт «гасцявых» каманд спартыўных школ з Баранавіцкага, Пінскага, Ганцавіцкага і Столінскага раёнаў.
Паказаныя на бегавой дарожцы і ў скачковым сектары секунды-мінуты, метры-сантыметры часам адрозніваліся не асабліва. Знаходзіліся паблізу, што ўказвае, у тым ліку, на захапляльную напружанасць спартыўнай барацьбы.
А кубак за камандную перамогу застаўся дома, у агульным заліку яе святкавалі юныя лёгкаатлеты ДЮСШ нашага раёна.
– Турнір прайшоў калі не на абсалютную ацэнку па пяцібальнай шкале, то вельмі добра. Спадабаўся і мне, і, што самае галоўнае, дзецям, – адзначыў заслужаны трэнер Андрэй Куркач.
Іван КАВАЛЕНКА.

