Экскурсія ў мінулае стагоддзе. Рэтраэкскурсія ў аўтацэнтр «Вікторыя» у Ляхавічах
Напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны спецыялісты сацыяльна-педагагічнага цэнтра Ляхавіцкага раёна разам з выхаванцамі прыёмных, апякунскіх сем’яў, дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, а таксама з іх бацькамі адправіліся на экскурсію ў аўтацэнтр «Вікторыя», на базе якога сабраны экспанаты рэтрааўтамашын.

Экскурсавод і ўладальнік калекцыі Віктар Шчука сваім займальным расказам адразу пагрузіў удзельнікаў у атмасферу мінулага стагоддзя. Сённяшнім хлопчыкам і дзяўчынкам было цікава на свае вочы ўбачыць аўтамашыны, на якіх працавалі іх дзяды і прадзеды.
Рабяты даведаліся, што на тэрыторыі аўтапарка выстаўлена больш за дзвесце мадэляў рарытэтнай тэхнікі. Гэта не толькі грузавыя, легкавыя машыны часоў Вялікай Айчыннай вайны, але і разнастайная пасля-ваенная сельскагаспадарчая тэхніка, а таксама матацыклы, мапеды і нават дзіцячыя каляскі, якія хлопчыкі і дзяўчынкі бачылі толькі ў фільмах па тэлевізары.
Па словах Віктара Шчукі, гордасцю цэнтра па праве лічыцца МАЗ-205 1947 года выпуску. Кіраўнік разам са сваімі работнікамі адрамантаваў машыну ўсяго за 35 дзён. І ўжо адноўлены грузавік прыняў удзел у парадзе рэтратэхнікі ў Мінску.
У час экскурсіі рабяты абышлі ўсе павільёны і гаражы, пасядзелі за рулём рэтрааўто, а таксама зрабілі нямала сумесных фота на памяць.
Можа хтосьці з хлопчыкаў, натхніўшыся ўбачаным, пажадае звязаць сваё жыццё таксама з аўтатэхнікай. Добры аўтаслесар або аўтаканструктар сёння вельмі запатрабаваны.
Марына ЯРАШ, педагог сацыяльны сацыяльна-педагагічнага цэнтра Ляхавіцкага раёна.
Больше фото здесь.