У кіраўніка раёна і каляджан шмат агульных інтарэсаў

Нягледзячы на напружаны штодзённы графік работы, старшыня райвыканкама Мікалай Мароз знайшоў час, каб сустрэцца з навучэнцамі Ляхавіцкага аграрнага каледжа

Больше фото здесь.

Што ж цікавіць каляджан? Першае пытанне да старшыні райвыканкама – расказаць пра першае месца вучобы пасля школы. Мікалай Мароз адзначыў, што першай прыступкай у самастойным дарослым жыцці стала вучоба ў прафесійна-тэхнічным вучылішчы. Успамінаў, як даводзілася рэдка прыязджаць дамоў, наколькі насычаным было жыццё ў інтэрнаце ПТВ. А сённяшнія каляджане, у сваю чаргу, дзяліліся ўражаннямі ад свайго студэнцтва. У прыватнасці, расказвалі пра тое, што ў ЛАКу
не толькі атрымліваюць добрыя веды і прафесійныя навыкі, тут ладзіцца разнапланавы маладзёжны адпачынак. Гэта спартыўныя і творчыя спаборніцтвы, вечары, экскурсіі, вандроўкі, канцэртныя праграмы, паходы, дыялогавыя пляцоўкі.
– У вас зараз самая цудоўная і незабыўная пара, якая, бясспрэчна, пакіне непаўторныя ўражанні. Цаніце кожнае імгненне і не спяшайцеся паспрабаваць дарослага жыцця, у якім можа быць нямала падводных камянёў. А яшчэ не стамляйцеся спрабаваць сябе ў чымсьці новым, стваральным і пазітыўным, раскрывайце свае здольнасці і таленты, – сказаў старшыня райвыканкама, звяртаючыся да навучэнцаў агракаледжа.
Таксама Мікалай Мароз падкрэсліў, што выпускнікі
сярэдняй спецыяльнай навучальнай установы Ляхавічаў заўжды высока каціруюцца ў якасці спецыялістаў-аграрыяў, тут добрая школа падрыхтоўкі кадраў, выдатная база і прафесійны калектыў выкладчыкаў. Перад сённяшнім пакаленнем навучэнцаў стаіць задача прадаўжаць і ўшаноўваць моцныя і трывалыя каледжскія
традыцыі.
Дырэктар ЛАКа Ірына Прыступа-Юнік пазнаёміла з планамі і перспектывамі навучальнай установы, з новымі спецыяльнасцямі, якія, плануецца, можна будзе атрымаць тут у бліжэйшы час.
Як і ў любога чалавека, у кіраўніка раёна ёсць свае захапленні і любімыя заняткі.
Навучэнцы з інтарэсам даведаліся, што, як толькі выпадае вольны час, Мікалай Мароз спяшаецца
ў родны бацькоўскі дом на Століншчыне, каб падтрымліваць там парадак, а яшчэ кіраўнік раёна любіць майстраваць,
цяслярыць.
Ірына Прыступа-Юнік пацікавілася, ці ёсць у Мікалая Мароза любімае месца на Ляхавіччыне. Аказваецца, такім месцам атрымання станоўчых эмоцый, душэўных сіл, добрага настрою для кіраўніка раёна з’яўляюцца ўтульныя лясныя куточкі за вёскай Мінічы, дзе
можна выдатна сабрацца з думкамі, адчуць асалоду ад прыроды, падыхаць гаючым лясным водарам.
Старшыня райвыканкама і каляджане сышліся ў меркаванні, што ў Ляхавіцкім раёне шмат адметных гістарычных, культурных, культавых мясцін. Выказалі агульнае меркаванне, што ўсё гэта трэба берагчы, абнаўляць і захоўваць для будучых пакаленняў. Юнакі і дзяўчаты падзяліліся, што яны актыўна ўдзельнічаюць у разна-
стайных мерапрыемствах па добраўпарадкаванні і навядзенні парадку і не толькі на тэрыторыі каледжа.
Намеснік дырэктара ЛАКа Таццяна Траццяк нагадала, што каляджане з гатоўнасцю прымаюць удзел у акцыях «Аднавім лясы разам», «Чысты бераг», шчыравалі на добраўпарадкаванні Кургана Славы, будуць наводзіць парадак пасля ўстаноўкі помніка спаленым вёскам у Марынове. І тут жа на сустрэчы ўзнікла ідэя правесці для каляджан і выкладчыкаў паходы і велаэкскурсіі па розных памятных і краязнаўчых мясцінах. Акрамя таго, на тэрыторыі
каледжа з’явіцца і экалагічная сцяжынка.
Чаму б не арганізаваць кінатэатр пад адкрытым небам, варыянты адкрыцця маладзёжнага кафэ – і гэта хвалюе каляджан.
Адна з просьбаў каляджан тычылася магчымасці папрацаваць пасля заняткаў. Моладзь гатова на любую работу, якая не патрабуе кваліфікацыі. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Вольга Бурак, якая таксама прыняла ўдзел у сустрэчы, адзначыла, што на Ляхавіччыне нямала месцаў, дзе моладзь можа рэалізаваць свой запал, энергію, жаданне зарабіць уласныя грошы. Дырэктар каледжа падзялілася, што наладжаны цесныя сувязі з ААТ «Жарабковічы», «Нача», «Шлях новы», СВК «Ляхавіцкі», дзе каляджане маюць магчымасць папрацаваць, умацаваць на практыцы свае веды і папоўніць уласны бюджэт.
Сярод іншых тэм абмяркоўвалася і магчымасць правядзення сустрэч з кіраўнікамі розных службаў і падраздзяленняў райвыканкама, некаторых прадпрыемстваў і арганізацый раёна.
«Усё прайшло выдатна! Тут не было калі сумаваць. Цікава –
і кропка. Было што паслухаць!» – толькі частка эмоцый, якія
пакінула сустрэча і ў гасцей, і ў гаспадароў. І літаральна ўсе выказаліся за далейшы працяг такога дыялогу.
Мікалай Мароз таксама наведаў экспазіцыйныя залы каледжа, дзе знаходзяцца разнастайныя этнаграфічныя, гістарычныя, культуралагічныя, краязнаўчыя экспанаты.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.