Для нашых абаронцаў – цёплыя віншаванні і «Маміны пірагі»

Мінулы тыдзень прайшоў у Беларусі пад знакам павышанай усеагульнай увагі ў цэлым да мужчынскай паловы насельніцтва і, у прыватнасці, да тых, хто служыў і служыць ва Узброеных Сілах. Людзі ў ваеннай форме сталі галоўнымі героямі на школьных сустрэчах, у сачыненнях і малюнках падрастаючага пакалення. У гонар Дня абаронцаў Айчыны рыхтаваліся віншавальныя паштоўкі і кранальныя ранішнікі ў дзіцячых садках, праходзілі спаборніцтвы, канцэрты, тэматычныя выставы, урачыстыя сходы і мітынгі, шчырыя віншаванні ў працоўных калектывах. Усё гэта было і ў нашым раёне.

На плошчы Перамогі ў Ляхавічах прайшоў мітынг з ускладаннем кветак да помніка воінам-вызваліцелям, а ў ГДК – святочны канцэрт. Намеснік старшыні райвыканкама Алег Траццяк уручыў заслужаныя ўзнагароды людзям у форме.


Як заўсёды, цёплай і сардэчнай атрымалася акцыя Беларус-
кага саюза жанчын «Маміны пірагі». Напярэдадні 23 лютага нашы зямлячкі пабывалі ў гасцях у ваеннаслужачых батальёна кіравання 8-й радыётэхнічнай брыгады Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны, што дыслацыруецца ў нашым раёне, і ў воінскай часці 7404 унутраных войскаў МУС у г. Баранавічы. Жанчыны пацікавіліся, як арганізаваны быт ваеннаслужачых, як праходзіць іх служба, падзякавалі салдатам і афіцэрам, якія сёння стаяць на абароне міру ў сваёй краіне. Члены БСЖ, валанцёры сярэбранага ўзросту і прафсаюзныя актывісткі падрыхтавалі для сённяшніх абаронцаў Айчыны не толькі шчырыя віншаванні, а і выпечку ўласнага вырабу, каб пачаставаць салдатаў тэрміновай службы дамашнімі прысмакамі.
Да віншаванняў далучыўся і прафсаюз работнікаў аграпрамысловага комплексу са сваёй акцыяй «Народ і армія адзіныя». Прадстаўнікі раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК, прадстаўнікі прафсаюзных арганізацый ААТ «Жарабковічы» і «Шлях новы» падрыхтавалі персанальныя віншаванні для ваеннаслужачых, якія да прызыву працавалі ў гэтых сельгаспрадпрыемствах Ляхавіччыны.
Святлана СТЫКУЦЬ.