Перадвеснавыя агледзіны. 28 лютага завершаны тэхагляд у сельскагаспадарчых арганізацыях Ляхавіцкага раёна
Колавыя трактары, прычэпы да іх, самаходныя машыны суб’ектаў гаспадарання працягваюць трымаць тэст на эксплуатацыйную прыгоднасць

Дзяржаўны тэхнічны агляд названых тыпаў машын стартаваў на Ляхавіччыне 11 лютага. А ўчарашні дзень завяршаў графік планавых тэхаглядаў у сельскагаспадарчых арганізацыях раёна. Падобная пастаноўка, расклад па часе з’яўляецца максімальна апраўданым. Заключаецца ў тым, каб аграрыі, у якіх не атрымалася выйсці на тэхгатоўнасць да даты «свайго» ТА, мелі хоць нейкую магчымасць правесці работу над памылкамі, на якія звярнула ўвагу інспек-
тарская група. Падправіць, падкруціць, яшчэ раз адрэгуляваць, напрыклад, тармазную сістэму энерганасычанага «Беларуса» з максі-верагоднасцю, што на гэты раз машына «не праедзе» міма
допуску на эксплуатацыю.
– На 25 лютага, з усяго прадастаўленага на ТА каравана тэхнікі працэдуру адразу прайшло 82 працэнты. У большасці выпадкаў прычынамі нядопуску выступаюць няспраўнасці тармазной сістэмы і рулявога кіравання, падцёкі тэхнічных вадкасцяў. Здараецца сустракацца з няспраўнасцямі ў рабоце светлавога абсталявання. Але ж пытанне лямпачкі, якая перагарэла, і таму падобных нескладаных, як правіла, вырашаецца хутка і тут жа, на месцы, – тлумачыць галоўны дзяржаўны інспектар упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Дзяніс Глобаж.
Ён, а таксама галоўны спецыяліст райсельгасхарчу Ігар Яварчук праводзілі ТА ў ААТ «Шлях новы». З нагоды чаго на
машынным двары ў аграгарадку Навасёлкі ў лінейку гатоўнасці сабрана ўся тэхніка гаспадаркі, што падлягае тэхагляду. Строй атрымаўся дастаткова працяглым і рознамагутным: чатыры дзясяткі трактароў, 12 пагрузчыкаў, некалькі сельскагаспадарчых «самаходаў», іншае. Усяго ці не сем дзясяткаў машын. Каля кожнай знаходзіцца «выкладка» абавязковага для любога трактара рыштунку: вогнетушыцель, медыцынская аптэчка, знак аварыйнага прыпынку. Гэта бяспека, без якой вытворчасці быць не павінна.
Але ж першае, што чапляе вока на блізкім уваходзе на тэрыторыю
машыннага двара «Навасёлкі» ААТ «Шлях новы», –
гэта новыя, пакуль не выпрабаваныя ў рабоце сельгасмашыны. Кукурузная сеялка, для якой яравая пасяўная-2025 стане дэбютнай, і самаходны апырсквальнік на шынах нізкага ціску «Мекасан-1000»
айчыннай зборкі. Выпускаецца ў горадзе Іванава, як паведамілі, у рамках праграмы «Адзін раён – адзін праект». Экзэмпляр, набыты «Шляхам новым», праходзіць у вытворцы пад дзявятым парадкавым нумарам. У чым перавагі «Мекасана» перад аналагам з назвай «Раса», дакладны адказ дадуць вясна і ўжо вельмі блізкае яравое поле.
А апошняе становіцца тэмай размовы ўсё больш, часцей і прадметней. Напрыклад, галоўны інжынер акцыянернага таварыства Дзмітрый Пішч адзначыў, што фактычна ўсе работы па падрыхтоўцы тэхнікі да ТА, а, па сутнасці, яравой вясны праводзілі ўласнымі сіламі. Механізатары, рамонтнікі, тэхнары-спецыялісты прысвяцілі гэтай справе практычна ўвесь «міжсезон». Напрыклад, энерганасычаныя «Беларусы», якіх у «Шляху новым» пяць адзінак, ужо задзейнічаны на вывазцы ў палі арганікі. А на адным з МТЗ-82 падчас тэхагляду ўжо быў навешаны раскідвальнік цвёрдых мінеральных удабрэнняў. І гэта яшчэ не пачатак, толькі падрыхтоўка да яго ці да яе – яравой кампаніі.
Што да тэхагляду, то за ўвесь час нашага ў ім «удзелу» сур’ёзных заўваг у адрас трактароў-прычэпаў, машын-самаходаў ААТ «Шлях новы» не прагучала. Заўважаныя хібы будуць выпраўлены ў час. А кантрольнай датай, нагадаем, з’яўляецца пачатак каляндарнай вясны.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.