Усе прафесіі добрыя! Дыялогавая пляцоўка «Праца і прафесія» для навучэнцаў 4-га класа Начаўскай СШ

Любая праца высакародная – пад такім дэвізам прайшла дыялогавая пляцоўка «Праца і прафесія» для навучэнцаў 4-га класа Начаўскай сярэдняй школы.

Класная гадзіна адбылася ў рамках выхаваўчай праграмы «Я. Мая сям’я. Мая Радзіма». На сустрэчу з рабятамі прыйшлі іх бацькі, якія на гэты час памянялі сваё працоўнае месца на работу ў «Рэкламным агенцтве».
Як выбралі сабе прафесію? Якія плюсы і мінусы ёсць у вашай прафесіі? Якую параду дасце? Гэтыя і іншыя пытанні задавалі вучні сваім бацькам.
Ад Сонінай мамы Ірыны, якая працуе аператарам машыннага даення, рабяты даведаліся, як яна ганарыцца і радуецца, калі каровы даюць шмат добрага малака. Дзіміна мама Алеся расказала пра выбар прафесіі. У школьныя гады яна са сваімі аднакласнікамі на канікулах падзарабляла ў калгасе. Так яна выбрала прафесію агранома. А Ваніна мама Людміла стала ветэрынарам, таму што з дзяцінства любіла жывёл, а сёння яе асабліва кранае, як жывёлы прывязваюцца да таго, хто пра іх клапоціцца. У Багдана мама Іна – прадавец, ёй родныя параілі выбраць такую прафесію.
На жаль, бацькі чацвёртакласнікаў не змаглі пакінуць кабіны сваіх МАЗаў і трактароў (большасць – вадзіцелі і механізатары) і прыйсці ў школу. Але рабяты не адчайваліся. Яны зрабілі насценгазету «Наша гордасць», дзе размясцілі выразкі з раённай газеты «Ляхавіцкі веснік». У артыкулах расказваецца пра тое, як Дзімін тата Віталій старанна працаваў на нарыхтоўцы сена, а Сашын тата Сяргей перавёз шмат тон збожжа, а Ванін тата Раман падчас уборачнай кампаніі
2024 года быў лепшым камбайнерам гаспадаркі.
Знаёмства з прафесіямі прахо-дзіла і ў гульнявой форме. У «Цэнтры занятасці» навучэнцы разгадвалі загадкі пра самыя папулярныя і запатрабаваныя, пра самыя высокааплачваемыя і небяспечныя прафесіі. А разам з бацькамі ў «Рэкламным агенцтве» складалі пазлы «Пазнай прафесію» і складалі «Азбуку прафесій».
Выбар прафесіі – вельмі важны крок у жыцці кожнага чалавека. Каб стаць сапраўдным прафесіяналам, трэба добрасумленна і старанна працаваць! – да такой высновы прыйшлі чацвёртакласнікі
ў ходзе актыўнага дыялогу з дарослымі.

Алег ТАЎПЕКА,
карэспандэнт
школьнай газеты «Новы погляд» Начаўскай СШ.