Па даных крымінальнага вышуку. Аддзяленне крымінальнага вышуку Ляхавіцкага РАУС неаднойчы станавілася лепшым сярод аналагічных падраздзяленняў міліцыі Брэстчыны

Віталій Давідоўскі – кіраўнік міліцэйскай службы, якая патрабуе фізічнай вытрымкі, здольнасці хутка прымаць правільныя рашэнні, улаўліваць кожную дробязь, быць псіхолагам. Дарэчы, менавіта аддзяленне крымінальнага вышуку Ляхавіцкага РАУС неаднойчы станавілася лепшым сярод аналагічных падраздзяленняў міліцыі Брэстчыны.

– З упэўненасцю скажу: у нашым падраздзяленні служаць дастойныя супрацоўнікі міліцыі. Задачы, што стаяць перад аддзяленнем крымінальнага вышуку, нязменныя на працягу дзесяцігоддзяў, – раскрыццё злачынстваў. Вялікую ўвагу надаём прафілактыцы. Гэта і сустрэчы ў працоўных калектывах, і індывідуальныя гутаркі з найбольш уразлівымі катэгорыямі грамадзян, у тым ліку адзінокімі пажылымі, а таксама з грамадзянамі, якія вядуць асацыяльны лад жыцця. Калі параўноўваць з сітуацыяй са злачынствамі ў раёне гадоў
20 назад і цяпер, то тады, напачатку бягучага стагоддзя, больш рэгістравалася злачынстваў супраць асобы з гвалтоўнымі дзеяннямі. А вось сёння пераважаюць кіберзлачынствы, колькасць якіх унушальна расце. Даволі часта да злачынстваў прыводзіць празмерная даверлівасць грамадзян. Нягледзячы на разнастайную прафілактычную работу, колькасць злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій расце,

адзначае начальнік аддзялення крымінальнага вышуку.
Віталій Давідоўскі прыгадвае і відавочнае паляпшэнне ўмоў, у якіх працуюць супрацоўнікі ўсіх падраздзяленняў РАУС, у тым ліку і крымінальнага вышуку.


– Калі прыйшоў сюды працаваць (РАУС знаходзіўся ў будынку
па вуліцы 17 Верасня), усе супрацоўнікі аддзялення, акрамя
начальніка, размяшчаліся ў адным кабінеце, на ўсіх – дзве друкарскія машынкі, толькі ў 2001 годзе з’явіўся першы камп’ютар.
Цяпер – зусім іншая справа. У кабінеце не больш за два супрацоўнікі, у кожнага персанальнае працоўнае месца, аснашчанае ўсім неабходным, камп’ютар. Для падтрымання належнай фізічнай формы, што вельмі важна ў прафесіі, маецца трэнажорная зала. Адным словам, умовы выдатныя, – гаворыць Віталій Давідоўскі. 
А яшчэ, расказваючы пра аддзяленне, сваіх калег, ён з пашанай і
гонарам гаворыць пра ветэранаў аддзялення крымінальнага вышуку,
якіх заўжды рады сустракаць у РАУС сённяшнія міліцыянеры, бо падтрымка, парады ветэранаў важкія і карысныя.
Традыцыйна ў Дзень утварэння крымінальнага вышуку,
які ў Беларусі адзначаецца 5 кастрычніка, у Ляхавіцкім
РАУС ладзяцца цёплыя шчырыя сустрэчы супрацоўнікаў крымінальнай міліцыі розных пакаленняў.
Міліцэйскую прафесію Віталій Давідоўскі выбраў аднойчы
і, як аказалася, назаўжды. Старшакласнікам часта лавіў сябе на думцы, што хацеў бы служыць у міліцыі. І канчатковай кропкай у выбары стала вызначальная сустрэча, якая адбылася з намеснікам начальніка Ляхавіцкага РАУС Уладзімірам Грахоўскім, які прыехаў у Альхоўскую СШ з прафарыентацыйнай мэтай.
Усё ў вясковага юнака атрымалася  з першай спробы, паспяхова прайшоў медыцынскую камісію і іспыты, стаў курсантам Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў.
– У 1999 годзе прыйшоў працаваць у Ляхавіцкі РАУС у аддзяленне крымінальнага вышуку. І з таго часу вось ужо чвэрць стагоддзя мая служба звязана з гэтым райаддзелам і з крымінальнай міліцыяй. Пачынаў службовую дзейнасць лейтэнантам, даслужыўся да маёра. Што тычыцца пасады, то першае працоўнае месца – оперупаўнаважаны, цяпер начальнік аддзялення крымінальнага вышуку. Удзячны лёсу, што свае першыя крокі ў прафесіі рабіў у зладжаным калектыве прафесіяналаў, пад-
раздзяленне тады ўзначальваў Аляксандр Бурбіцкі. Супрацоўнікі з міліцэйскім стажам дзяліліся вопытам і напрацоўкамі з маладымі кадрамі. І пры гэтым вучылі нас, навічкоў, не баяцца і задаваць пытанні, што я і рабіў, – расказвае Віталій Давідоўскі.
За 25-гадовую службовую дзейнасць на яго рахунку не адно раскрытае злачынства. Але, як адзначае Віталій Давідоўскі,
кожны міліяцыянер успамінае свой першы поспех. Яшчэ калі праходзіў стажыроўку ў РАУС, курсанта Акадэміі адправілі ў вёску Малышы, адкуль у міліцыю прыйшло пісьмовае паведамленне
аб тым, што ў адным з дамоў украдзена літаральна ўся
маёмасць.
– Сапраўды з вясковай хаты павыносілі ўсё. Давялося апытваць мясцовых жыхароў, праводзіць аналіз, паўторныя апытанні. І ўсё ж вылічылі злодзея.
Ім аказаўся мясцовы жыхар, які на працягу пэўнага часу паціху, адну рэч за другой, выносіў з дома і прадаваў аднавяскоўцам. Падазронага тады арыштавалі, рашэннем суда яго пакаралі і адправілі ў месца пазбаўлення волі, – успамінае начальнік аддзялення крымінальнага вышуку падзеі, што адбываліся больш за чвэрць стагоддзя назад.
Як і ў любога чалавека, у маёра міліцыі ёсць і любімая справа ў вольны час. Дакладней, іх некалькі. Віталій Давідоўскі – аматар рыбалкі, можа пахваліцца багатымі ўловамі. Не меншае задавальненне атрымлівае ад ціхага – грыбнога – палявання і прагулак па лесе. А яшчэ лічыць, што яму надзвычай пашанцавала з моцным, надзейным і прыгожым тылам – жонкай і дзвюма дочкамі.