Месца службы – участак. Ляхавіцкі ўчастковы: «Гэта першае прафесійнае свята ў якасці паўнапраўнага супрацоўніка раённага аддзела ўнутраных спраў»
Кірыл Паплаўскі служыць у міліцыі са жніўня 2024 года пасля заканчэння факультэта міліцыі грамадскай бяспекі Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў. Ён участковы інспектар Ляхавіцкага РАУС, у адказе за адзін з гарадскіх участкаў. За ім замацаваны вуліцы Леніна (цотны бок), Арлоўскага, Савецкая, Кастрычніцкая, Вакзальная, Працоўная, Лугавая, Чкалава, Юбілейная, Заходняя, Сонечная і іншыя, а таксама шэраг завулкаў. Участковы ў адказе за спакой каля 1 600 гараджан, якія жывуць на замацаванай за ім тэрыторыі райцэнтра.
– Апошнім часам на маім участку назіраецца змяншэнне
колькасці асацыяльных элементаў. Гэта значыць, што прафілактычная работа прыносіць плён. Стараюся як мага часцей бываць у праблемных сем’ях, пад асаблівай увагай – грамадзяне пажылога ўзросту, адзінокія састарэлыя. Калі ў першыя месяцы службы людзі адносіліся з пэўным недаверам, маўляў, малады, чым ён можа дапамагчы, то сёння сітуацыя іншая – стала больш даверу, узаемаразумення, – расказвае Кірыл Паплаўскі.

Малады ўчастковы ўспамінае, як хваляваўся падчас сваёй стажыроўкі ў РАУС, адзначае, што ўдзячны за дапамогу начальніку аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Сяргею Хмаруку, які вучыў усім тонкасцям прафесіі ўчастковага.
– Канешне, у нас ёсць графікі, змены, выхадныя, але нават за такі непрацяглы час службы ўпэўніўся, што міліцыя – гэта не проста работа, а лад жыцця, тым больш, што служба ўчастковага надзвычай разнапланавая. Прафілактыка правапарушэнняў і злачынстваў, работа з неспакойнымі суседзямі, неўладкаванымі сем’ямі. Плюс прыёмы грамадзян, якія праходзяць кожную сераду, работа з дакументамі. Таму, канешне, васьмі часоў змены хапае далёка не заў-
сёды, – прызнаецца Кірыл Паплаўскі.
Ён разважае, што нямала часу ўчастковага прыпадае на работу па заявах грамадзян. Прычым самыя частыя – звароты па сямейна-бытавых пытаннях: скандаляць муж з жонкай, састарэлыя бацькі з дарослымі дзецьмі, не даюць спакою суседзям аматары гучнай музыкі. Звяртаюцца і па прычыне крадзяжоў, у асноўным веласіпедаў. У большасці выпадкаў вінаватыя самі пацярпелыя, бо пакідаюць рэчы без нагляду, не карыстаюцца веласіпеднымі замкамі, іншы раз і аўтамабілі не замыкаюць.

– Да кожнай катэгорыі як тых, хто пераступіў закон, так і пацярпелых – індывідуальныя метады ўздзеяння. Напрыклад, прыбываючы на сямейны скандал, даводзіцца праяўляць якасці псіхолага, але пры гэтым не губляць аб’ектыўнасць. Ёсць і такія «падапечныя», якія нарэшце ўзяліся за розум, – пэўнены Кірыл Паплаўскі.
Кожная працоўная раніца ўчастковага пачынаецца з інструктажу, далей абмяркоўваюцца рабочыя моманты. І калі няма экстран-
ных выклікаў, міліцыянер адпраўляецца на свой участак. У яго не кабінетная работа, бо на першым месцы – зносіны з людзьмі.
– Мой мабільны нумар ведаюць многія грамадзяне майго ўчастка. Тэлефануюць у любы час сутак. Іншы раз чалавеку проста неабходна выгаварыцца, падзяліцца сваёй бядой ці перажываннямі, – прыводзіць прыклад участковы.

– Гэта маё першае прафесійнае свята ў якасці паўнапраўнага супрацоўніка раённага аддзела ўнутраных спраў. Ганаруся тым, што я міліцыянер. Гэта надзвычай неабходная прафесія.
Выбраў яе таму, што хацеў прыносіць людзям карысць. Мне падабаецца і справа, якой займаюся, і калектыў, дзе служу. Вельмі важна для маладога папаўнення адчуваць падтрымку з боку старэйшых калег. А ў Ляхавіцкім РАУС яна адчувальная. Віншую ўсіх супрацоўнікаў з Днём міліцыі. Няхай усё ва ўсіх атрымліваецца, – адзначае Кірыл Паплаўскі.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.