Квадраты ў арэндзе. У мілым годзе Ляхавіцкім райвыканкамам размеркавана 47 арэндных жылых памяшканняў

Даўно ўжо абжылі свае квадратныя метры першыя ў нашым раёне ўладальнікі арэндных кватэр у адрамантаваным доме № 56
па вуліцы Леніна ў Ляхавічах. Гэты дом атрымаў статус арэнднага ў 2017 годзе. Потым арэндныя кватэры размясціліся
ў шматкватэрніку № 54 па вуліцы Леніна (былы інтэрнат агракаледжа). З цягам часу арэндныя квадратныя метры пачалі прадастаўляцца як у новабудоўлях, так і ў жылых дамах
«са стажам», не толькі ў райцэнтры, але і ў сельскіх населеных пунктах.
– Арэнднае жыллё – гэта і кватэры ў новабудоўлях, а яшчэ жыллё другаснае, непрыватызаванае ў свой час уласнікамі, а таксама службовыя «квадратныя метры». Як паказвае аналіз, карыс-
тацца арэнднай кватэрай танней, чым здымаць жыллё ў прыватніка. Дагавор найму заключаецца на тэрмін да пяці гадоў. І калі ў арандатара адсутнічае запазычанасць па плацяжах і да яго няма іншых прэтэнзій, дагавор працягваецца, – расказвае начальнік аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама Марына Завадская.
Арэнднае жыллё карыстаецца вялікім попытам, асабліва ў людзей, якія не могуць прэтэндаваць на дзяржпадтрымку на будаўніцтва, на сацыяльнае жыллё. Ёсць важны нюанс: такія жылыя памяшканні не падлягаюць прыватызацыі, абмену, раздзелу, продажу і здачы па дагаворы паднайму. Акрамя таго, грамадзяне (акрамя тых, хто мае статус маладога спецыяліста), якім выдзяляецца камерцыйнае жыллё такога кшталту, выключаюцца з чаргі маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, пры наяўнасці падстаў.
– І ў атрыманні арэнднага жылля ёсць першачаргавікі. У іх ліку – маладыя спецыялісты, ваеннаслужачыя, прадстаўнікі сілавых структур, суддзі, пракуроры, іншыя катэгорыі. Згодна з нормамі Жыллёвага кодэкса пераважнае права на атрыманне арэнднага жылля маюць грамадзяне, якія стаяць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Калі ад такіх грамадзян адсутнічаюць заявы, жылыя квадратныя метры ў арэнду прадастаўляюцца грамадзянам, якія не стаяць на ўліку, у парадку чарговасці паступлення заяў, – удакладняе інспектар аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама Крысціна Панфіла.
У студзені 2025 года Прэзідэнт Беларусі падпісаў указ «Аб асаблівасцях прадастаўлення і выкарыстання арэнднага жылля», якім комплексна рэгулюецца прадастаўленне такіх квадратных метраў работнікам найбольш запатрабаваных прафесій. Правам вызначаць такія прафесіі для свайго рэгіёна цяпер надзелены мясцовыя органы ўлады. Гэтым спецыялістам арэнднае жыллё прадастаўляецца ў першую чаргу. Аплата за яго будзе ў такім выпадку прымяняцца з паніжаючым каэфіцыентам.
Каб атрымаць дзяржаўнае жыллё ў арэнду, у прэтэндэнтаў не павінна быць жылля ў прыватнай уласнасці, долі ў праве агульнай уласнасці на жылыя памяшканні.
Марына Завадская падкрэсліла, што арэнднае жыллё маладому спецыялісту прадастаўляецца толькі на той час, пакуль ён працуе. А калі пажадае звольніцца, то павінен вызваліць арэнднае жыллё. Яшчэ адзін важны момант, які неабходна ведаць арандатару. Кошт арэнды дзяржаўнай кватэры для маладога спецыяліста будзе ніжэй, бо для гэтай катэгорыі дзейнічае паніжаючы каэфіцыент.
Крысціна Панфіла патлумачыла, што парадак прадастаўлення арэнднага жылля рэгламентаваны Жыллёвым кодэксам. Інфармацыя пра наяўнасць жылля (месца знаходжання, колькасны і якасны складнік, характарыстыка, узровень добраўпарадкавання, памер аплаты за карыстанне), як і тэрмін звароту за прадастаўленнем арэнднага жылля размяшчаецца Ляхавіцкім райвыканкамам
у раённай газеце, на афіцыйным сайце. Заявы грамадзян прымаюцца службай «Адно акно» Ляхавіцкага райвыканкама. Таксама на афіцыйным сайце райвыканкама размешчаны звесткі пра свабодныя арэндныя жылыя памяшканні, якія патрабуюць рамонту. Незаселеныя арэндныя квадратныя метры могуць быць прадастаўлены грамадзянам з умовай выканання рамонту ў такіх памяшканнях за кошт уласных сродкаў з далейшым вызваленнем гэтых грамадзян ад аплаты за карыстанне жыллём на суму патрачаных сродкаў згодна са складзеным камунальнай службай каштарысам.
Па даных аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама з 2020 па 2025 гады найбольш арэнднага жылля было прадастаўлена работнікам устаноў аховы здароўя – 33 памяшканні, ваеннаслужачым – 17, работнікам устаноў адукацыі – сем. Калі гаварыць пра мінулы год, то сітуацыя з атрыманнем арэнднага жылля наступная. Ляхавіцкім райвыканкамам размеркавана 47 арэндных жылых памяшканняў, з якіх 13 – у сельскай мясцовасці. На перыяд працоўных адносін выдзелена 11 арэндных жылых памяшканняў: чатыры – работнікам УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ», па адным – РАНС, ПМК-13, РАУС, райвыканкама, Баранавіцкага аддзела Дэпартамента аховы МУС, цэнтральнай раённай аптэкі № 56 РУП «Фармацыя», дзіцячага садка № 2.
Галіна КАНЬКО.