Камфортнаму прыпынку на Кальцавой у Ляхавічах быць?
Па праве адной з візітовак Ляхавічаў можна назваць стылізаваныя аўтобусныя прыпынкі, якія адзін за адным з’яўляюцца ў райцэнтры.
Дзякуючы старанням камунальнікаў такія аб’екты, акрамя большай камфортнасці, набываюць новы тэматычны выгляд. Адна з нядаўніх гарадскіх абновак усталявана каля паліклінікі.
Днямі ў рэдакцыю «ЛВ» патэлефанавала ляхавічанка, якая падзякавала КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» за такія падарункі для горада і гараджан, а заадно пацікавілася, калі ж, у рэшце рэшт, з’явіцца хаця б лаўка на прыпыначным пункце на вуліцы Кальцавой.
За каментарыямі па тэме раёнка звярнулася ў камунгас, на чыім балансе знаходзяцца прыпынкі гарадскога транспарту.
– Вуліца Кальцавая нядаўна перайшла на баланс нашага прадпрыемства. Канешне ж, правядзём абследаванне і прымем адпаведнае рашэнне ў тым ліку па ўладкаванні аўтобуснага прыпынку. Дарэчы, днямі плануем завяр-шыць пераўстаноўку двух прыпыначных павільёнаў па вуліцы Арлоўскага – усё для зручнасці грамадзян, – адзначае дырэктар Ляхавіцкага камунгаса Андрэй
Чайкоўскі.
Галіна КАНЬКО.