Вобраз не сцэнічны, а працоўны. Якія планы на 2025-ы ставіць перад сабой сектар культуры Ляхавіцкага райвыканкама?

На Ляхавіччыне арганізацыю культурнага абслугоўвання насельніцтва ў 2024 годзе ажыццяўлялі 21 клубная ўстанова,
18 бібліятэк, 3 дзіцячыя школы мастацтваў і кінавідовішчнае прадпрыемства. Як спрацавалі гэтыя структурныя адзінкі, з якімі вынікамі ўдалося выйсці на старт 2025-га і як плануюць працаваць у Год добраўпарадкавання, абмяркоўвалі падчас выніковага пасяджэння сектара культуры райвыканкама.
Незвычайна бачыць надзвычай сур’ёзны тон размовы, падчас якой гучаць не толькі творчыя здабыткі і вынікі, аднак і пралікі і праблемныя моманты, з якімі сутыкнуліся падчас работы ў мінулым годзе. Вобраз не сцэнічны, а працоўны.
Не на колькасць, а на якасць работы арыентаваў сваіх падначаленых дырэктар раённай цэнтралізаванай клубнай сістэмы Юрый Грынь. Сёння за гэтай сістэмай стаіць 21 філіял установы культуры. Кожная ўстанова – гэта своеасаблівы стыль работы, свае калектывы, свае традыцыі. Мінулы год падарыў раёну 732 канцэрты і
765 выстаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

– Безумоўна, радуе той факт, што колькасць мерапрыемстваў і нашых гледачоў – вялікая. Аднак перад намі стаіць задача як мага больш людзей прыцягнуць і зацікавіць у дзейнасці клубных фарміраванняў, якіх у раёне дзейнічае 161. У гэтым напрамку ёсць куды расці, – адзначае Юрый Грынь.

Бібліятэчная сістэма раёна прадстаўлена сеткай з 18 адпаведных устаноў. Колькасць чытачоў раёна імкнецца да 11 тысяч, а паказчык кнігавыдачы складае больш за 151 тысячу. І гэта значны плюс да мінулага года. Значыць, аўтарытэт і запатрабаванасць друкаванай кнігі ўзрастае, а ў гэтым вялікая заслуга работнікаў бібліятэкі. Як адзначыла дырэктар раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Вольга Пляшэвіч, сёння важна знайсці падыходы да
сучаснага чытача. Класіка павінна застацца на паліцах. Разам з тым абновіцца і кніжны фонд бібліятэк. Дакументальны фонд сёння складае больш за 244 тысячы экзэмпляраў. У мінулым годзе дабавілі амаль 8,5 тысячы экзэмпляраў. Бібліятэкі – гэта
не толькі пра кнігі і перыёдыку, сёння спектр платных паслуг шырокі, і, што важна, яны запатрабаваны ў ляхавічан.
– У кантэксце якасці работы мы гаворым і пра кадравы складнік. Сёння для бібліятэкі пытанне падрыхтоўкі кадравага рэзерву гучыць актуальна. Акрамя павышэння кваліфікацыі, удзелу ў адукацыйных семінарах, нам патрэбны маладыя сілы з іншымі поглядамі, ведамі, падыходамі ў нашай рабоце. Скіруем у сваёй рабоце ўвагу і на гэты момант, – адзначыла Вольга Пляшэвіч.
Бібліятэчныя праекты – гэта заўжды штосьці ўнікальнае, цікавае і запатрабаванае. Дырэктар ЦБС асобна спынілася на супрацоўніцтве з іншымі культурнымі структурамі, рабоце сацыяльных сетак, праектах года.
660 кінасеансаў і больш за 16 тысяч гледачоў – галоўныя паказчыкі ў рабоце КУКП «Ляхавіцкая раённая кінавідэасетка». Дырэктар установы Дар’я Марозава акцэнтавала ўвагу на паслугах, якія дапамагаюць кінатэатру трымацца, як гаворыцца, на плаву:
– У сённяшніх рэаліях імкнёмся заахвоціць гледача не толькі кінасеансамі. Да нас прыхо-дзяць наведвальнікі скарыстацца паслугай арэнды малога зала. Там прадстаўлены шэраг прыемных зручнасцяў – ад тэхнікі да настольных гульняў, каб разнастаіць адпачынак. Прыемна, што прыбытак ад гэтай паслугі мы можам накіраваць на матэрыяльнае ўдасканаленне кінатэатра, іншае. Шмат планаў, канешне, звязана з мадэрнізацыяй сістэмы ацяплення будынка (работы плануем пачаць сёлета), час, праведзены ў нашым «Кастрычніку», стане больш камфортным і прыемным. Магчыма, гэта паўплывае на жаданне нашых землякоў змяніць кінатэатры суседніх гарадоў на свой. Тым больш, каб разнастаіць кінапрапанову, працягнем супрацоўніцтва з дыстрыб’ютарскімі кампаніямі.
Сёння ў раёне будучых прафесійных музыкантаў рыхтуюць у трох дзіцячых школах мастацтваў. Кожная ўстанова прадставіла на калегіі свае дасягненні і планы на будучыню. Аднак пытанне зніжэння колькасці навучэнцаў у школах гучыць востра. У 2024/2025 навучальным го-дзе ў ДШМ навучаецца 422 дзіцяці, што на 40 навучэнцаў менш у параўнанні з мінулым годам.
Як адзначыла галоўны спе-цыяліст сектара культуры Алена Клімовіч, калі і далей такая тэндэнцыя працягнецца, можа ўзнікнуць пытанне аптымізацыі школ у вясковай мясцовасці. Таму школам варта ўсё ж прааналізаваць падыходы да прэзентацыі сваёй дзейнасці перад наборам. Варта дэталёва вывучыць і працаваць над прычынамі, па якіх навучэнцы адмаўляюцца працягваць навучанне.
Дырэктары ўстаноў Марыя Камінская (Ляхавіцкая ДШМ), Таццяна Саўчык (Навасёлкаўская ДШМ), Яўгенія Васечкіна (Тухавіцкая ДШМ) падрабязна спыніліся на працоўных нюансах, рабоце з кадравым складнікам, а таксама падзяліліся планамі на 2025 год.
Сярод планаў на 2025-ы прагучала ключавое – развіццё культурнага турызму на аб’ектах гісторыка-культурнай спадчыны раёна. І першачарговая ўвага надаецца Цэнтру культуры ў Грушаўцы. Пакуль назва цэнтра не зусім адпавядае азначэнню, хацелася б максімальна ўдыхнуць жыццё ва ўстанову. А для гэтага неабходны сродкі, каб першы паверх будынка выглядаў мадэрнава, мог прыняць наведвальнікаў і прапанаваць пэўныя культурныя паслугі.
І, канешне, у Год добраўпарадкавання ўвага павінна быць скіравана і на культуру чысціні.

– Ваша сфера – заўжды навідавоку, вы амаль кожны дзень здаяце экзамен на прафесіяналізм. Без вас немагчыма ўявіць выхаванне сапраўднага патрыёта. Сёння нашы землякі скараюць міжнародныя фестывалі, ярка выступаюць на сцэнах рэспубліканскіх святаў, гучаць імёны ў айчынных тэлепраектах і расійскіх шоу. Вы заўжды запатрабаваны. Сёння перад кожнай установай стаяць свае задачы, і яны важныя. Культурны асяродак – гэта айсберг, вяршыню бачым мы, а тое, што адбываецца за сцэнай, у вучэбных кабінетах, чытацкіх залах… – гэта ваша бясцэнная праца. Дзякуй за творчасць і прафесіяналізм, – падагульніў старшыня раённага Савета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч.
Прыемным завяршэннем працоўнага пасяджэння сталі шматлікія ўзнагароды і, канешне, песеннае віншаванне.
Маргарыта
КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.