Куды пайсці вучыцца? Чарговы кірмаш прафесій для старшакласнікаў прайшоў у Ляхавічах: вынікі і меркаванні

Чарговы кірмаш прафесій для старшакласнікаў прайшоў
у Ляхавічах. Яго мэта – дапамагчы юнакам і дзяўчатам
не згубіцца ў разнастайнай прапанове важных і патрэбных прафесій.

Адказ на гэтае пытанне можна было атрымаць 27 лютага ў гарадскім Доме культуры, дзе адбыўся кірмаш мэтавай падрыхтоўкі выпускнікоў школ раёна «Якасць адукацыі – якасць будучыні».

Яго асноўнае мерапрыемства – дапамагчы школьнікам, у асноўным дзевяцікласнікам, вызначыцца з выбарам будучай прафесіі.
– Такога кшталту прафарыентацыйная работа для навучэнцаў устаноў адукацыі раёна праводзіцца не першы год. Мы актыўна пашыраем і ўдасканальваем формы правядзення мерапрыемстваў. Школьнікі з задавальненнем выкарыстоўваюць магчымасць наведваць дні адчыненых дзвярэй ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі, прадстаўнікі ВНУ і ССНУ прыязджаюць з прэзентацыямі ў школы. Запатрабаваны выезды непасрэдна на прадпрыемствы ці ў арганізацыі раёна, наладжаны цесныя сувязі з аграрным каледжам. Што тычыцца сённяшняга кірмашу мэтавай падрыхтоўкі, то для дзевяцікласнікаў такі фармат арганізаваны ўпершыню. І тое, што мерапрыемства патрэбнае і важнае, можна сказаць з упэўненасцю, гледзячы, наколькі яно зацікавіла падлеткаў, – расказвае начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Марыя Саракавік.
У ГДК у прафарыентацыйны дзень яблыку не было дзе ўпасці. Інфармацыі, прэзентацыі, майстар-класы, агітацыя, дыскусіі, дэгустацыі – толькі паспявай паслухаць, паспрабаваць, пакаштаваць, паўдзельнічаць. Дзесяць навучальных устаноў і дзесяць прадпрыемстваў Ляхавіцкага раёна імкнуліся зацікавіць старшакласнікаў папоўніць рады сваіх навучэнцаў і працаўнікоў.
Адна за адной укладваецца абліцовачная плітка. А ў ролі будаўніка – дзевяцікласнік, які зазірнуў на прэзентацыю ад Баранавіцкага дзяржаўнага каледжа будаўнікоў. Раскласці тавар так, каб зацікавіць пакупніка, ветліва яго абслужыць, навучыць тонкасцям работы са швейнай машынкай, пашыць абноўку ці ўпрыгожыць стыльнымі элементамі, напрыклад, сумачку, пафарбаваць валасы ў модныя адценні – гэтым і іншым аспектам разнастайных прафесій навучаць у Баранавіцкім дзяржаўным каледжы тэхналогіі і дызайну. Не было адбою ад жадаючых паслухаць, як здароўе ў пушыстага труса, які адчуваў сябе сапраўднай зоркай на прэзентацыі прафесій, што можна атрымаць у Ляхавіцкім аграрным каледжы. Увогуле, кожная навучальная ўстанова паказала свае фішкі, каб зацікавіць патэнцыяльных абітурыентаў.
Колькі рознай інфармацыі прадставілі прадпрыемствы раёна!
Толькі паспявалі адказваць на пытанні прадстаўнікі лясгаса. Школьнікаў і гасцей цікавіла ўсё пра сучасны экалагічны від паліва –
пелеты. А на выставе ад ААТ «Ляхавіцкі льнозавод» для многіх стала адкрыццём, што прадпрыемства выпускае не толькі льновалакно, але паліўныя брыкеты з кастрыцы.
Як зрабіць правільны прафесійны выбар? Якія прафесіі сёння патрэбны грамадству і запатрабаваны на Ляхавіччыне? Што такое мэтавая падрыхтоўка? Якія прадпрыемствы раёна гатовы прапанаваць дастойныя ўмовы працы і зарплату? На гэтыя і іншыя пытанні можна было атрымаць змястоўныя адказы на дыялогавай пляцоўцы. Удзельнікаў кірмашу павітаў кіраўнік справамі райвыканкама Ігар Хлабукін.
Пра тое, наколькі важна для рабят зрабіць правільны выбар будучай прафесіі, гаварыла першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Таццяна Савіч. Прадстаўнікі райпо, прадпрыемства меліярацыйных сістэм, торфабрыкетнага завода расказалі пра вакансіі, якія маюцца ў арганізацыях, адзначылі, прадстаўнікоў якіх прафесій з нецярпеннем чакаюць у якасці маладых спецыялістаў. Канешне ж, задавалі пытанні школьнікі. Размова адбылася канструктыўная і цікавая. Пра што сведчаць і водгукі ўдзельнікаў кірмашу мэтавай падрыхтоўкі.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Таццяна КАНАНЧУК, выкладчык Пінскага каледжа УА «Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна»:
– Пінскі каледж мае багатую гісторыю. Яго выпускнікі, сярод якіх і ляхавічане, – гэта тысячы выхавальнікаў, педагогаў, якія шчыравалі і прадаўжаюць плённа працаваць ва ўстановах адукацыі па ўсёй Беларусі і за яе межамі. Мы прапануем набыць разнастайныя педагагічныя прафесіі: выхавальнік-дашкольнік, музычны кіраўнік, педагог пачатковай адукацыі. У каледжы створаны выдатныя ўмовы для навучання і адпачынку, у нас – цудоўныя кваліфікаваныя педагогі, ёсць уладкаваны інтэрнат. З наступнага навучальнага года ўводзіцца новая спецыяльнасць – педагагічнае суправаджэнне. З прафарыентацыйнай місіяй у Ляхавічах прадстаўнікі каледжа ўпершыню.Удзячны, што запрасілі.

Алена Равяка, ляхавічанка:
– Сын вучыцца ў 9 класе СШ № 1. Класны кіраўнік прапанаваў паўдзельнічаць у мерапрыемстве. Сын выказаў жаданне паступаць вучыцца пасля заканчэння дзевяці класаў, яго больш прыцягваюць спецыяльнасці, звязаныя з рамонтам тэхнікі. Асабліва нас зацікавілі прапановы ад Баранавіцкага дзяржаўнага каледжа машынабудавання. Плюсам з’яўляецца і атрыманне, акрамя асноўных, дадатковых спецыяльнасцей. Бясспрэчна, такія кірмашы патрэбныя, яны даюць магчымасць пазнаёміцца з рознымі навучальнымі ўстановамі, дзе можна атрымаць спецыяльную адукацыю.

Наталля АДАМЕНКА, намеснік кіраўніка Ляхавіцкага лясгаса:
– У нашага прадпрыемства наладжаны цесныя сувязі з навучальнымі ўстановамі Ляхавіцкага раёна. У дзіцячым садку № 2 створана і дзейнічае дашкольнае лясніцтва «Лесавічок», у Востраўскай СШ – школьнае лясніцтва «Зялёны астравОК». Рабяты разам з педагогамі ўдзельнічаюць у разнастайных экалагічных акцыях. Заўсёды з інтарэсам прымаем запрашэнні пабываць у школах і расказаць навучэнцам пра прафесіі лесаводаў. Прафарыентацыйная
работа прыносіць плён. Праз некалькі гадоў чакаем прыходу ў лясгас дыпламаваных маладых спецыялістаў з ліку ляхавічан, якія зараз вучацца ў спецыялізаваных навучальных установах ляснога профілю. І яшчэ адна прыемная навіна – у 2025/2026 навучальным годзе ў Ляхавіцкім аграрным каледжы набіраюць групу з 26 чалавек па спецыяльнасці «тэхнік лясной гаспадаркі». Сёння падчас прэзентацыі расказвалі пра Ляхавіцкі лясгас, яго падраздзяленні, пра тое, чым займаюцца работнікі, пра прадукцыю прадпрыемства.

Максім ГАЛІЦКІ, навучэнец 9 «Б» класа
СШ № 2:
– Здорава, што нам арганізавалі такую сустрэчу. Я ўжо дакладна ведаю, што буду паступаць вучыцца ў сярэднюю спецыяльную навучальную ўстанову пасля заканчэння дзявятага класа. І нават выбраў, куды буду паступаць. Гэта Навагрудскі гандлёва-эканамічны каледж Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта. Мне падыходзіць тое, што сярэдні прахадны бал у каледжы – 8–8,5. У мяне якраз такі бал атэстата павінен атрымацца. Даспадобы і тое, што вучыцца трэба тры гады, а потым без экзаменаў можна паступаць у БДЭУ. Раскажу дома, як усё было здорава і цікава.

Мацвей СІТУН, навучэнец 9-га класа Конькаўскай СШ:
– Спачатку была смачная дэгустацыя.
Разам з аднакласнікамі пакаштавалі пячэнне і пірожныя ад райпо, потым паласаваліся сокамі, што выпускаюць на кансервавым заводзе, і ёгуртамі ад малочнага завода. Для мяне стала
адкрыццём, што на льнозаводзе выпускаюць не толькі льновалакно, але, напрыклад, і паліўныя брыкеты з ільнокастрыцы. Для сябе вызначыўся з будучай прафесіяй і каледжам, дзе яе хутчэй за ўсё буду атрымліваць. Мне спадабаўся Баранавіцкі тэхналагічны каледж і спецыяльнасць «распрацоўка і суправаджэнне праграмнага забеспячэння інфармацыйных сістэм». Сярод іншых пераваг менавіта гэтага каледжа – недалёка ад дома, забяспечанасць інтэрнатам.