Пра аператыўную абстаноўку і сітуацыю з пажарамі

Аператыўную абстаноўку з правапарушэннямі і злачынствамі
ў раёне ў лютым 2025 года начальнік РАУС Дзяніс Майсеня назваў стабільнай. Гэта тэма разглядалася на чарговай апаратнай нарадзе ў старшыні райвыканкама. Пры тым, што нязначна вырасла агульная колькасць супрацьпраўных дзеянняў, за люты не зарэгістравана цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў, злачынстваў у сферы эканамічных адносін. А вось колькасць крадзяжоў павялічылася, з чатырох зарэгістраваных адзін не раскрыты.


Знізілася колькасць правапарушэнняў і злачынстваў, учыненых грамадзянамі ў стане алкагольнага ап’янення, а вось колькасць такіх дзеянняў, учыненых раней судзімымі, наадварот, павялічылася.
Старшыня райвыканкама Мікалай Мароз акцэнтаваў увагу на неабходнасці ўзмацнення прафілактычнай работы з боку праваахоўных органаў, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, іншых зацікаўленых службаў з грамадзянамі, якія вядуць асацыяльны лад жыцця. Бо менавіта такія асобы часцей за іншых становяцца парушальнікамі закону, а яшчэ вінаватымі ў пажарах і ахвярамі здарэнняў.
Пра сітуацыю з пажарамі і надзвычайнымі сітуацыямі на Ляхавіччыне ў апошні месяц зімы, прафілактычныя меры па папярэджванні надзвычайных сітуацый расказаў начальнік РАНС Юрый Буйкевіч.
За студзень – люты на тэрыторыі раёна адбылося
шэсць пажараў (за аналагічны перыяд 2024 года – сем), усе яны ў прыватным сектары. Самае галоўнае, што сёлета і летась за два месяцы не зарэгістравана гібелі людзей на пажарах. Асноўнымі прычынамі пажараў у 2025 годзе сталі парушэнні правілаў эксплуатацыі, канструктыўныя недахопы печаў і цеплагенерыруючых апаратаў, неасцярожнае абыходжанне з агнём, у тым ліку пры курэнні.
З мэтай папярэджвання надзвычайных сітуацый супрацоўнікі РАНС наведалі 370 домаўладанняў грамадзян, у дзевяці з якіх жывуць мнагадзетныя сем’і, у 125 – грамадзяне, якія злоўжываюць алкаголем,
у 174 – адзінокія і адзінока пражываючыя. Па мерах
пажарнай бяспекі праінструктавана 462 грамадзяніны, да ўхілення прапанавана 205 супрацьпажарных мерапрыемстваў. Па словах
Юрыя Буйкевіча, да тых жыхароў раёна, якія сістэматычна дапускаюць парушэнні правілаў пажарнай бяспекі, прымяняюцца меры адміністрацыйнага пакарання. З пачатку года супрацоўнікамі РАНС складзены 34 адміністрацыйныя матэрыялы.
Акрамя таго, праведзена 40 пажарна-прафілактычных мерапрыемстваў ва ўстановах і арганізацыях Ляхавіцкага раёна (школах, дзіцячых садках, працоўных калектывах). На асаблівым кантролі выратавальнікаў – сітуацыя з пажарамі ў экасістэмах.
За два месяцы года на тэрыторыі раёна зарэгістравана 10 узгаранняў у прыродных экасістэмах на агульнай плошчы 1,53 гектара (адно ў лясным фондзе, 9 – на землях агульнага карыстання) на тэрыторыях
Крывошынскага, Альхоўскага і Востраўскага сельсаветаў. Летась за аналагічны перыяд такіх здарэнняў не рэгістравалася. Прычына ўзнікнення ўзгаранняў – умовы надвор’я. Выратавальнікі для папярэджвання такога кшталту надзвычайных сітуацый праводзяць рэйды, арганізоўваюць выступленні ў працоўных калектывах, на бацькоўскіх сходах, у навучальных установах, размяшчаюць інфармацыю ў СМІ.

Галіна КАНЬКО.