Імклівы сакавік. На палях Ляхавіччыны ўжо можна сустрэць машыны па ўнясенні ўдабрэнняў-угнаенняў
Пачатак каляндарнай вясны характэрны для аграрыяў чаканнем вясны палявой. У гэты час выкарыстоўваецца кожная магчымасць яшчэ раз засяродзіцца на пытаннях перадпасяўной гатоўнасці, падрэгуляваць свае тэхнічныя арсеналы, праверыць-дапоўніць запасы…
Сакавік – месяц зменлівы. Асабліва ў плане стану надвор’я, яскравым пацвярджэннем чаму можа служыць апошні тыдзень, за які пацяплела на добры дзясятак градусаў.
Азімыя зерневыя і рапс, бы па камандзе, пасвяжэлі-павесялелі, дабавілі ў яркасці. На палях Ляхавіччыны ўжо можна сустрэць машыны па ўнясенні ўдабрэнняў-угнаенняў. У прыватнасці, аграрыі актывізаваліся на падкормцы ўгоддзяў шматгадовых траў. Па статыстыцы ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, па стане на 4 сакавіка, да першапраходцаў з СВК «Ляхавіцкі» і ЗАТ «Белпрампрыбор» далучылася большасць іх калег. А сумарная лічба падкормленых плошчаў са сціплых
900 гектараў за гэты час узрасла ледзь ці не чатырохразова. Цяпер травы кормяць каліем і СУП «Белазем’е», і ААТ «Шлях новы», і ААТ «Жарабковічы», якія падняліся да плошчаў ці не ў паўтары тысячы гектараў.
Працягваецца таксама кампанія па нарыхтоўцы, вывазцы і ўнясенні пад будучыя яравыя палеткі арганікі. Агульная маса нарыхтаванага склала прыкладна 400 тысяч тон. Большасць нарыхтаванага знаходзіцца на палях, прыкладна палова «ў палях». Кожны сярэдні гектар будучых яравых палеткаў Ляхавіччыны ўжо атрымаў каля 55 тон арганікі, што больш як удвая перавышае аналагічную статыстыку мінулага года.
Сакавік набірае свой імклівы бег і кожным новым крокам набліжае палявую яравую кампанію.
Іван КАВАЛЕНКА.