З фермы – на «агеньчык». 50 прадстаўніц усіх сельгаспрадпрыемстваў Ляхавіччыны сталі галоўнымі дзеючымі асобамі святочных урачыстасцей напярэдадні Дня жанчын

Радасная і шчырая, урачыстая і натхнёная атмасфера панавала ў мінулую сераду ў рэстаране «Ластаўка». Тут ушаноўвалі жанчын – жывёлаводаў Ляхавіччыны. І калі на фермах, комплексах яны, як належыць, у рабочым спецадзенні, то на сустрэчу прыйшлі ў модных сукенках і касцюмах, як жартавалі самі гераіні свята – і не пазнаць адна адну.


Больше фото здесь.

Ініцыявалі мерапрыемства раённыя арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» і прафсаюза работнікаў АПК. Статак у 150 кароў, ад кожнай
у мінулым годзе атрымана ў сярэднім 7 985 кілаграмаў малака, а валавы надой – 1 142 тоны.
На малочны завод сырадой прададзены выключна гатункам экстра. Такія вынікі з задавальненнем агучвае загадчык МТФ «Бенькаўцы» ЗАТ «Белпрампрыбор» Надзея Патапчык. Аператар машыннага даення ААТ «Шлях новы» Таццяна Пінчук з гонарам расказвае пра выдатныя ўмовы для працы, створаныя на МТФ «Літва», дзе яны разам з напарніцай Ганнай Марчык клапоцяцца пра 530 сваіх
падапечных рагуль. Аксана Войцік вось ужо 13 гадоў шчыруе жывёла-
водам на комплексе па адкорме буйной рагатай жывёлы
ААТ «Жарабковічы». І, па яе словах, вельмі задаволена, што працуе менавіта ў гэтай гаспадарцы, дзе клапоцяцца пра работнікаў. Вось і сям’я Аксаны Войцік калісьці атрымала ад гаспадаркі дом, які набыла ўжо ва ўласнасць.
– Канешне, прафсаюзы не маглі пакінуць без увагі нашых працаўніц сельгасвытворчасці напярэдадні Дня жанчын. Сабралі жанчын-жывёлаводаў з усіх гаспадарак раёна, каб у іх асобах ушанаваць прадстаўніц прыгожай паловы сельгаспрадпрыемстваў, якія шчыруюць у розных падраздзяленнях аграсектара. Гэта своеасаблівы працяг традыцыйнай акцыі «Наш жывёлавод», – адзначыла старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Вольга Анікей.
Прафсаюзны лідар аграрыяў Ляхавіччыны падзякавала зямлячкам за плённую працу, пажадала новых працоўных здабыткаў, шчасця,
дабрабыту і запэўніла, што галіновы прафсаюз заўсёды побач.
Нямала цёплых слоў у адрас жанчын-працаўніц сказалі намеснік начальніка райсельгасхарчу Наталля Грынкевіч, галоўны ветэрынарны ўрач Ляхавіцкага раёна Павел Хевук.
А колькі было прыемных сюрпрызаў! Пад здзіўленыя і ў той жа час шчаслівыя і радасныя позіркі прадстаўніц прыгожай
паловы кіраўнікі гаспадарак раёна з кветкамі ўвайшлі ў залу, павіншавалі жанчын з надыходзячым святам і ўручылі ім ружы. А яшчэ былі шматлікія віншаванні, падарункі і сертыфікаты, конкурсы і безліч станоўчых эмоцый.
Каб на сустрэчы панавала натхнёная, радасная і цёплая атмасфера, вельмі пастараліся культработнікі, якія ладзілі святочную праграму.
А пасля канцэрта многія з тых, у адрас каго гучалі словы пашаны, адправіліся на фермы. Што зробіш –спецыфіка працы не дазваляе доўгіх перапынкаў.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Традыцыйна напярэдадні Дня жанчын Брэсцкі абкам прафсаюза работнікаў АПК, камітэт па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама, абласны аграпрамысловы саюз запрашаюць на сустрэчу-ўшанаванне лепшых прадстаўніц АПК з усіх раёнаў Брэстчыны. Сёлета месцам спаткання стала Брэсцкая абласная філармонія. Ляхавіччыну прадстаўлялі брыгадзір вытворчай брыгады ў раслінаводстве СВК «Ляхавіцкі» Святлана Радомская і апаратчык упарвання, згушчэння прадуктаў СААТ «Ляхавіцкі малочны завод» Ірына Бубенчык. Ірына Бубенчык узнагароджана Ганаровай граматай Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама.