Вясновы графік для аграрыяў

Падрыхтоўка да веснавой палявой кампаніі ў руплівых гаспадароў павінна была пачынацца яшчэ мінулай восенню, каб належным чынам спрацаваць на кожным этапе сёлета. Пра гэта нагадаў кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў, спецыялістам райсельгасхарчу старшыня раённага выканаўчага камітэта Мікалай Мароз падчас сакавіцкага пасяджэння райвыканкама, дзе разглядалася пытанне гатоўнасці сельскагаспадарчых арганізацый Ляхавіччыны да правядзення веснавых палявых работ, нарыхтоўкі кармоў і ўборкі ўраджаю.

Рэзерв для выканання задач ёсць
Планавыя заданні, якасць зробленага, праблемы, што яшчэ неабходна вырашаць, каму варта паспяшацца, у чым ёсць рэзерв? Пра гэта гаварыла ў справаздачы намеснік начальніка райсельгасхарчу Наталля Грынкевіч. Увесь комплекс арганізацыйна-тэхналагічных мерапрыемстваў сёлета накіраваны на тое, каб атрымаць прадукцыі раслінаводства ў аб’ёме не ніжэй за 107 працэнтаў да ўзроўню 2024 года. У бягучым годзе сельгаспрадпрыемствам і буйным фермерскім гаспадаркам Ляхавіччыны неабходна атрымаць 100 тысяч тон зерня,
17 тысяч тон алейнага насення рапсу, 85 тысяч тон цукровых буракоў, тры тысячы тон ільновалакна, 300 тон бульбы, 80 тысяч тон кармавых адзінак травяных кармоў. Галоўнае, што ў раёне ёсць дастатковы рэзерв для выканання пастаўленых задач. Усе прынятыя гаспадаркамі меры ў асенні перыяд дазволяць істотна знізіць нагрузку і на тэхніку, і на людскія рэсурсы падчас палявых веснавых работ. Мінулай восенню закрыты значны ўчастак работ.
У прыватнасці, гербіцыды ўнесены на плошчы ў 1,8 раза большай, чым у 2023 годзе. Разам з тым у ЗТАА «Белдан», ААТ «Нача», СУП «Ліпнянка» ёсць пэўнае адставанне па выкананні аб’ёмаў ворыва. Таксама леташняй восенню  праполаты і апрацаваны прэпаратамі азімыя збожжавыя культуры на 56 працэнтах плошчаў пасяўнога кліна, што на 13 працэнтаў больш, чым восенню 2023 года. Менш за палову азімых праполата ў ААТ «Шлях новы», «Нача», СУП «Ліпнянка».
Наталля Грынкевіч адзначыла, што праведзеныя райінспекцыяй па насенняводстве, каранціне і ахове раслін маніторынгі паказалі, што стан азімых здавальняючы, масавай гібелі не назіраецца. Кантроль за пасевамі будзе прадоўжаны. На больш значныя лічбы ў атрыманні прадукцыі раслінаводства паўплывае і той факт, што ў структуры пасяўных плошчаў павялічана ўдзельная вага высокаўраджай-
ных культур. Напрыклад, азімага ячменю пасеяна на
23 працэнты больш, чым у 2023 годзе.
Старшыня райвыканкама Мікалай Мароз яшчэ раз падкрэсліў, што жывёлагадоўля знаходзіцца ў цеснай узаемасувязі з раслінаводствам, якасць і колькасць малака,як і прывагі ў вырошчванні БРЖ, у многім залежаць ад пасяўных плошчаў, належнага іх догляду, кармавой базы,
якасці агратэхнічных мерапрыемстваў, ад зладжанай работы спецыялістаў.
Як працуем на ўраджай
Намеснік начальніка райсельгасхарчу падкрэсліла, што ў аснове падрыхтоўкі да сёлетніх палявых работ пяць складнікаў: удабрэнні, глеба, насенне, тэхніка, дысцыпліна на ўсіх этапах.
Па даных райсельгасхарчу, для правядзення першых падкормак азімых культур усе гаспадаркі Ляхавіччыны забяспечаны азотнымі ўдабрэннямі пад поўную патрэбнасць. А вось для другой падкормкі азотныя ўдабрэнні ў патрэбнай наяўнасці ёсць пакуль толькі ў ЗАТ «Белпрампрыбор», «Фораланд», СВК «Ляхавіцкі». Дарэчы, «Белпрампрыбор» і «Ляхавіцкі» маюць самы высокі ўзровень назапашвання мінеральных удабрэнняў.
Што тычыцца насення, то, па інфармацыі райсельгасхарчу, для правядзення веснавой сяўбы сельгаспрадпрыемствы забяспечаны насеннем зерневых, зернебабовых, ільну, бульбы ў поўным аб’ёме.

На паверцы – тэхніка
Галоўны дзяржаўны інспектар упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Дзяніс Глобаж расказаў, што з 11 па 28 лютага ў гаспадарках раёна праведзены дзяржаўны тэхнічны агляд трактароў, самаходных машын і прычэпаў да іх. Усяго на раённыя «агледзіны» было выстаўлена 222 калёсныя трактары, 55 пагрузчыкаў, 8 самаходных апырсквальнікаў,
75 трактарных прычэпаў. Падводзячы вынікі агляду, Дзяніс Глобаж адзначыў, што ва ўсіх гаспадарках, акрамя СВК «Ляхавіцкі», ёсць пэўныя недапрацоўкі з падрыхтоўкай тэхнікі. Найбольш іх у
СУП «Ліпнянка» (гатоўнасць складае толькі 39 працэнтаў) і ААТ «Шлях новы» (гатоўнасць 57,2 працэнта). Па раёне працэнт праходжання дзяржтэхагляду ў сельгаспрадпрыемствах складае 80 працэнтаў, сярэднеабласны паказчык – 87 працэнтаў. Асноўныя прычыны непра-
ходжання – няспраўнасці тармазной сістэмы (53 працэнты) і электраабсталявання (26 працэнтаў). З улікам паўторнага правядзення тэхагляду ўсе энерганасычаныя трактары гатовы да выхаду ў поле, і гэта паказчык, які перавышае сярэднеабласны.
Першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Васілій Пыжык назваў актуальным і пытанне захаванасці тэхнікі. Асаблівая ўвага павінна быць звернута на выпуск тэхнікі на лінію, кантроль за тэхнікай, якая пастаўлена на захоўванне, навядзенне парадку ў боксах для захоўвання, складах, абменных пунктах. Плюс – кантроль за нормамі расходу паліва. Таксама начальнік райсельгасхарчу нагадаў, што прадаўжаюць работу і мабільныя групы, якія будуць адсочваць акрэсленыя тэмы.
Кожны з кіраўнікоў сельгасарганізацый запэўніў, што ў падначаленых ім гаспадарках усё гатова да выхаду ў поле: тэхніка, насенне,удабрэнне, паліва і іншае. Васілій Пыжык расказаў, што пасяўныя работы з пэўнай розніцай у некалькі дзён плануецца ў Ляхавіцкім раёне пачаць з другой паловы сакавіка.
Старшыня райвыканкама Мікалай Мароз акцэнтаваў увагу на важным пытанні – захаванасці таварна-матэрыяльных каштоўнасцей. У кожным сельгаспрадпрыемстве неабходна ўзмацніць
работу ў гэтым напрамку. Што тычыцца спецыялістаў сельгаспрадпрыемстваў, то кожны з іх абавязаны не толькі кантраляваць і каардынаваць работу падначаленых, але самім быць дысцыплінаванымі і адказнымі. І гэта не абмяркоўваецца.
Галіна КАНЬКО.