Дэпутацкі дзённік: першы год дэпутата Палаты прадстаўнікоў Георгія Хлябовіча ў якасці парламентарыя

Амаль год прайшоў з таго часу, як пачалі дзейнічаць паўнамоцтвы дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь восьмага склікання. І сёння ўжо зрабіць высновы, ці правільны выбар у адзіны дзень галасавання зрабілі ў кожнай выбарчай акрузе, даверыўшы свае галасы таму ці іншаму кандыдату ў дэпутаты Парламента. Якія пытанні найбольш хвалююць выбаршчыкаў, каму ўдалося дапамагчы, планы на бліжэйшы час, як праходзіць заканатворчая дзейнасць. Гэтыя і іншыя аспекты агучвае дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Баранавіцкай сельскай выбарчай акрузе № 7 Георгій ХЛЯБОВІЧ.

Заканатворчая дзейнасць
– Уваходжу ў склад парламенцкай пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях. Дэпутаты ініцыююць прапановы ў сферы працоўных адносін і сацыяльнай абароны. Адна з асноўных задач работы камісіі – стварэнне дастойных умоў працы, пытанні заработнай платы, занятасці насельніцтва. Калі працуеш над законапраектам, важна ведаць і бачыць, як на практыцы вырашаюцца праблемы. А для гэтага неабходна чуць водгукі людзей, якія ўздымаюць такія праблемы. Напрыклад, на адным з прыёмаў, які праводзіў у Ляхавіцкім райвыканкаме, да мяне звярнуліся прадстаўнікі раённай арганізацыі
ГА «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане». Іх цікавіла пытанне прадастаўлення дадатковых ільгот ветэранам вайны ў Афганістане. Незадоўга да гэтага дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі ў другім чытанні законапраект «Аб змяненні законаў па пытаннях ветэранаў». Як член пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях прымаў непасрэдны ўдзел у распрацоўцы гэтага законапраекта. Ён пашырае льготы для ветэранаў баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў. У прыватнасці, прапануецца знізіць пенсійны ўзрост для асоб, якія атрымалі статус інваліда ў мірны час. Прадугледжваюцца дадатковыя меры падтрымкі ў сферы аховы здароўя: бясплатнае забеспячэнне лекавымі сродкамі і сродкамі рэабілітацыі, санаторна-курортнае лячэнне, а таксама іншыя меры, – адзначае Георгій Хлябовіч.
Сярод іншых разгледжаных і прынятых парламентарыямі законаў – «Аб дарожным руху», «Аб змяненні кодэксаў па пытаннях крымінальнай адказнасці», «Аб спажывецкім крэдыце і спажывецкай мікрапазыцы», «Аб бюджэце дзяржаўнага пазабюджэтнага фонда сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь», праект новай рэдакцыі Закона «Аб ветэранах», «Аб змяненні законаў па пытаннях дзяржаўных дапамог сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей».
Разгляд праектаў законаў, удзел у пасяджэнні пастаянных камісій
Парламента, пасяджэнні круглага стала,
прымеркаваныя да знакавых для Беларусі дат і падзей, міжведамасныя сустрэчы, удзел у пасяджэннях Брэсцкага аблвыканкама і абласнога Савета дэпутатаў, Ляхавіцкага, Баранавіцкага і Ганцавіцкага райвыканкамаў і райсаветаў дэпутатаў – таксама ў сферы дзейнасці парламентарыя.
– Знамянальным стаў удзел ва Усебеларускім народным сходзе, які ў мінулым годзе праходзіў пад дэвізам «Час выбраў нас!». Як і іншыя дэпутаты Парламента, актыўна ўдзельнічаю ў разнастайных семінарах, сустрэчах як рэспубліканскага, так і міжнароднага ўзроўняў. Адзін з такіх – семінар-нарада «Інвестыцыйны і экспартны патэнцыял беларускай эканомікі» ў Кітайска-беларускім індустрыяльным парку «Вялікі камень». Заўжды асаблівыя ўражанні і эмоцыі адчуваеш на парламенцкіх чытаннях, якія праводзяцца на розную тэматыку.
Вельмі ўзрушылі чытанні на тэму «Ад Брэсцкай крэпасці да Берліна: вытокі мужнасці і гераізму савецкага чалавека», якія праходзілі ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, – падкрэслівае дэпутат Парламента.
Георгій Хлябовіч узгадвае, наколькі эфектыўна прайшоў і атрымаў нямала станоўчых водгукаў ад яго калег выязны семінар Палаты прадстаўнікоў, які адбыўся ў верасні мінулага года і быў прысвечаны вывучэнню пытанняў рэалізацыі дзяржаўных ініцыятыў, арганізацыі дзейнасці службы «Адно акно» на прыкладзе Ляхавіцкага і Баранавіцкага раёнаў, горада Баранавічы.

Справа дзяржаўнай важнасці
Плённым і актыўным стаў удзел парламентарыяў на ўсіх этапах кампаніі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
– На марафоне сустрэч з працоўнымі калектывамі, на сельскіх сходах па вырашэнні пытанняў мясцовага значэння было відавочна, што і жыхары Ляхавіччыны падтрымліваюць палітыку Кіраўніка нашай дзяржавы і давяраюць Прэзідэнту Беларусі. Выступаючы перад выбаршчыкамі, адчуваў зацікаўленасць людзей, іх жаданне ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах. Гараджане і вяскоўцы, моладзь і пажылыя, прадстаўнікі розных сфер і галін актыўна выказвалі сваю грамадзянскую пазіцыю і разам зрабілі свой выбар на карысць моцнай і квітнеючай Беларусі. І гэта было адзінае патрыя-
тычнае памкненне, а выбары сталі па-сапраўднаму народнымі, – упэўнены Георгій Хлябовіч.

Сустрэчы з выбаршчыкамі, прыёмы і прамыя тэлефонныя лініі
Адным з галоўных складнікаў дзейнасці дэпутацкага корпуса Палаты
прадстаўнікоў з’яўляецца работа ў выбарчых акругах. Важна, што дэпутаты трымаюць пастаянную сувязь са сваімі выбаршчыкамі. Кожны месяц адзін рабочы тыдзень дэпутаты Парламента прысвячаюць менавіта рабоце ў акрузе. Калі гаварыць пра гэты напрамак дзейнасці, то тут праводзіцца сістэмная і ўважлівая работа па разглядзе зваротаў грамадзян. Фармалізму і валакіты тут быць не можа.


– Трэба адчуваць, чым жывуць людзі, што іх клапоціць і, самае галоўнае, аказваць дапамогу. Важна працаваць на апераджэнне, ахопліваць усе катэгорыі насельніцтва. Акрамя дыялогавых пляцовак, сустрэч з працоўнымі калектывамі, выступленняў у СМІ, пашыраю сваю прысутнасць у сацыяльных сетках, вяду тэлеграм-канал. На сустрэчах у працоўных калектывах, а іх прайшло нямала (больш за 80), акцэнт робіцца на развіцці менавіта той сферы ці галіны, у якой задзейнічаны прадпрыемства ці арганізацыя. Так, падчас размовы з работнікамі раённага спажывецкага таварыства ўздымалася якасць гандлёвага абслугоўвання насельніцтва, роля прадпрыемстваў райпо ў арганізацыі гандлю ў сельскай мясцовасці. Падкрэслена, што дзяржава надае развіццю кааперацыі надзвычай важнае значэнне. Указ Прэзідэнта Беларусі ад 5.08.2024 «Аб падтрымцы арганізацый спажывецкай кааперацыі» – таму пацвярджэнне, – гаворыць Георгій Хлябовіч.
Таксама дэпутат Парламента акцэнтуе ўвагу на неабходнасці супрацоўніцтва з дзяржаўнымі органамі, якія займаюцца вырашэннем азначаных пытанняў. У якасці прыкладу прыводзіць наступны факт. На адным з прыёмаў жыхарка вёскі Пашкоўцы ўзняла пытанне аб уладкаванні аўтобуснага прыпыначнага пункта ў Пашкоўцах.
– Разам са старшынёй Ляхавіцкага райсавета дэпутатаў Юрыем Чаранкевічам, сумесна з Баранавіцкім аўтобусным паркам паспрыялі вырашэнню сітуацыі на карысць вяскоўцаў. Выконваючы даручэнне Кіраўніка дзяржавы, дадзенае на леташнім Рэспубліканскім педсавеце, падчас работы ў акрузе пільную ўвагу надаў вывучэнню якасці падрыхтоўкі ўстаноў адукацыі Ляхавіччыны да новага навучальнага года. Яшчэ адзін акцэнт дэпутацкай увагі – арганізацыя падвозу дзяцей ва ўстановы адукацыі, харчаванне школьнікаў, – расказвае дэпутат Парламента.

Абавязковае месца ў дэпутацкім рабочым графіку – маніторынг цэн. Сярод адрасоў, дзе Георгій Хлябовіч пабываў з гэтай мэтай, – магазіны райпо.
– Прэзідэнт Беларусі паставіў задачу, каб у магазінах сельскай мясцовасці быў дастаткова шырокі выбар разнастайных тавараў, як прадуктаў, так і прамысловай групы. У тых магазінах Ляхавіцкага райпо, дзе давялося пабываць, усё ў парадку з асартыментам,
якасцю тавараў, няма праблем і ў плане цэн. Не было і скаргаў з боку мясцовых жыхароў на работу магазінаў і абслугоўванне, – падводзіць вынікі маніторынгу дэпутат Парламента.

Разам у святы і на спартыўных спаборніцтвах
Сустрэчы з выбаршчыкамі – гэта не толькі дыялог пра вытворчыя паказчыкі, вырашэнне пэўных праблемных момантаў, разбор сітуацый. Навідавоку прысутнасць дэпутата на святочных мерапрыемствах, што ладзіліся на Ляхавіччыне:
– Не мог прапусціць і сустрэчу са сваімі калегамі – медработнікамі. Тым больш, што па-ранейшаму практыкую як урач у Ляхавіцкай райбальніцы. Напярэдадні прафесійнага свята – Дня медыцынскіх работнікаў – скарыстаўся магчымасцю і павіншаваў ва ўрачыстай абстаноўцы сваіх калег з надыходзячым святам. Як толькі з’яўляецца магчымасць і дазваляе час, з задавальненнем удзельнічаю ў спартыўных мерапрыемствах. Адно з такіх – аматарскі турнір па валейболе, што праводзіўся ў межах Тыдня бацькоўскай любві. Хваляванне, радасць, натхненне адчуваю падчас удзелу ў мерапрыемствах у межах навагодніх і калядных рэспубліканскіх акцый «Ад усёй душы» і «Нашы дзеці», дабрачыннай кампаніі «Ёлка жаданняў», раённай дабрачыннай акцыі «Кожны верыць у цуд», калі наведваю мнагадзетныя сем’і, дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, бальніцу сястрынскага догляду, – узгадвае Георгій Хлябовіч.

Маладзёжны вектар дэпутацкай дзейнасці
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка пастаянна
акцэнтуе ўвагу на важных аспектах маладзёжнай палітыкі, бо сённяшнія юнакі і дзяўчаты – гэта будучыня краіны.
– Каб моладзь мела вопыт заканатворчай дзейнасці, ёй неабходна перадаваць веды і вопыт, якія можна атрымаць, удзельнічаючы ў прыёмах, што праводзяць з насельніцтвам дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў, парламентарыі. Да таго ж ініцыятыўныя юнакі і дзяўчаты падчас такіх зносін назапашваюць багаж ведаў пра беларускую дзяржаўнасць, пра тое, як моладзь можа рэалізоўваць свае ідэі. Падкрэслю, важна заахвочваць карысныя ініцыятывы маладых. Прадстаўнікі ўлады – і заканадаўчай і выканаўчай – гатовы падтрымаць слушныя ідэі і праекты. Як і іншыя парламентарыі, удзельнічаю ў інфармацыйна-асветніцкім праекце Палаты прадстаўнікоў «Моладзь для Беларусі». Лічу важным ісці на кантакт з прадстаўнікамі Маладзёжнага парламента, разам з пакаленнем маладых удзельнічаць у розных добрых справах, накіраваных на тое, каб наша Беларусь квітнела і развівалася. На Ляхавіччыне пабудавана зладжаная сістэма ўзаемадзеяння органаў улады, грамадскіх арганізацый з моладдзю. Гэта і работа «Школы маладога дэпутата», і запрашэнне прадстаўнікоў Маладзёжнага парламента пры райсавеце дэпутатаў на сесіі райсавета, прыёмы, што праводзяць дэпутаты Парламента.
Такі вопыт каштоўны. Юнакі і дзяўчаты, у прыватнасці, дэпутаты Маладзёжнага парламента – гэта не толькі будучыня Беларусі, але і наша сёння, яны ініцыятыўныя, неабыякавыя, творчыя, – гаворыць Георгій Хлябовіч.
Дэпутат Парламента сцвярджае, што і ў далейшым яго дэпутацкая дзейнасць будзе накіравана на разнапланавую работу па паляпшэнні жыцця выбаршчыкаў, дапамогу ў вырашэнні ўздымаемых пытанняў.
Галіна КАНЬКО.

Фото: https://t.me/GHlebovich/1640


Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.