Вясна прыходзіць з поўдня. У сельскагаспадарчых арганізацыях Ляхавіцкага раёна пачалася яравая сяўба
Напярэдадні 8 сакавіка ў сельскагаспадарчых арганізацыях Ляхавіцкага раёна пачалася яравая сяўба.

І, як гэта адбываецца ў нашых мясцінах з года ў год, яравую кампанію адкрываюць гаспадаркі, размешчаныя «за асфальтам», у больш паўднёвай частцы раёна. Так, па стане на раніцу 12 сакавіка, раннімі яравымі культурамі часткова адсеяліся СУП «Ліпнянка» і ЗАТ «Белпрампрыбор». Сельскагаспадарчае ўнітарнае прадпрыемства на плошчы ў два з паловай дзясяткі гектараў, а акцыянернае таварыства выйшла ўжо на прыгожую лічбу 100.
Па словах механізатара-сейбіта «Белпрампрыбора»
Віктара Зубіка, пачатку работам у полі папярэднічаюць клопаты па абслугоўванні комплексу машын.
– Тэхніка складаная, патрабуе штодзённай увагі і догляду. І глебаапрацоўчы пасяўны агрэгат, і магутны «Беларус». З агляду машын, змазкі пэўных механізмаў і іншых прадугледжаных штодзённым рэгламентам работ пачынаецца кожная раніца на сяўбе. А прыкладна ў 9 гадзін я ўжо на пасяўным палетку. У гараж звычайна вяртаюся каля 19 гадзін. За праведзены ў полі час звычайна атрымліваецца выйсці на 25–30 гектараў «выпрацоўкі», у залежнасці ад контурнасці канкрэтнага поля, – тлумачыць свой яравы расклад механізатар. На размешчаны за вёскай Стральцы пасяўны палетак ЗАТ «Белпрампрыбор» карэспандэнты раёнкі прыехалі а дзясятай гадзіне раніцы. Яшчэ з дарогі заўважылі МТЗ-1221, які статычна
трымаўся на пасяўным ускрайку. Гэта быў прыстасаваны пад задачу агрэгат – загрузчык насеннай масы. Іменна так: частку колішняга збожжаўборачнага камбайна спецыялісты «Белпрампрыбора» некалькі перайначылі і «прымусілі» працаваць у якасці падвозчыка і загрузчыка ў бункер асноўнага агрэгата насення зернебабовай сумесі.
У той дзень гаспадарка працягвала з зернебабовымі. «Другім нумарам» пасяўнога тандэма выступаў вопытны механізатар Мікалай Вярбіла.
– Каб поўнасцю задаволіць «апетыт» пасяўной машыны, узнікае неабходнасць ажыццяўляць да трох рэйсаў у дзень па маршруце
«насенны склад – яравое поле». Прастоі і ўпушчэнні на сяўбе недапушчальны. І недаравальны, – упэўнена сцвярджае Мікалай Вярбіла.
А пачынаў «Белпрампрыбор» з сяўбы аўса. У рабоце
з гэтым злакам гаспадарка была аператыўнай, справілася за пару-тройку дзённых пасяўных крокаў і, не марудзячы, перайшла на іншыя яравыя палеткі і сельгаскультуры.
Нягледзячы на сёлетні недахоп у глебе вільгаці, на «стральцоўскім» палетку гэта не кідаецца ў вочы. Гразі, канешне ж, няма, але і пылавых клубоў за сеялкай пакуль ніяк не назіраецца. Аднак ключавым словам тут з’яўляецца пакуль. Пара-тройка ветраных дзён – і ўсё можа памяняцца з адваротнай дакладнасцю. Важна паспець.
Паспець за вясной імкнуцца і многія іншыя сельскагас-
падарчыя прадпрыемствы нашага раёна. Рыхтуюць глебу сваіх яравых палеткаў пад сяўбу ранніх збожжавых і зернебабовых культур. У тым ліку, калі не ў прыярытэтным парадку, праз так называемую аперацыю па закрыцці вільгаці.
А яшчэ сельгассітуацыя на Ляхавіччыне характарызуецца прысутнасцю ў палях тэхнікі па ўнясенні мінеральных удабрэнняў у азімыя палеткі. Напрыклад, на шляху ад райцэнтра да пасяўнога палетка ЗАТ «Белпрампрыбор» у дзеянні былі заўважаны «Раса», так званая лейка, прычэп-раскідвальнік цвёрдых мінеральных тукаў. Вясна, якая прыходзіць з поўдня, імкліва распаўсюджваецца, ахоплівае і больш паўночныя сельгасугоддзі раёна.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.