Жаночая сіла – пяшчотная

Здаецца, у мінулы панядзелак Брэст істотна папрыгажэў. У сталіцу вобласці з усіх рэгіёнаў Брэстчыны прыехалі актывісткі абласной арганізацыі Беларускага саюза жанчын. Праграма сакавіцкага дня, прымеркаванага да Дня жанчын, была святочнай, багатай на цікавыя падзеі, незабыўныя сустрэчы, прыемныя ўражанні.

У аблвыканкаме прадстаўніцы БСЖ сустрэліся з губернатарам Брэстчыны Пятром Пархомчыкам. У сустрэчы прыняла ўдзел старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» Вольга Бурак.

– Атрымаўся надзвычай плённы і зацікаўлены дыялог. Абмяркоўваліся надзённыя пытанні, якія тычацца кожнай беларускай жанчыны. Гэта і падтрымка сем’яў, развіццё сацыяльных ініцыятыў, вырашэнне дэмаграфічнай сітуацыі. Адна з важных тэм – умацаванне сямейных каштоўнасцей. Узгадваліся разнастайныя акцыі, ініцыятывы, сярод якіх «Маміны пірагі», «Працаўніцы вёскі», «Дзявочы вянок», «Жанчына года», якія праходзяць пад эгідай БСЖ. Было цікава паслухаць меркаванне старшыні аблвыканкама па гэтых і іншых пытаннях. І,
канешне ж, было вельмі прыемна атрымаць кветкі ад кіраўніка Брэстчыны, – дзеліцца ўражаннямі Вольга Бурак.
І, як належыць на святочным мерапрыемстве, гучалі віншаванні, падзякі за працу і актыўную жыццёвую пазіцыю, словы пашаны і прызнання, уручаліся ўзнагароды і кветкі.
А ў Акадэмічным тэатры драмы ўшаноўвалі ўдзельніц абласнога этапу рэспубліканскага традыцыйнага конкурсу «Жанчына года – 2024», ініцыяванага Беларускім саюзам жанчын. Удзел у мерапрыемстве ўзялі намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Вадзім Краўчук і старшыня ГА «Беларускі саюз жанчын» Вольга Шпілеўская.
На традыцыйным штогадовым конкурсе адзначаюць жанчын, якія дасягнулі значных поспехаў у грамадскай дзейнасці, прафесіі, сямейным жыцці, мацярынстве. Сёлета названы пераможцы і лаўрэаты ў сямі намінацыях: «Паспяховы кіраўнік», «Актыўная грамадзянская пазіцыя», «Сэрца аддаю людзям», «Мацярынская слава»,
«Гаспадыня вёскі», «Духоўнасць і культура», «Не старэюць душой
ветэраны».
Дарэчы, неаднойчы ляхавічанкі станавіліся пераможцамі і прызёрамі конкурсу «Жанчына года» ў розных намінацыях.
А некаторыя сёлета паўтарылі свой колішні поспех. Знаёмцеся і він-
шуйце! Абаяльная і прадпрымальная – заснавальнік ПГУП «АРТ-Наталі» Наталля Лойка – уладальніца дыплома ІІІ ступені ў намінацыі «Паспяховы кіраўнік». Жанчына з невычэрпнай энергіяй, здаецца, натхненне заўсёды крочыць з ёй побач – бібліятэкар Падлескай сельскай бібліятэкі Ларыса Глеб, якая адзначана дыпломам ІІІ ступені ў намінацыі «Сэрца аддаю людзям».
Цырымонія ўзнагароджвання прайшла ў цёплай і шчырай атмасферы. Было нямала і іншых прыемных і цікавых момантаў, сярод якіх і сустрэча лідара БСЖ Вольгі Шпілеўскай з маладзёжным крылом аб’яднання. Удзел у сустрэчы ўзяла і прадстаўнік маладзёжнага крыла
Ляхавіцкай раённай арганізацыі БСЖ Кацярына Палош – настаўніца Навасёлкаўскай СШ.

Наталля ЛОЙКА, заснавальнік ПГУП «АРТ-Наталі»:
– Калі параўноўваць мой першы ўдзел у конкурсе – а гэта быў 2019 год – то тады надзвычай моцна хвалявалася. Сёлета адчувала сябе больш упэўнена. Шчыры дзякуй арганізатарам конкурсу за тое, што стварылі такую ўтульную, па-дамашняму шчырую атмасферу. Было так многа ўвагі, кампліментаў, цёплых слоў. Перамагаць, канешне, вельмі прыемна. Удзячна старшыні Ляхавіцкага райвыканкама Мікалаю Марозу за тое, што раённая ўлада ідзе на адкрыты дыялог з прыватным бізнесам, умее пачуць нашы праблемы. А гэта важна для развіцця прыватнай справы. Старшыня раённай арганізацыі БСЖ Вольга Бурак умее аб’яднаць зямлячак агульнымі справамі. Ганаруся тым, што з’яўляюся адной з тысяч беларусак – членаў БСЖ. Жадаю жанчынам-прадпрымальнікам большай актыўнасці як у бізнесе, так і ў грамадскіх справах. Разам мы здольныя на многае!


Ларыса ГЛЕБ, бібліятэкар Падлескай сельскай бібліятэкі:
– Калі атрымала прапанову зноў паўдзельнічаць у конкурсе «Жанчына года», адразу згадзілася. Такія мерапрыемствы дазваляюць паказаць не толькі сябе, сваю работу, але і пазнаёміцца з такімі ж неабыякавымі, шчаслівымі, прыгожымі жанчынамі з розных раёнаў нашай вобласці. А яшчэ расказаць пра сваю любімую Ляхавіччыну і цудоўных землякоў. Удзячна арганізатарам, якія зрабілі ўсё магчымае, каб мерапрыемства спадабалася і запомнілася. Гучала рамантычная музыка, працавалі незвычайныя фотазоны, была нават чырвоная дарожка – атмасфера цудоўная і ўзрушаная. І гэта сур’ёзна заахвочвае зноў удзельнічаць у конкурсе «Жанчына года».

       Галіна КАНЬКО.