Патрыёты-знатакі. Навучэнцы Ляхавіцкага аграрнага каледжа сталі ўдзельнікамі квіза «Знатакі Канстытуцыі»

Навучэнцы аграрнага каледжа сталі ўдзельнікамі квіза «Знатакі Канстытуцыі». У гістарычны экскурс па старонках Асноўнага Закона краіны каляджан запрасілі работнікі раённай бібліятэчнай сістэмы.

– Рэспубліка Беларусь чарговы раз даказала ўсяму свету, што ідзе сваім шляхам развіцця, абапіраючыся на мірную і стваральную палітыку зносін з краінамі. Мы свята беражом сваю культуру, каштоўнасці, традыцыі. І задача пакалення маладых – зберагчы гэта і перадаць наступным пакаленням. Наша Канстытуцыя вышэйшай каштоўнасцю грамадства і дзяржавы вызначае чалавека, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі. Наша Канстытуцыя – гэта беларускі гонар, паколькі кожны яе артыкул накіраваны на стварэнне ўмоў годнага жыцця, стваральнай працы, гарманічнага развіцця асобы ў грамадстве, удзелу ў палітычным жыцці, – адзначыла бібліятэкар Падлескай бібліятэкі Ларыса Глеб.
Перад інтэлектуальным квізам каляджанам давялося паразважаць увогуле над сутнасцю Канстытуцыі для любой краіны, чаму неабходны дакумент, які вызначае парадак і прынцыпы дзяржаўнага ўладкавання. Паглыбіліся ў гісторыю і даведаліся, калі была прынята першая Канстытуцыя ў Еўропе. Увогуле прасачылі шлях да сучаснасці – дайшлі да вызначальнай даты ў гісторыі суверэннай Беларусі – 15 сакавіка 1994 года, калі Вярхоўным Саветам Рэспублікі Беларусь была прынята Канстытуцыя нашай краіны.


Сучасная моладзь – палітычна актыўная частка краіны, гэты факт пацверджаны ўдзелам моладзі ў апошніх электаральных кампаніях. Таму пытанні з разраду структуры Канстытуцыі, зместу яе прэамбулы, спосабаў унясення змяненняў у Асноўны Закон краіны і г. д. не выклікалі складанасцяў. Веды замацавалі, калі складвалі тэматычны пазл і разгадвалі патрыятычную крыжаванку.
А завяршылася сустрэча заданнем на патрыятызм – юнакам і дзяўчатам прапанавалі працягнуць фразу «Быць грамадзянінам сваёй краіны – значыць…». Каляджане, канешне, звярнуліся да артыкулаў Канстытуцыі. Але на першае месца паставілі любоў і павагу да Радзімы, гонар за яе дасягненні. Любіць краіну – значыць ведаць свае правы і выконваць абавязкі грамадзяніна, ведаць Канстытуцыю.