Падарункі да дня нараджэння Канстытуцыі. 15 сакавіка наша краіна адзначыла 31-ы дзень нараджэння свайго Асноўнага Закона

Мы – грамадзяне Беларусі! Гэтыя словы гэтымі днямі з гонарам гучалі ва ўсіх рэгіёнах краіны ад юных землякоў. Па ініцыятыве Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі ў Дзень Канстытуцыі з 2004 года праходзіць Усебеларуская акцыя «Мы – грамадзяне Беларусі!». Паўсюдна 14-гадовым беларусам – лепшым прадстаўнікам моладзі – ва ўрачыстай абстаноўцы ўручаюцца пашпарты грамадзян Рэспублікі Беларусь. Атрыманне пашпарта – гэта своеасаблівая пуцёўка ў дарослае жыццё адказнага грамадзяніна сваёй краіны, быць якім – вялікі гонар.

У мінулую пятніцу ў ГДК было ўрачыста. Асабліва хваляваліся галоўныя ўдзельнікі – 14-гадовыя землякі.


Побач – кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі органаў улады, грамадскіх арганізацый, педагогі. Старшыня райвыканкама Мікалай Мароз на цырымоніі ўручэння пашпартоў навучэнцам школ адзначыў, што новаму пакаленню грамадзян належыць рэалізоўваць напрамкі дзейнасці краіны, адлюстраваныя ў Асноўным Законе. Неаднойчы падчас урачыстасці гучала: моладзь – будучыня Ляхавіччыны, вобласці, краіны. У сённяшніх юнакоў і дзяўчат вялікія магчымасці для карыснай дзейнасці, каб рэалізаваць сябе ў розных сферах. І яны стараюцца апраўдаць ускладзеныя на іх надзеі.
Кіраўнік раёна ў межах рэспубліканскай акцыі «Мы – грамадзяне Беларусі!» уручыў пашпарты 10 юным землякам.
Членскія білеты 21 навучэнцу ўручыла першы сакратар райкама ГА «БРСМ» Анастасія Дземідовіч, а партыйныя білеты Беларускай партыі «Белая Русь» чатыром зямлячкам – намеснік старшыні райвыканкама, старшыня Ляхавіцкага раённага аддзялення Беларускай партыі «Белая Русь» Алег Траццяк.


А колькі тэматычных пляцовак разгарнулася ў фае ГДК! Акцыя «За любімую Белаусь!» нікога не пакінула абыякавым. Нямала жадаючых было зрабіць сэлфі ці фотаздымак на фотазоне. Чаму б не праверыць веды падчас віктарыны «Ці ведаеш ты Канстытуцыю нашай краіны?». Нямала было і тых, каго зацікавілі майстар-клас па вырабе бранзалетаў, стылізаваных пад дзяржаўную сімволіку, конкурс па зборцы спілс-карты Беларусі і Брэсцкай вобласці, зона аквагрыму «Сімвалы маёй краіны».
Абнаўленне Галерэі славы Ляхавіцкага раёна таксама адно з мерапрыемстваў, прымеркаваных да Дня Канстытуцыі. Шэраг
падзей – спартыўных, культурных, адукацыйных, – прымеркаваных
да дня нараджэння Асноўнага Закона, адбыўся ў працоўных калектывах, сярод грамадзян пажылога ўзросту, для розных сацыяльных груп. Напрыклад, у аддзяленні комплекснай падтрымкі ў крызіснай сітуацыі і дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН адбылася інфармацыйная гадзіна «Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь – наш Асноўны Закон». У школах прайшлі адзіныя ўрокі, прысвечаныя Дню Канстытуцыі. Традыцыйна напярэдадні 15 сакавіка дзень адчыненых дзвярэй праводзіцца ў аддзеле загса райвыканкама. Сёлета на сустрэчу запрасілі першакурснікаў аграрнага каледжа. Начальнік аддзела загса Вольга Новік расказала пра выхаванне прававой культуры асобы, грамадзянскасці і патрыя-
тызму. Інспектар АГіМ РАУС Таццяна Цуба адказвала на пытанні навучэнцаў аб выдачы дакументаў, што сведчаць асобу.
Таксама каляджане пазнаёміліся з тэматычнай выставай, падрыхтаванай супрацоўнікамі Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Я. Купалы.
І дашкаляты нямала ведаюць пра Асноўны Закон краіны. А дапамагаюць ім у гэтым дарослыя. Так, намеснік кіраўніка Ляхавіцкага лясгаса Наталля Адаменка на зразумелых для малышоў мове і прыкладах расказала выхаванцам дзіцячага садка № 2 – удзельнікам дашкольнага лясніцтва «Лесавічок» – пра тое, што ў Канстытуцыі запісаны абавязкі кожнага чалавека, у тым ліку – ахоўваць прыродныя рэсурсы і беражліва да іх адносіцца.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.